І сёння, і заўтра – інтарэсы дзяцей

Filed under: Нумары,Увага - дзецям |

Рэпартаж з пасяджэння раённай камісіі па справах непаўналетніх

З раніцы ў сераду перад дзвярыма кабінета, у якім працуе намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько, асабліва шматлюдна. Для рабочага дня, калі прызначана пасяджэнне камісіі, гэта звычайная карціна. На пасяджэнні будуць разглядацца адміністрацыйныя матэрыялы, якія паступілі з міліцыі, і хадайніцтвы ўстаноў адукацыі, заслухвацца сем’і, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, і т. п.

На гэты раз на рабочым стале намесніка старшыні раённай камісіі набралася каля дзясятка матэрыялаў. Фігуранты іх разам з законнымі прадстаўнікамі – бацькамі – выкліканы па павестцы і ў калідоры чакаюць свайго выкліку…

У прызначаны час з’яўляюцца і члены камісіі – прадстаўнікі службаў, дзяржаўных устаноў і арганізацый, для якіх работа ў камісіі з’яўляецца дадатковай грамадскай нагрузкай.  

…Першым запрашаюць 17-гадовага падлетка з матуляй. У адносінах да яго, навучэнца Карэліцкага ліцэя, складзены два адміністрацыйныя пратаколы. Адзін з іх – за кіраванне скутарам без вадзіцельскага пасведчання.

– Непаўналетняга ўжо разглядала камісія ў гэтым годзе за распіванне піва. З ім вядуць прафілактычную работу ліцэй і інспекцыя па справах непаўналетніх Карэліцкага райаддзела міліцыі, – дае тлумачэнне Наталля Хвасько членам камісіі і яе старшыні Сяргею Шэсцелю, матулі нагадвае яе правы і абавязкі, правілы абскарджання ў выпадку нязгоды з рашэннем камісіі.

З адказаў юнага аматара тэхнікі высвятляецца, што вучыцца ён на аўтакранаўшчыка і мае магчымасць атрымаць падчас вучобы вадзіцельскае пасведчанне. Значыць, яму лепш «ганяцца» за добрымі адзнакамі, чым за сумніўным экстрымам. Прэтэнзіі выказаны маці: «Чаму ў сына перш, чым вадзіцельскае пасведчанне, з’явіўся скутар, і ён не зарэгістраваны?»

І сын, і матуля разумеюць сваю віну, робяць правільныя высновы. Але за паездку без вадзіцельскага пасведчання прадугледжаны штраф. Абое ставяць свой подпіс пад рашэннем камісіі. Заплаціць, дарэчы, прыйдзецца нямала – 115 рублёў.

Следам заходзяць трое падлеткаў з бацькамі. Кожнага камісія разглядае асобна, хоць усе выкліканы па адной справе – распівалі кампаніяй піва ў грамадскім месцы, а менавіта на вуліцы ў Новай Вёсцы.

Колькі выпілі, з якой нагоды, дзе куплялі,– на маладых людзей сыплюцца пытанні ад членаў камісіі. Галоўнае – высветліць у кожнага, гэта адзінкавы факт ці, не дай Бог, ужыванне спіртнога ўжо ўвайшло ў звычку.

Бацькі (усе сем’і – прыстойныя) сцвярджаюць, што раней не заўважалі за сынамі нічога падобнага. Але і ўскосныя прыкметы нельга скідваць з рахунку. Да прыкладу, сын «з’ехаў» у вучобе, не праяўляе цікавасці да яе. Цяпер з хлопцамі будзе праводзіць індывідуальна-прафілактычную работу інспекцыя па справах непаўналетніх, урач-нарколаг. «З раніцы адзін з падлеткаў у мяне ўжо пабываў, мы пагутарылі», – інфармуе ўрач-псіхіятр-нарколаг Яўген Бахар. Па магчымасці ён бярэ ўдзел ва ўсіх пасяджэннях камісіі.

Сяргей Шэсцель на правах старшыні камісіі звяртаецца да бацькоў: «Вам ёсць аб чым задумацца: куды накіраваць энергію, самастойнасць сваіх дзяцей».

Перад членамі камісіі –14-гадовы падлетак, яго матуля і прадстаўнік Аталезскага ВПК дзіцячы сад–сярэдняя школа. Школа звярнулася ў міліцыю, калі падлетак адгукнуўся нецэнзурнай лаянкай на заўвагу педагога. У выніку, на матулю складзены пратакол за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў…

– Падлетак спартыўны, артыстычны, але новая для яго сямейная абстаноўка выклікала незвычайную агрэсію, – адразу акрэслівае праблему прадстаўнік установы адукацыі.

Погляд «збоку» на мікраклімат у гэтай сям’і, якая не так даўно пераехала ў вёску з вялікага горада, выказала прадстаўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч. Раней яна падчас рэйду пабывала ў сям’і ў складзе міжведамаснай камісіі.

Каб высветліць усе тонкасці і дайсці да ісціны, быў зроблены дыпламатычны ход: з матуляй вялі асобную размову, а сына запрасіла на гутарку ў суседні кабінет педагог-псіхолаг ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна», сакратар камісіі Іна Гапановіч.

У камісію ў рамках рэалізацыі Дэкрэта № 18 паступіла хадайніцтва ад Вішнявецкай школы. Школа, адстойваючы інтарэсы шасцярых дзяцей, якія былі адабраны ў бацькоў у ліпені 2017 года, выступіла з прапановай вяртання іх на выхаванне бацькам. «План рэабілітацыі гэтай сям’і выкананы, – пазітыўна ацаніла плён сумесных намаганняў Наталля Хвасько. – Заслуга ў гэтым пераважна школы і саміх бацькоў».

З бацькамі былі абмеркаваны пытанні, якія ім пасля вяртання дзяцей неабходна вырашыць у першую чаргу. Педагог сацыяльны Вішнявецкай школы Галіна Аўлохава звярнула ўвагу: «Лішняй у сям’і не будзе гуманітарная дапамога – адзенне, абутак, цацкі, посуд і т. п.».

Члены камісіі далі своеасаблівы наказ гэтым бацькам. Дырэктар ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Стаўбцоўскага раёна» Жанна Нікалаеня не ўстрымалася: «Каб у доме было чыста, з паліцаў халадзільніка не зводзіліся прадукты. Адкрывайце дзверы работнікам СПЦ, школы, якія будуць ажыццяўляць патранаж». Сяргей Шэсцель не мог не сказаць шматдзетным бацькам, якія прайшлі праз адабранне дзяцей, самае галоўнае:

– Разумееце, якая адказнасць ляжыць на вас?! Учора на пасяджэнні выканкама гучала ваша прозвішча і абмяркоўвалася сітуацыя ў вашай сям’і. Да вас пранікліся даверам. Апраўдайце яго і дакажыце, што дзеці – сэнс вашага жыцця.      

На рукі бацькам быў выдадзены доўгачаканы дакумент – рашэнне аб вяртанні дзяцей у сям’ю.

…Ад падобных рашэнняў камісіі і такіх падрабязнасцяў у многіх прысутных міжволі падступае камяк да горла, сэрца напаўняецца цеплынёй. А нярэдка бывае наадварот – горыч, трывога цісне. Абыякавых людзей у камісіі не бывае… Кожны ў межах сваёй кампетэнцыі, жыццёвага вопыту імкнецца вырашыць пытанні, даць слушную параду.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>