Прыём грамадзян: узровень бяспекі залежыць не толькі ад міліцыі

060118f

У Стаўбцоўскім раёне правёў выязны прыём грамадзян намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Мікалай Мельчанка.

Як вядома, кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі праводзіць прыёмы грамадзян раз на тыдзень згодна з папярэднім запісам і практыкуе штомесячныя выязныя прыёмы ў раёны. «Даведваемся пра праблемы людзей пры асабістым кантакце. Па магчымасці і ў рамках прававога поля стараемся дапамагчы, – падкрэслівае Мікалай Мельчанка і тлумачыць прычыну выезду менавіта ў наш раён: – Я запланаваў выезд у Стоўбцы. Раней чатыры гады працаваў на адной з кіраўніцкіх пасад у Мінскай вобласці, гэта родны рэгіён. Праблемных пытанняў тут больш, чым у іншых абласцях рэспублікі, – прызнаўся намеснік міністра, – таму што ўсе дарогі ў рэспубліцы вядуць у Мінск і праз Мінскую вобласць».

– Мікалай Аляксандравіч, як прайшоў прыём у Стоўбцах?

– Сёння звярнулася грамадзянка з пытаннем, як выпісаць былога зяця. Ён апошнія дзесяць гадоў знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Адбывае пакаранне за цяжкае злачынства – замах на забойства. З 2001 года існуе парадак, што домаўладальнік вырашае падобныя пытанні праз суд. Павінна быць адпаведнае судовае рашэнне, на падставе якога органы МУС выканаюць адміністрацыйную працэдуру па выпісцы грамадзяніна.

Мае калегі з іншых ведамстваў таксама ажыццяўляюць выязныя прыёмы ў раёнах, і гэта адна з прычын, што людзей звяртаецца нямнога. Звычныя для нас «жалобщики» больш пішуць па пошце, чым прыходзяць на асабістыя прыёмы. У кожным выпадку трэба разбірацца, абгрунтаваная скарга ці не. Стараемся выязджаць на месца. Падчас прыёмаў нярэдка сутыкаемся з праблемамі, якія да кампетэнцыі органаў унутраных спраў не адносяцца. Безумоўна, прымаем і гэтыя звароты грамадзян і, у адпаведнасці з законам, накіроўваем іх для разгляду ў кампетэнтныя органы.

– Выязны прыём дае магчымасць не толькі даведацца пра праблемы людзей, а і бліжэй пазнаёміцца з работай таго ці іншага тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў, станам аператыўнай абстаноўкі ў раёне.

– У Стаўбцоўскім раёне ёсць праблемныя пытанні, якія трэба вырашаць. Гэта рэцыдыўная злачыннасць, учыненне цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. На ўзровень злачыннасці ўплывае блізкасць аўтамагістралі М1, значная колькасць садовых таварыстваў. Высокая шчыльнасць насельніцтва стварае і пэўную крымінагенную абстаноўку. Будзем абмяркоўваць гэтыя пытанні з нашымі супрацоўнікамі ў бліжэйшы час пры падвядзенні вынікаў аператыўна-службовай дзейнасці за 2017 год.

– На слыху ва ўсіх інфарматызацыя і развіццё ў краіне інфармацыйных тэхналогій. Як укараняюцца яны ў органах унутраных спраў і ўплываюць на эфектыўнасць работы?

– У дзейнасці міліцыі шырока прымяняюцца высокія тэхналогіі. У электронным выглядзе ідзе рэгістрацыя заяў грамадзян і, згодна з патрабаваннем Савета Міністраў, ажыццяўляецца пераход на электронны дакументаабарот, у тым ліку ў рабоце са зваротамі грамадзян. Цяпер сістэматызуюцца пэўныя базы даных. У рэжыме анлайн вядзецца кантроль за арганізацыяй работы структурных падраздзяленняў сістэмы МУС. Селектарныя і аператыўныя нарады праводзяцца ў рэжыме відэаканферэнцый. Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам. А каб гаварыць аб эфектыўнасці, трэба вывучыць гэты вопыт.

– Адказная кампанія – выбары ў мясцовыя органы ўлады ў лютым 2018 года. Наколькі актыўна супрацоўнікі органаў правапарадку будуць балатавацца ў дэпутаты?

– Цяпер рэгіструюцца ініцыятыўныя групы і ідзе вылучэнне кандыдатаў. Магу сказаць адназначна, што з боку супрацоўнікаў органаў унутраных спраў таксама будуць кандыдаты ў дэпутаты і, мяркую, за іх выбаршчыкі аддадуць свае галасы. Калі гэта ўчастковы інспектар, які непасрэдна працуе з людзьмі, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе шчыльнасць нарадаў значна меншая, чым у гарадской рысе, то лепш за ўсё скажа аб ім яго паўсядзённая служба. Дастойных, аўтарытэтных народ бачыць і, зразумела, выбера таго, хто варты сумяшчаць дэпутацкія функцыі і абавязкі супрацоўніка праваахоўных органаў.

Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да жыхароў Стаўбцоўскага раёна з просьбай з разуменнем аднесціся да той работы, якую выконваюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. Дзякуючы пастаяннаму інфармаванню людзі ведаюць, чаго нельга браць з сабой у месцы масавых гулянняў.

Жадаю ў новым годзе жыхарам раёна і ўсім жыхарам рэспублікі ўсяго самага добрага. Беларусь адносіцца да тых краін свету, дзе ўзровень бяспекі высокі, і такім яго дапамагае трымаць наша насельніцтва. Упэўнены, гэты ўзровень будзе расці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>