Нёман – вечная, слаўная наша рака

200118c

Сёння, калі наш славуты бацька Нёман цячэ ў берагах, сфарміраваных апошнім часам, міжволі прыходзяць асацыяцыі з яго былой веліччу – далёкімі гадамі суднаходства і буйнога гандлю.

Даследаванне гэтай тэмы прыводзіцца ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць» у змястоўным артыкуле А.У. Астаповіча «Суднабудаўніцтва і суднаходства ў вярхоўях Нёмана ў ХІХ – пачатку ХХ ст.». Разам з тым, варта звярнуць увагу на яшчэ некалькі малавядомых дагэтуль фактаў, якія можна знайсці ў зборніку «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба. Мінская губерня» з дзвюх частак, выдадзеным у 1864 годзе ў Пецярбургу. Шматтомнае выданне «матэрыялаў» было прысвечана кожнай губерні Расійскай імперыі, на момант выхаду з’яўлялася першым спецыялізаваным выданнем, якое даследавала непасрэдна гісторыю і статыстыку асобных тэрыторый Расійскай імперыі.

З апісанняў вынікае, што колішнія берагі Нёмана былі ўзвышаныя, размешчаныя пад невялікім ухілам, а вясновыя разлівы не былі шырокімі. Шырыня ракі каля Новага Свержаня складала да 18 сажняў (каля 38,5 м), глыбіня да трох футаў (каля метра), а на мелі – да 0,75 фута. Адным з буйных прытокаў ракі з’яўлялася, як і ў наш час, рака Сула, што «цякла паміж лугавых берагоў міма мястэчка Рубяжэвічы». У 1818 годзе па Суле ў Нёман было сплаўлена18 плытоў, ў 1819 годзе – 29 плытоў з жытам і партыя лесу. На Суле дзейнічала шэсць млыноў, частка з якіх была збудавана на шляху сплаву і мела адтуліны для пропуску дрэў.

Суднаходства ў ваколіцах Стаўбцоўшчыны адбывалася толькі ў поўныя воды, летам сустракаліся цяжкасці па прычыне крутых паваротаў, мелі, падводных камянёў і дубовых калод, якія знаходзіліся ў рэчышчы ракі. Судны хадзілі па Нёмане толькі ўвесну, а часам і восенню, калі вада ад дажджоў падымалася. Пра гэта сведчыў і Уладзіслаў Сыракомля ў сваіх знакамітых «Вандроўках па маіх былых ваколіцах», падкрэсліваючы, што ўлетку ў мястэчку панавала поўная цішыня, а ўзімку і ўвесну – рух і голас, звязаныя з транспарціроўкай тавараў, падрыхтоўкай суднаў і самім суднаходствам.

Паводле назіранняў за 10 гадоў, з 1847 года па 1857, сярэднія паказчыкі склалі: час замярзання – 28 лістапада, час сыходу лёду – 21 сакавіка.

І за гэты перыяд раставанне лёду на рацэ побач са Стоўбцамі адбывалася пераважна ў другой палове сакавіка, а вось яго з’яўленне паступова перамясцілася з першай паловы снежня на сярэдзіну лістапада.

Суднаходства пачыналася ў Новым Свержані, калі Нёман набываў неабходныя для гэтага шырыню і глыбіню. Пагрузка суднаў і плытоў адбывадася пераважна ў Стоўбцах, дзе меліся пакгаузы (свірны, склады). Тут было арганізавана складзіраванне тавараў, якія прывозілі да прыстані, што фактычна служыла аналагам сучаснага лагістычнага склада. Цудоўны прыклад падобных свірнаў захаваўся і да нашых дзён за будынкам Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

У межах Мінскай губерні Стаўбцоўская прыстань з’яўлялася адзіным пунктам на Нёмане для разгрузкі. Адсюль тавары, прывезеныя па Нёмане, развозілі сухім шляхам па Навагрудскім, Слуцкім, Мінскім, Бабруйскім і Барысаўскім паветах. Перавозка каштавала ад 8 да 15 капеек з пуда за кожныя 50 вёрстаў. Усе экспартныя гандлёвыя патокі, якія здзяйснялі шляхам суднаходства па вярхоўях Нёмана, засяроджваліся менавіта на стаўбцоўскай прыстані, да якой грузы падвозіліся гужам не толькі з паўночна-заходняй часткі Мінскай, але і з суседніх паветаў Віленскай, Магілёўскай і нават Чарнігаўскай губерняў.

Сума тавараў, якія прывозілі па Нёмане, адносілася да сумы тавараў, што вывозілі па рацэ, як 10:31, што паказвае вялікую ролю стаўбцоўскай прыстані менавіта ў экспартнай складаючай гандлёвага сальда.

У ліку самых папулярных тавараў была соль, якую прывозілі ў Стоўбцы з Кёнігсберга ў бочках, кожная важыла каля 6 пудоў (прыблізна 98 кг). За 6 гадоў (з 1855 па 1860) было прывезена 219 078 бочак агульнай вагой 1 311 178 пудоў. Распаўсюджаным таварам быў галандскі і шатландскі селядзец. За той жа перыяд было прывезена 2 305 бочак селядца агульнай вагой 1361 пуд. Сярод іншых цікавых тавараў, якімі гандлявалі нашы продкі, варта адзначыць чырвонае дрэва, англійскае піва, шампанскае, ром, імбір, міндаль, музычныя інструменты і шкляны посуд.

Калі казаць непасрэдна пра сам водны транспарт, то варта адзначыць, што ў той час па Нёмане хадзілі баркі (даўжыня каля 14-16 сажняў, шырыня – 17 футаў, грузапад’ёмнасць – 2 000 пудоў, колькасць каманды – 8-10 чалавек), паўбаркі, віціны (даўжыня каля 17-20 сажняў, шырыня – 4 сажні, грузапад’ёмнасць – 9 000 пудоў, колькасць каманды – да 16 чалавек, кошт – 900 руб. срэбрам), боты (грузапад’ёмнасць да 2 500 пудоў, кошт каля 300 руб. срэбрам), лодкі і плыты. Часам прыходзілі да стаўбцоўскай прыстані і берліны.У Стоўбцах і Новым Свержані будаваліся боты і віціны. З 1850 года па 1857 тут было створана 150 віцінаў і 157 ботаў. Судны будавалі з сасновага лесу, служылі яны каля 6-8 гадоў. Гаспадары суднаў у большасці сваёй займаліся дастаўкай не свайго тавару, а толькі прымалі на фрахт ад гандляроў з абавязкам даставіць яго да месца прызначэння.

Мінуў час. Стварэнне Аляксандраўскай чыгункі значна панізіла ролю прыстані ў Стоўбцах, паступова абмялеў Нёман. Сёння мы можам толькі даведацца аб мінулым і марыць, каб калісьці, няхай толькі ў турыстычных мэтах, суднаходства па Нёмане адрадзілася і тут зноў пачалі сваё хаджэнне хаця б самыя маленькія судны.

На здымку: так вялося будаўніцтва моста праз Нёман (фота з архіва).

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>