Равеснікі вобласці – шчырыя працаўнікі

Гісторыя вобласці – гэта ў першую чаргу лёс людзей, і ў кожнага ён склаўся па-свойму. У гэтым артыкуле мы згадаем пра заслужаных людзей нашага раёна, якія пісалі яе старонкі, працуючы ў сельскагаспадарчай галіне. Яны равеснікі вобласці, нарадзіліся ў 1939 годзе, і ў свой час шмат сіл і энергіі аддалі для таго, каб кожнаму беларусу жылося лепш. Сёлетнія юбіляры ўжо колькі гадоў знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але пакуль чалавек жывы – яго памяць поўніцца ўспамінамі.

У жывёлагадоўчую галіну раёна немалы ўклад унесла перадавая ў 70-90 гады даярка калгаса «Чырвоная зорка» (цяпер ААТ «Дзераўное») Марыя Іванаўна Свекатун, якая чвэрць стагоддзя адпрацавала на МТФ «Заброддзе». І ўвесь гэты час Марыя Іванаўна была ў ліку лепшых. Даручаную работу яна заўжды выконвала як след. Акуратная і адказная, ніколі не падвяла кіраўніцтва гаспадаркі. Працавітасці гэтай жанчыны можна было па-добраму пазайздросціць. Яна сваіх кароў даіла і каляжанкам дапамагала, асабліва тады, калі трэба было цялушак раздаіць. За шматгадовую і добрасумленную працу Марыя Іванаўна мае ў сямейным архіве стос ганаровых грамат і ўрадавыя ўзнагароды. Згадаем, што яе муж Станіслаў Баляслававіч (светлай памяці) таксама шчыраваў ў жывёлагадоўлі і за высокія дасягненні ўзнагароджаны двума ордэнамі. Варта дадаць, што свёкар Марыі Іванаўны Баляслаў Сцяпанавіч Свекатун быў старшынёй аднаго з калгасаў, якія ў ліку першых утварыліся на тэрыторыі сельсавета.

Цяпер Марыя Іванаўна жыве ў вялікай хаце адна. Адбудавалі яе разам з мужам. Але не сумуе, бо дачка, унукі і праўнукі часта наведваюцца. Расказвае, што зарабіла, працуючы ў калгасе, бадай, самую вялікую пенсію сярод калгаснікаў, бо на той час мела даволі высокія паказчыкі ў рабоце. У ліку першых сям’я займела «Жыгулі». Калі на калгас размеркавалі для перадавых работнікаў гэтую легкавую аўтамашыну (а купіць на той час можна было толькі пастаяўшы некалькі гадоў у чарзе), то праўленне вырашыла выдзеліць яе менавіта Свекатунам. Марыя Іванаўна не без гонару сказала, што першая з вяскоўцаў правяла ў дом газ. Заслужаны калгаснік гаспадаркі, ветэран працы (агульны працоўны стаж жанчыны складае сорак гадоў) і сёння з аптымізмам ідзе па жыцці.

Іосіф Казіміравіч Гайдукевіч – перадавы ў мінулым трактарыст. Ён нарадзіўся і вырас у Рубяжэвічах. Першага студзеня адзначыў свой васьмідзесяцігадовы юбілей. Узрост шаноўны, і ёсць што ўспомніць, аб чым пагутарыць з нашчадкамі. Нават тое, чаго не хацелася б памятаць – дзяцінства, апаленае вайной. Працаваць Іосіф пачаў рана, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Потым была вучоба ва Уздзенскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Пасля службы ў арміі ўладкаваўся механізатарам у тутэйшы калгас імя Янкі Купалы (цяпер ААТ «Рубяжэвічы»). Даручылі яму гусенічны трактар, на якім пераважна праводзіў ворыва. З таго часу і да самага выхаду на пенсію прафесію не мяняў. Толькі тэхніку атрымліваў з кожным годам больш дасканалую, на якой выконваў розныя неабходныя работы. Трымалі з жонкай Данутай Адольфаўнай на падвор’і многа жывёлы, бо сям’я была шматдзетнай – пяцёра дзяцей трэба было карміць і апранаць. На перыяд жніва садзіўся за штурвал камбайна, СК-5 «Ніва» спраўна бегала па жытнёвым полі. За шчырую і добрасумленную працу, высокія намалоты Іосіфа Гайдукевіча неаднаразова ўзнагароджвалі граматамі, падзякамі кіраўніцтва калгаса. Дзеці ўсе ў людзі выйшлі: два настаўнікі, фельчар, міліцыянер і электрык. Адзін з сыноў – Валянцін, хоць і працуе настаўнікам у сярэдняй школе № 3, а ўжо васямнаццаць гадоў запар прымае ўдзел ва ўборачных кампаніях – у ААТ «Агранёманскі» рупіцца памочнікам камбайнера ў вядомага ў раёне Генадзія Цвіркі. Экіпаж дабіваецца высокіх намалотаў. У Гайдукевічаў сямёра ўнукаў, ёсць і праўнук Максімка. Побач з Іосіфам Казіміравічам яго дарагая і любімая палавінка, якая заўжды дапаможа і падтрымае. З Данутай Адольфаўнай яны годна ідуць па жыцці на працягу пяцідзесяці гадоў.

Дзевятнаццацігадовым юнаком уступіў у калгас «Шлях да камунізму» (цяпер ААТ «Рочавічы) Іван Антонавіч Мойса. Спачатку завіхаўся ў паляводчай брыгадзе, а затым атрымаў пасведчанне трактарыста, і даручылі яму МТЗ-2. Гэта быў першы масавы савецкі колавы ўніверсальна-прапашны трактар на пнеўматычных шынах. Іван Антонавіч расказвае, што выконваў на ім розныя палявыя работы, і справа спорылася. Нялёгка, аднак, прыходзілася ў ветранае і дажджлівае надвор’е. Гэта сёння ў сучасных «Беларусах» кабіны цёплыя і ўтульныя, кандыцыянерамі і камп’ютарамі аснашчаны. Апошнім трактарам, які паслужыў Івану Антонавічу не адзін год, быў МТЗ-50. Працаваў на ім разам з братам Клімам. Звыш трыццаці двух гадоў налічвае механізатарскі стаж руплівага працаўніка. За гэты час яго неаднаразова ўшаноўвалі, ён узнагароджаны двума медалямі.

На пенсію выйшаў маючы званне заслужанага калгасніка. Далей працаваць не змог – падвяло здароўе. Але склаўшы рукі не сядзіць. Трымаюць разам з жонкай на падвор’і розную жыўнасць і нават карову. Марыя Вікенцьеўна доўгі час працавала ў калгасе, была брыгадзірам паляводчай брыгады. Яна ў ліку заслужаных і паважаных людзей гаспадаркі. Іван Антонавіч – чалавек майстравіты, яшчэ працуючы ў калгасе, рамантаваў вазы і рабіў вупраж для коней. Добры цясляр, мае ўласную цыркулярку і дагэтуль займаецца з дрэвам. Пабудавалі дом разам з сынам Іванам, які працуе ў таварыстве вадзіцелем. Цяпер жывуць побач. У Мойсаў трое дзяцей і сямёра ўнукаў.

Надзея БАТАЛКА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>