Экіпаж з жэзлам бяспекі

Filed under: Міліцэйскі веснік,Нумары |

Па выніках работы за 2013 год станоўча адзначана дзейнасць аддзела ДАІ райаддзела міліцыі, а фота яго начальніка Дзмітрыя Воранава ўпрыгожвае Дошку гонару УДАІ Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. 

Напэўна, аддзел ДАІ – адно з самых «публічных» падраздзяленняў міліцыі, а яго інспектары з жэзламі –  супрацоўнікі, якіх жыхары раёна, асабліва аўтааматары, літаральна ведаюць у твар. І «знаёмства» гэта ў найменшай меры звязана з тым, што інспектары фіксуюць парушэнні на дарозе. Проста зменныя экіпажы ДАІ, якія кругласутачна заступаюць на дзяжурства, у тым ліку нясуць яго на нашых вачах падчас культурна-масавых мерапрыемстваў, – гэта адзін з атрыбутаў, сімвалаў правапарадку і дарожнай бяспекі вакол нас.

– Служыць у экіпажы ДАІ – задача няпростая. Сітуацыі бываюць розныя. Нашым супрацоўнікам прыходзіцца праследаваць парушальнікаў, затрымліваць злачынцаў, аб’яўленых у вышук, – тлумачыць Дзмітрый Воранаў.

Сам ён прыйшоў у міліцыю ў 1997 годзе адразу пасля школы. Сімвалічна, што яго першы рабочы дзень пачаўся акурат 1-га верасня. Нешта накшталт новага навучальнага года для ўчарашняга нястрымнага школьніка, аматара прыгод, які начытаўся дэтэктываў Марка Твена і Янкі Маўра. У іх сям’і трое дзяцей, і Дзмітрый сярод іх – самы малодшы, позні. Напрыклад, розніца з братам у яго – 14 гадоў. І вось дарослы брат, а яшчэ адзін з дзядзькоў, на той час працавалі ў міліцыі. Матуля, калі загаворвала з Дзмітрыем аб будучым, нярэдка згадвала сыну гэтага сваяка. Можа,  што той знайшоў сваё прызваннне далёка ад Беларусі, у горадзе Алматы (Рэспубліка Казахстан).

Дарэчы, у свой час у Казахстане апынулася ўся вялікая радня Дзмітрыя па бацькоўскай і мацярынскай лініях. У 50-х гадах мінулага стагоддзя сем’і ў поўным саставе, разам з дзецьмі (а іх у адной сям’і было пяць, у другой –  сем), выехалі з роднай Клеччыны ўзнімаць цаліну. Бацькі Дзмітрыя там і пажаніліся. Матуля працавала ў сферы грамадскага харчавання, а ў бацькі была «качавая» прафесія – геолаг. Але, трэба сказаць, што яны, павандраваўшы па свеце, усё-такі вярнуліся ў Беларусь.

– Я нарадзіўся ў Клецкім раёне, на радзіме сваіх продкаў, – менавіта гэтую акалічнасць падкрэслівае Дзмітрый Іванавіч у ходзе размовы пра асабістае, сямейнае. Каб пераканаць у працавітым характары і самавітасці, законапаслухмянасці тых, чыя кроў струменіць і ў яго жылах, успамінае свайго дзеда. Ён, заможны селянін, добраахвотна аддаў у калгас усё, што нажываў мазалём. Яго дзяды ўсім сваім дзецям і ўнукам завяшчалі іншае – сумленнасць, дружбу, добразычлівыя адносіны паміж сабою, а гэта, згадзіцеся, у наш мітуслівы і прагматычны час мае асаблівую каштоўнасць. Адна з цудоўных традыцый гэтай сям’і – «злятацца» ўсім і адусюль летам, на яблычны Спас, на радзіму ў Клецкі раён, дзе прама на двары, пад яблыняй, накрываецца вялікі стол…      

Як і прынята сярод беларусаў, самы меншы сын застаецца для бацькоў самым бліжэйшым. Думаю, і поспехі яго, удачы на службовай і жыццёвай дарозе  для іх найбольш радасныя, чаканыя… Дзмітрый пабудаваў дом у Стоўбцах, мае сваю сям’ю, а ў перапынках паміж службай знаходзіць магчымасць наведацца да іх, пажылых ужо людзей, дапамагчы ўправіцца з агародам.   

