У любой справе, як і ў жыцці, трэба ўсё рабіць правільна

240118c

У Засуллі Івана Пугачова вясковыя людзі добра ведаюць. І паважаюць за спагадлівы характар і добразычлівасць. Старажылы памятаюць, як Іван Якаўлевіч працаваў у калгасе «Праўда» галоўным аграномам. Выконваў работу сумленна, як звычайна кажуць, быў на сваім месцы. Добрыя словы гавораць пра гэтага чалавека не толькі як пра спецыяліста, а і як пра дбайнага гаспадара і выдатнага сем’яніна. Пугачоў хоць і не мясцовы, нарадзіўся і вырас на Браншчыне, але прыжыўся тут, пусціў карані. Пабудаваў вялікі драўляны дом, які відаць здалёк. Аблажыў яго цэглай. Пад домам размясціў гараж і пограб. Паставіў хлеў і лазню. Як толькі ў вёску прыйшоў газ, правёў газавае ацяпленне і першым у вёсцы зрабіў у хаце ўсе выгоды.

У Івана Пугачова цікавая працоўная біяграфія. І пачалася яна даволі рана.

– У дзесяцігадовым узросце разам з равеснікамі ўжо рупіўся ў саўгасе, – успамінае Іван Якаўлевіч. – Час быў пасляваенны, нялёгкі. Коней пасвіў, касцам ваду на сенакос насіў, салому на конях вазіў і шмат чаго іншага выконваў. Пасля заканчэння школы выпрасіў ў дырэктара саўгаса дакументы (пашпарты вясковай моладзі ў той час не давалі, каб юнакі і дзяўчаты не ехалі ў горад) і паступіў у вучылішча механізацыі, дзе атрымаў прафесію трактарыста. Якраз у гэты час пачалося асваенне цалінных зямель, і нас, выпускнікоў, пасадзілі ў вагоны і адправілі ў Казахстан. Мы былі першапраходцамі.

Трапілі хлопцы ў адну з гаспадарак Баранкульскага раёна Акмалінскай вобласці. Няпроста прыходзілася. Жылі спачатку ў палатках – па дзесяць чалавек у кожнай, але энтузіязму не трацілі. Гэта ўжо потым для цаліннікаў пачалі будавацца фінскія домікі. Працавалі на гусенічных трактарах і першых айчынных камбайнах «Сталінец» і СК-3. Ураджайнасць збожжавых на цалінных землях гэтай калектыўнай гаспадаркі была нізкая, намалочвалі крышку больш за чатыры цэнтнеры збожжа з кожнага гектара, але плошча дасягала 30 тысяч гектараў, і таму валавы збор быў неблагім.

– Больш за год адпрацаваў на цаліне. Стэп ды стэп навокал, ніводнага дрэўца. Надвор’е пераменнае. Як усходзіцца вецер, асабліва зімою, то нічога не відаць. Розных кур’ёзных выпадкаў нямала было. І прадукты асаблівай разнастайнасцю не адрозніваліся. А вось успамінаюцца мне і тыя далёкія гады, і дзяцінства маё басаногае з настальгіяй, – працягвае гаворку Іван Якаўлевіч. – Бо хоць і жылі тады людзі небагата, але дружна. Дарэчы, за асваенне цаліны атрымаў падзячны ліст.

Вярнуўся Іван Пугачоў дадому і ўладкаваўся на працу на машынна-трактарную станцыю, адкуль неўзабаве і быў прызваны ў армію. Служыў спачатку ў «стройбате» пад Бранскам, а затым накіравалі ў Беларусь. У прыватнасці, будаваў дамы ў ваенным гарадку ў Наваколасаве, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай палавінай. Жаніўся і застаўся тут жыць. Маючы вопыт у будаўніцтве, Іван Якаўлевіч восем гадоў ездзіў па камандзіроўках па ўсёй краіне. Але потым здаволіўся, і калі запрасілі на працу ў калгас, на радзіму жонкі, згадзіўся. Без адрыву ад вытворчасці з адзнакай скончыў Смілавіцкі саўгас-тэхнікум, а затым – Горкаўскую селькагаспадарчую акадэмію.

На праўдзінскіх палетках Іван Якаўлевіч працаваў галоўным аграномам, аграномам-насенняводам, брыгадзірам паляводчай брыгады, спецыялістам па кармах.

Ураджайнасць у калгасе, як прыйшоў працаваць, складала менш за 15 цэнтнераў з гектара. З году ў год яна паступова павялічвалася. Іван Якаўлевіч расказвае, што ў 1986 годзе хлебаробы сабралі рэкордны ўраджай (на круг – па 32 цэнтнеры) і як прызёры сацыялістычнага спаборніцтва атрымалі заслужаную ўзнагароду.

– А нядаўна і звыш 40 цэнтнераў збожжа з гектара намалацілі, – радуецца за калег Іван Якаўлевіч. – Яно і зразумела. Раней тэхнікі было недастаткова, многія работы выконвалі ўручную. Дзевяць паляводчых брыгад налічвалася ў калгасе. І ў вялікія царкоўныя святы сеялі. Цяпер зусім іншая справа. Галоўнае ў нашай хлебаробскай справе – усё рабіць правільна і своечасова, не парушаючы тэхналогіі, тады і вынік адпаведны атрымаеш. Цвёрда засвоіў сказаныя мне аднойчы першым сакратаром райкама партыі Альфонсам Цішкевічам словы: «Няма дрэннай зямлі, ёсць дрэнны гаспадар».

Пасля выхаду на пенсію Іван Пугачоў два гады падпрацоўваў у калгасе – адказваў за газавую гаспадарку. Падчас уборачных кампаній быў кладаўшчыком і вартаўніком на збожжаскладзе. Апошнім часам займаецца хатнімі справамі.

– Работы з вясны да восені ў мяне хапае, – расказвае пра сваю падсобную гаспадарку Іван Якаўлевіч. – Займаюся садам – на ўчастку растуць яблыні, грушы, вінаград. У цяпліцы вырошчваю агуркі, таматы, перац. Устаю ў пяць гадзін раніцы і іду на агарод. Затым снедаю і адпачываю.

У свае няпоўныя восемдзесят ён даволі жвавы і энергічны. Вядзе здаровы лад жыцця. Ездзіць у лес па грыбы на матацыкле. Нават закруткі і саленні на зіму робіць сам. Успамінае, што ў мінулыя гады разам з жонкай Зінаідай Іванаўнай (светлай памяці) трымалі на падвор’і вялікую гаспадарку – у хляве стаялі дзве каровы, свінні. Цяпер засталіся толькі куры. Аднак сумаваць бацьку не дазваляюць, часта прыязджаюць да яго сын і дачка.

– Дзякуй Богу, дзеці мяне не забываюць, задаволены імі і радуюся, што ўсё ў іх жыцці складваецца добра, – не без гонару гаворыць Іван Якаўлевіч. – Сям’я ў нас вялікая. Ужо дарослыя чацвёра ўнукаў, падрастаюць і пяцёра праўнукаў. Я шчаслівы чалавек.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>