Камбінат «пастарэў» на 16 гадоў

6-га лістапада 2015 года ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» адзначыў сваё 70-годдзе. А не так даўно, у адказ на запыт дырэктара камбіната Рамуальды Бурдукевіч аб удакладненні даты заснавання прадпрыемства, дасланы копіі дакументаў, а таксама афіцыйнае экспертнае заключэнне з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у якім зроблены адназначны вывад: прадпрыемства ўтворана 10 лістапада 1929 года. Такім чынам, яно «пастарэла» на 16 гадоў!

Для ўдакладнення даты заснавання Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната навуковымі супрацоўнікамі Інстытута гісторыі на працягу чатырох месяцаў была праведзена навукова-даследчая і экспертная работа, у ходзе якой прааналізаваны ўжо вядомыя дакументы і знойдзены абсалютна новыя.

Як адзначаецца ў экспертным заключэнні, па стане на 1926 год у Стаўбцоўскім павеце, згодна са статыстычнымі данымі, налічвалася: 12 931 конь, 23 993 галавы буйной рагатай жывёлы, 1822 авечкі і казы, 298 свіней. Экспарт жывёлагадоўчай прадукцыі складаў 1498 галоў рагатай жывёлы, 23 334 свінні, 111,565 кг ялавічыны, 13,501 кг цяляціны ў год. Са спасылкай на электронны рэсурс указваецца, што на тэрыторыі Стаўбцоўскага павета ў 1926 годзе працавала пяць бойняў жывёлы.

Не варта тлумачыць, што экспарт мяса быў эканамічна больш выгадным, чым экспарт жывёлы. Менавіта таму ў красавіку 1927 года Стаўбцоўскі павятовы аддзел звярнуўся ў Польскі банк Камунальны па крэдыт для будаўніцтва бойні жывёлы. У штотыднёвым выданні Міністэрства прамысловасці і гандлю за 1928 год з гэтай нагоды адзначалася, што аддзел павятовы ў Стоўбцах прыступіў да будаўніцтва муніцыпальнай бойні жывёлы, якая будзе абсталявана ў адпаведнасці з навейшымі тэхнічнымі і санітарнымі патрабаваннямі.

Урачыстае адкрыццё вытворчасці ў Стоўбцах адбылося 10 лістапада 1929 года. Карэспандэнт газеты Zycie Nowogrodzkie адзначаў важнасць данай падзеі тым, што ў цырымоніі адкрыцця прымалі ўдзел не толькі прадстаўнікі мясцовых органаў упраўлення Стоўбцаў (стараста Кульвіц, бурмістр Цваліна, начальнік аддзела самакіравання Сахацкі), але і навагрудскі віцэ-ваявода Гадлеўскі і дырэктар акружной дырэкцыі работ публічных інжынер Зубялевіч. Гэта сведчыць, што адкрыццё бойні жывёлы ў Стоўбцах з’явілася важнай падзеяй эканамічнага жыцця не толькі Стаўбцоўскага павета, але і Навагрудскага ваяводства ў цэлым.

У будаўніцтва бойні жывёлы было інвесціравана 21 000 злотых. Яе вытворчыя магутнасці дазвалялі ажыццяўляць штодзённы забой 150-200 галоў рагатай і 200-300 галоў нерагатай жывёлы.

Знойдзены дакладныя звесткі, што бойня жывёлы была ўкамплектавана кваліфікаванымі спецыялістамі, якія абавязаны былі пацвярджаць свой прафесійны ўзровень падчас спецыяльных экзаменаў. Так, 8-га студзеня 1931 года мяснікі і вяндляры Стаўбцоўскай бойні жывёлы здавалі адаведны экзамен, які праводзіўся ў Баранавічах. Ветэрынарны кантроль на бойні жывёлы ажыццяўляў ветэрынарны ўрач К. Скочэк. У 1930-я гады начальнікам бойні жывёлы працаваў П. В. Аўдзей.

У 30-я гады бойня жывёлы функцыянавала дастаткова прадукцыйна. Так, да прыкладу, на пасяджэнні муніцыпальнай Рады ў Стоўбцах 27 лютага 1937 года адзначалася, што бюджэт бойні жывёлы за 1936 год склаў 28 925 злотых.

Такім чынам, падводзяць вынік гісторыкі-эксперты, зыходзячы з таго, што бойня жывёлы, дзе ажыццяўляліся забой і пярвічная перапрацоўка жывёлы, выступаюць як прадпрыемствы пачатковага этапу ў развіцці мясной прамысловасці, датай заснавання Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната правамерна лічыць 10 лістапада 1929 года. А архіўныя даныя даносяць цікавыя звесткі аб развіцці харчовай вытворчасці амаль стагоддзе таму назад.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>