• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Дапамога – без бар’ераў

Filed under: Нумары,Соцыум |

У першых чыслах новага года сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, каго заўсёды чакаюць, на каго спадзяюцца і каму давяраюць. Гэтыя работнікі – праваднікі сацыяльнай палітыкі дзяржавы, своеасаблівы крытэрый маральнасці грамадства. Мінулы год у іх дзейнасці, як і папярэднія, быў змястоўным і ў пэўным сэнсе інавацыйным ва ўкараненні сучасных формаў сацыяльнай дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу.

Пра гэта мы гутарым з дырэктарам ДУ «Стаўбцоўскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святланай БЛАШКО.

– Сацыяльная служба тэрытарыяльнага цэнтра аб’ядноўвае 145 работнікаў. Для кожнага з іх нароўні з прафесійнымі якасцямі характэрныя чуласць, уменне суперажываць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу людзям, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, у супрацоўніцтве з сельвыканкамамі і іншымі зацікаўленымі структурамі і арганізацыямі ўдалося зрабіць многае. Да прыкладу, быў адкрыты сацыяльны пункт у аграгарадку Налібакі, дзякуючы якому надомным абслугоўваннем ахоплены 146 пажылых людзей у васьмі населеных пунктах.

– Святлана Зянонаўна, якая колькасць людзей ахоплена паслугамі тэрытарыяльнага цэнтра?  

– На ўліку ў цэнтры знаходзіцца больш за 11,5 тысячы чалавек, 792 з іх – адзінокія пажылыя людзі, інваліды, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Усе яны ахоплены надомным абслугоўваннем. Ім на дапамогу штодзённа спяшаюцца 93 сацыяльныя работнікі, у спектр паслуг якіх, кола абавязкаў уваходзяць клопат і догляд.

Сацыяльная дапамога ўключае ў сябе і мерапрыемствы па пажарнай і іншай бяспецы грамадзян. Гэта рамонт печаў і электраправодкі, устаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамах, дзе пражываюць ветэраны вайны і адзінокія пажылыя грамадзяне, шматдзетныя сем’і, аказанне матэрыяльнай дапамогі на супрацьпажарныя мерапрыемствы. На гэта выдзяляюцца сродкі з мясцовага бюджэту, фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Прыцягваюцца таксама і спонсарскія сродкі.

Каб атрымаць уяўленне пра разнастайнасць відаў сацыяльнай дапамогі, варта сказаць, што тым, хто мае патрэбу, прадастаўляюцца гуманітарная дапамога, паслугі пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, сядзелкі. Згодна з заявамі грамадзян тэрытарыяльны цэнтр дапамагае ў зборы дакументаў для атрымання дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. 60 чалавек былі забяспечаны тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. Паслугі няні атрымалі 13 чалавек, 90 чалавек – разавыя паслугі.    

– Лічбаў можна прыводзіць шмат. Раскажыце пра тое, што новага, значнага з’явілася ў рабоце аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра.

– Пры аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, якое ажыццяўляе сацыяльны патранат сем’яў для папярэджання нядобранадзейнасці, нармалізацыі абстаноўкі ў сям’і, працуе крызісны пакой. У ім можна атрымаць часовы прытулак. Работа ў даным накірунку ўдасканальваецца і, у адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, праблемамі насілля ў сям’і займаецца міжведамасны савет. Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў дае магчымасць людзям з інваліднасцю займацца ў гуртках і працоўных майстэрнях, упершыню стала практыкавацца работа з групай людзей са шматлікімі фізічнымі ці псіхічнымі парушэннямі. Большую запатрабаванасць у сем’яў з дзецьмі-інвалідамі (у суботнія дні) атрымала паслуга «Сацыяльная перадышка». Для пажылых людзей, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, цяпер прадугледжаны і нагляд медыцынскай сястры. Усё большы акцэнт робіцца на паслугу дзённага нагляду. Пры падтрымцы зацікаўленых службаў раёна паспяхова працуе школа бяспекі для пажылых.

– За ўсім гэтым стаіць узаемадзеянне і напружаная праца. У чым вы бачыце перспектыву?

– У новым годзе трэба рэалізоўваць дзяржаўную палітыку ў вобласці развіцця інстытута прыёмнай сям’і для пажылога чалавека, больш увагі ўдзяліць праблемам людзей з інваліднасцю, удасканальваць работу па стварэнні безбар’ернага асяроддзя вакол сацыяльна значных аб’ектаў раёна. Павышанай увагі патрабуе да сябе работа па суправаджэнні асоб з ліку дзяцей-сірот. На працягу года мы рыхтаваліся да адкрыцця дома сумеснага самастойнага пражывання на базе былога ФАПа ў вёсцы Літва. Будзем апрабоўваць гэтую форму жыццеўладкавання для пажылых грамадзян, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю.        

Спадзяюся на плённую працу калектыву, і з нагоды прафесійнага свята жадаю сваім калегам, ветэранам працы моцнага здароўя, дабра, цярпення і ўдзячнасці. Няхай у вашых дамах пануюць любоў, мір і ўзаемаразуменне!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>