Дзмітрый Воранаў закончыў Акадэмію міліцыі і з ліпеня 2001 года працуе ў ДАІ Стаўбцоўскага райаддзела міліцыі. Пачынаў старшым інспектарам дарожна-патрульнай службы, а прыкладна праз чатыры гады інспектарства, у маі 2005-га, быў прызначаны на пасаду начальніка аддзялення ДАІ.

Два гады таму аддзяленне ДАІ перайменавана ў аддзел ДАІ (у райаддзеле міліцыі дзве такія «дзяржавы ў дзяржаве»: гэта аддзел ДАІ і аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі, у які ўваходзяць участковыя інспектары). Падвышэнне статусу – сведчанне значнасці службы ДАІ. І прычыны гэтага відавочныя ўсім нам. З кожным годам расце колькасць зарэгістраваных транспартных сродкаў як у нас, у раёне, так і ў рэспубліцы, на месцы не стаіць і інтэнсіўнасць трафіку.

Калектыў аддзела ДАІ сёння прадстаўлены 17-цю атэставанымі і шасцю неатэставанымі супрацоўнікамі. Яшчэ адзін атэставаны супрацоўнік – Уладзімір Варанецкі – прыкамандзіраваны з УУС Мінаблвыканкама. У параўнанні з 2001 годам, як заўважае Дзмітрый Воранаў,  штат зменшыўся ў два разы.

У даным выпадку колькасныя паказчыкі не ўплываюць на іх якасць. Служба ДАІ ўкамплектавана  вопытнымі і дасведчанымі супрацоўнікамі, а зменныя экіпажы выстаўляюцца на дарозе з улікам пары года, часу сутак, выхадных і святочных дзён, месцаў канцэнтрацыі дарожна-транспартных здарэнняў. Мэта інспектараў – не дапусціць грубых парушэнняў на дарозе, па магчымасці ўплываць на структуру аварыйнасці. Для гэтага ў іх распараджэнні – сучасныя тэхнічныя сродкі, хуткасны транспартны парк. 

За апошні час калектыў ДАІ значна амаладзіўся. На змену тым, хто пайшоў на заслужаны адпачынак, прыйшлі супрацоўнікі новыя, але «не зялёныя», бо да гэтага служылі ў іншых падраздзяленнях міліцыі. Сярод іх – інспектары дарожна-патрульнай службы Дзмітрый Давыдоўскі, Дзмітрый Кудрэвіч, Антон Хадакоўскі, Віталь Навіцкі, Віктар Сачук. Касцяк ДАІ складаюць намеснік начальніка – начальнік МРЭА ДАІ Аляксандр Вайтовіч, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы Андрэй Пальчэўскі, старшыя інспектары дарожна-патрульнай службы Дзмітрый Яўсейчык і Сяргей Каломенскі, інспектары Юрый Клаўсуць, Іван Някрасаў, Алег Стэц, Валянцін Ліпніцкі. І сапраўдныя старажылы органаў правапарадку – старшы дзяржаўтаінспектар Аляксандр Траццяк, інспектары дарожна-патрульнай службы Андрэй Паноцкі і Уладзімір Грыб.        

«Наша служба и опасна, и трудна…» – менавіта словамі з вядомай песні інспектары ДАІ часцей за ўсё «аджартоўваюцца» на просьбу расказаць штосьці пра свае будні. Тым не менш, зусім не жарт тое, што ў 2012 годзе пры выкананні службовых абавязкаў атрымаў цяжкія траўмы інспектар Уладзімір Грыб і, толькі дзякуючы прафесіяналізму ўрачоў,  застаўся ў страі і  задае тон іншым. Разам з Іванам Някрасавым яны праследавалі вадзіцеля-»ліхача» аж 150 км. «Ліхач» аказаўся п’яным за рулём… Не так даўно другі  экіпаж – у складзе Валянціна Ліпніцкага і Антона Хадакоўскага – пры адпрацоўцы аўтамагістралі затрымаў мікрааўтобус, вадзіцель якога перавозіў без дакументаў буйную партыю цыгарэт. Сума яе – амаль 400 мільёнаў рублёў. А колькі было затрымана тых, хто перавозіў нарабаванае і ўжо паціраў рукі, што застаўся беспакараным! 

НА ЗДЫМКАХ: начальнік аддзела ДАІ Дзмітрый Воранаў правярае нясенне службы маладым інспектарам Антонам Хадакоўскім; экіпаж інспектараў Дзмітрыя Давыдоўскага і Віталя Навіцкага гатовы да выезду.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>