Абстаноўка аператыўная і спартыўная

240118

У раённым аддзеле міліцыі падведзены вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2017 год. З удзелам начальніка штаба УУС Мінскага аблвыканкама Васіля Малікава, намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Шэсцеля, пракурора раёна Сяргея Грыцука, начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Мікалая Скрыгана, начальніка Стаўбцоўскага міжраённага аддзела ДКСЭ Мікалая Белавусава, начальніка Стаўбцоўскага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксандра Сачука абмеркаваны меры па павышэнні супрацьдзеяння злачыннасці, умацаванні правапарадку і грамадскай бяспекі на тэрыторыі раёна.

У рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў начальнік раённага аддзела міліцыі Іван Мамайка адзначыў цеснае ўзаемадзеянне райаддзела з райвыканкамам, раённым Саветам дэпутатаў, пракуратурай і іншымі праваахоўнымі структурамі. Аператыўная абстаноўка ў раёне, дзякуючы асабоваму саставу, ахарактарызавана як станоўчая, і – пра гэта сведчыць статыстыка – ступень уплыву на крымінагенную сітуацыю застаецца дастаткова высокай. Аднак ёсць і праблемныя моманты, якія неабходна вырашаць для большай эфектыўнасці работы міліцыі.

У мінулым годзе вырасла на дзевяць працэнтаў колькасць злачынстваў, у тым ліку і па лініі крымінальнага вышуку. Выніковасць работы па ўстанаўленні падазроных складае 61 працэнт і перавышае аналагічны сярэднеабласны паказчык. Пераважным відам злачынстваў з’яўляюцца крадзяжы, таму паляпшэнне раскрывальнасці закранула і крадзяжы з жылля грамадзян.

Паводле аналізу аператыўна-службовай дзейнасці, на першае месца выходзяць пытанні прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў, у тым ліку ў сферы сямейна-бытавых адносін, рэцыдыўнай злачыннасці і ажыццяўлення жорсткага кантролю за асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Аб актуальнасці гэтага сведчыць у першую чаргу тое, што летась на Стаўбцоўшчыне былі зарэгістраваны цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, а менавіта чатыры забойствы і разбой, чаго ў 2016 годзе ўдалося пазбегнуць. Рост вагі злачынстваў у сельскай мясцовасці і злачынстваў, якія ўчынены такой катэгорыяй, як раней судзімыя, відавочна акрэслівае прыярытэтныя накірункі ў прафілактычнай рабоце райаддзела міліцыі на 2018 год. Яшчэ адзін актуальны напрамак, які ўплывае на рэйтынг міліцыі і на які варта звярнуць самую пільную ўвагу, – індывідуальная прафілактычная работа з непаўналетнімі.    

Патрабуе ўдасканалення ўлікова-рэгістрацыйная дысцыпліна, ад якой залежыць як захаванне тэрмінаў разгляду матэрыялаў і перадачы іх у раённы аддзел Следчага камітэта, так і паўната і якасць іх збору. Працэнт вяртання пракуратурай матэрыялаў на дадатковую праверку пакуль у ліку самых высокіх у вобласці. І хоць райаддзел міліцыі ў адпаведнасці з крытэрыямі ацэнкі эфектыўнасці аператыўна-службовай дзейнасці заняў у маштабах вобласці чацвёртае месца, па адным з сямі гэтых крытэрыяў, менавіта якім вызначаецца якасць прыёму, уліку і разгляду паступіўшых заяў аб правапарушэнні ці злачынстве, – яму выстаўлены так званы «неуд». У райаддзеле скрупулёзна прааналізавалі канкрэтныя прычыны атрымання нездавальняючай адзнакі і, у выніку, два супрацоўнікі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці – ім аб’яўлены строгія вымовы.

У сучасных умовах нагрузка на супрацоўнікаў міліцыі пастаянна ўзрастае, таму ў бягучым годзе райаддзелу неабходна прыкласці намаганні да своечасовага і якаснага камплектавання вакантных пасад, стварэння кадравага рэзерву, асабліва ў тых падраздзяленнях, дзе плануецца звальненне супрацоўнікаў у сувязі з выхадам у адстаўку. Сучаснымі крытэрыямі падбору міліцэйскіх кадраў прадугледжана абавязковае навучанне ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.  

У цэлым сістэма работы ў райаддзеле міліцыі наладжана, ёсць бачанне праблем, негатыўных тэндэнцый і шляхоў іх вырашэння – і гэта галоўнае.

Па добрай традыцыі ў дакладах першага намесніка начальніка РАУС – начальніка крымінальнай міліцыі Міхаіла Мігуры, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Руслана Харуты, намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Уладзіміра Кудрэвіча прагучалі імёны лепшых супрацоўнікаў з розных службаў і падраздзяленняў. Загадам начальніка УУС Мінскага аблвыканкама прысвоены чарговыя спецыяльныя званні: маёра міліцыі – старшаму інспектару крымінальна-выканальніцкай інспекцыі Андрэю Аляшкевічу, капітана міліцыі – участковаму інспектару інспекцыі па справах непаўналетніх Вадзіму Гарохавіку, старшага лейтэнанта – інспектару дарожна-патрульнай службы Уладзіміру Крэню і ўчастковаму інспектару міліцыі Паўлу Сошку.

Васіль Малікаў уручыў узнагароды і раённаму аддзелу ўнутраных спраў – за першае месца сярод райаддзелаў міліцыі трэцяй катэгорыі Мінскай вобласці ў спартакіядзе па службова-прыкладных і масавых відах спорту. «Дыплом і Кубак знойдуць у райаддзеле дастойнае месца», – запэўніў Іван Мамайка падчас узнагароджання.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>