Акно ДАІ. Крымінал

НАЙБОЛЬШ ЗДАРЭННЯЎ – У НЯДЗЕЛЮ

На Стаўбцоўшчыне прайшоў першы ў новым годзе адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Яго дэвіз – «Дарога памылак не даруе» – скіраваны на аналіз стану дарожнай абстаноўкі ў 2017 годзе.

Аддзелам ДАІ райаддзела міліцыі зроблена падрабязная раскладка па кожным з 22-х зарэгістраваных у 2017 годзе дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх ёсць ахвяры або пацярпелыя. Так, загінулі шэсць чалавек: 29 – атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці (у 2016 годзе было 25 ДТЗ з шасцю загінуўшымі і 24 параненымі). Тры ДТЗ учынены вадзіцелямі ў нецвярозым стане. Найбольш ДТЗ (8) зафіксавана на ўчастку аўтамагістралі М1, што праходзіць праз тэрыторыю раёна. Па тры ДТЗ – на аўтадарогах Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын і Пяршай – Івянец – Нясвіж, у горадзе Стоўбцы. Пяць ДТЗ здарылася на дарогах раёна.

У 86-ці працэнтах дарожных аварый устаноўлена віна вадзіцеля, прычым пераважная большасць іх – гэта ўладальнікі індывідуальных транспартных сродкаў. У 14-ці працэнтах ДТЗ прызнана віна пешаходаў. Прычыны, якія прывялі да аварый, – няправільна выбраная хуткасць (у васьмі ДТЗ), парушэнні правілаў дарожнага руху з боку пешаходаў і веласіпедыстаў (у трох ДТЗ), правілаў манеўрыравання (у трох ДТЗ).    

Сярод відаў ДТЗ пераважалі ў мінулым годзе наезды на пешаходаў, сутыкненні папутныя і лабавыя. Летась значна зменшылася колькасць фактаў наезду на веласіпедыстаў (зарэгістраваны адзін факт) і ўвогуле адсутнічаюць факты наезду на гужавы транспарт.

Калі размяркоўваць ДТЗ з наступствамі па днях тыдня, то самымі аварыйнымі выходзяць нядзеля (8 ДТЗ), чацвер (4 ДТЗ) і пятніца (3 ДТЗ). Менавіта ў нядзелю зафіксавана на дарозе больш за 30 працэнтаў загінулых і каля 30-ці працэнтаў – параненых. Найменш аварыйная субота (адно ДТЗ), аднак у цэлым няма ніводнага дня тыдня, які б не фігурыраваў у зводках ДАІ.  

Новы год пачаўся на дарогах раёна з ДТЗ. У ім загінуў пешаход 1993 года нараджэння. Малады чалавек рухаўся па дарозе ноччу і не быў абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. ДАІ заклікае ўдзельнікаў дарожнага руху быць уважлівымі (зімовая дарога бывае непрадказальнай з-за няўстойлівых умоў надвор’я і не даруе памылак), няўхільна выконваць правілы дарожнага руху, у тым ліку пешаходам абавязкова абазначаць сябе ў цёмны час сутак флікерамі.

Сяргей КАЛОМЕНСКІ, старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

ГІМНАСТЫКА… З МАРАЛЬНЫМІ ТРАЎМАМІ

Стаўбцоўскім раённым аддзелам Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы ў адносінах да грамадзяніна 1992 года нараджэння, які ўчыніў шэраг гвалтоўных дзеянняў над непаўналетнімі.

У ходзе расследавання крымінальнай справы ўстаноўлена, што малады чалавек, будучы індывідуальным прадпрымальнікам у сферы фатаграфавання, заключыў дагавор аказання паслуг з іншым ІП, які арандаваў у будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» памяшканне для заняткаў аздараўленчай гімнастыкай. У гэтым памяшканні яны праводзілі заняткі для непаўналетніх і малалетніх дзяцей. Пазней заключыў дагавор арэнды з РУП «Белпошта» (у памяшканні раённага вузла паштовай сувязі) і там праводзіў заняткі.

Як высветлілася, малады чалавек у перыяд з 01.01.2014 па 27.03.2017 для ўчынення злачынстваў сексуальнага і распуснага характару выкарыстоўваў бездапаможны стан сваіх выхаванцаў, якія з-за ўзросту не разумелі характару і значэння ўчыненых дзеянняў і таму не маглі аказаць супрацьдзеяння. У адносінах да грамадзяніна ўзбуджаны 24 крымінальныя справы, якія аб’яднаны ў адну вытворчасць. Яму прад’яўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных адпаведнымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса. Справа перададзена ў суд. Пацярпелымі прызнаны тры дзяўчынкі – 2002, 2004 і 2012 гадоў нараджэння.

Што датычыць характарыстыкі абвінавачванага, то ён з’яўляецца халасцяком, раней не быў прыцягнуты да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, на ўліку ў псіхіятра ці нарколага не знаходзіўся. Ён вучыцца на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Культуралогія», спецыялізацыя «Менеджмент міжнародных культурных сувязяў». З гэтага вынікае, што ён не мае адносін да выкладчыцкай дзейнасці і, адпаведна, не можа працаваць з асобамі, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Аднак дакументы, якія пацвярджаюць права на правядзенне заняткаў з удзелам непаўналетніх, у тым ліку малалетніх дзяцей, з боку адміністрацыі дзіцячай юнацка-спартыўнай школы не былі запатрабаваны. І ў дагаворы арэнды, заключаным паміж гэтым грамадзянінам і РУП «Белпошта», указана, што арэндадаўца абавязаны не ўмешвацца ў дзейнасць арандатара, калі яна не наносіць шкоды арэндадаўцу. Даны пункт стварае глебу для таго, што ў арандаваным памяшканні могуць учыняцца як правапарушэнні, так і злачынствы. Усё гэта і паслужыла ўмовамі для ўчынення злачынства маладым чалавекам, у якога аказаўся нізкім узровень прававой свядомасці, адсутнічаюць маральныя якасці.

ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна» і РУП «Белпошта» ўнесены прадстаўленні.

Мікалай СКРЫГАН, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>