Сустрэчы

Filed under: Нумары,Соцыум |

070218c

ПТУШКА НАДЗЕІ Ў РУКАХ

Апошнім часам на Стаўбцоўшчыне прыкметна ўзрасла сацыяльная актыўнасць маладых людзей з інваліднасцю. Яны становяцца ўдзельнікамі трэнінгаў і майстар-класаў, адпраўляюцца ў цікавыя паездкі.

– У Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» працягваецца рэалізацыя праекта «Паляпшэнне доступу да сацыяльных паслуг для дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю». Праект нацэльвае на актыўны лад жыцця, узаемадзеянне з соцыумам і карысны тым, што для кагосьці з бацькоў маладых людзей з інваліднасцю прадастаўляе сацыяльную перадышку, іншым дае магчымасць самарэалізоўвацца, – зазначае старшыня арганізацыі Ніна Ганісеўская.

Так, у рамках праекта ў маладых людзей з інваліднасцю з’явілася магчымасць замацаваць свае веды па бяспечнай жыццядзейнасці. Для іх на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра прайшоў трэнінг «Мая бяспека» з удзелам работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Выратавальнікі падышлі да гэтага мерапрыемства ўсебакова, нефармальна. Інспектар Вольга Салей прапанавала паглядзець павучальны фільм, скласці пазлы, адказаць на пытанні тэстаў. Падчас іх у даступнай форме абмяркоўваліся правілы карыстання электрапрыборамі, паводзіны пры прыродных стыхійных з’явах, меры перасцярогі з агнём і небяспечнымі прадметамі. Усе былі ў захапленні, калі да фізкультурна-аздараўленчага комплексу пад’ехала пажарная машына, і ўдзельнікам трэнінгу прадэманстравалі, як працуюць механізмы, далі магчымасць прымераць службовы касцюм байца пажарнага падраздзялення.  

Надзвычай творчым атрымаўся майстар-клас па лепцы з гліны, які правяла педагог Таццяна Аўгусціновіч. Яна ўмее працаваць з маладымі людзьмі з асаблівасцямі развіцця, цэніць творчую індывідуальнасць і свабоду кожнага. Яе кабінет-майстэрня аснашчаны неабходнымі прыстасаваннямі для абпальвання, расфарбоўкі гатовых гліняных вырабаў. Разам ляпілі птушак. У кожнага яна атрымалася непаўторнай, сваёй. І тут трэба заўважыць, што важны быў сам працэс, а ён, дарэчы, захапіў у тым ліку і матулю, якая суправаджала групу маладых людзей ў Стаўбцоўскі цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі. На развітанне яны прызналіся, што працягнуць займацца гэтай творчасцю і дома.

Створаная сваімі рукамі «птушка надзеі» паклікала маладых людзей з інваліднасцю ў палёт, на шлях адкрыццяў і далейшых знаёмстваў. Маршрутам быў выбраны адзін з мікрараёнаў Стоўбцаў – Акінчыцы. Завіталі ў філіял Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, дзе іх сустрэла старшы навуковы супрацоўнік Софія Міцкевіч. Цікава было пачуць факты і падрабязнасці з жыцця народнага песняра, нашага вялікага земляка.

Побач з музеем Якуба Коласа знаходзіцца і яшчэ адзін музей, варты ўвагі, – музей мёду, адкрыты ў 2017 годзе Стаўбцоўскім лясгасам. З экспанатамі музея, якія знаходзяцца ў памяшканні і на вуліцы, знаёмілі старшы пчаляр Міхаіл Каўгарэня і намеснік дырэктара лясгаса Аляксандр Шарапа. Гасцей пачаставалі мёдам, сабраным з пасек лясгаса, а ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў яны змаглі папіць з гэтым карысным прадуктам чаю. Групу маладых людзей з інваліднасцю суправаджала ў гэтай экскурсійнай паездцы спецыяліст аддзялення Вольга Высоцкая, акрамя таго, тэрытарыяльны цэнтр выдзеліў мікрааўтобус для паездкі. З тэрытарыяльным цэнтрам у Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі наладжана цеснае супрацоўніцтва.

– У новым годзе спадзяёмся на новыя праекты, на працяг распачатага праекта, – дзеліцца сваімі думкамі Ніна Ганісеўская. – Яго фінансуюць замежныя фонды, і гэта залежыць ад іх. Мы пастаянна вядзём работу, накіраваную на сацыялізацыю членаў нашай арганізацыі, і таму праект у гэтым плане мае актуальнасць. Шукалі нешта цікавае, выязджалі… І так кожны месяц. З членаў арганізацыі сфарміраваўся сапраўдны касцяк удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў, і гэта не менш за 15 чалавек. Пастаянна далучаліся і новыя ўдзельнікі ў залежнасці ад сваіх інтарэсаў.

Нашаму гораду хацелася б пажадаць у новым годзе больш насычанага культурнага жыцця – канцэртаў, фільмаў, выставак і т. п., якія, безумоўна, будуць цікавыя не толькі маладым людзям з інваліднасцю, і своечасовых анонсаў аб іх правядзенні ў сродках масавай інфармацыі.

На здымках: кожны лепіць сваю птушку; цікава зазірнуць у вулей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

НАСЕЛЬНІКАМ ДОМА-ІНТЭРНАТА

Усе, хто пражывае ў Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў, высока ацанілі сацыяльны праект «Цяпло сардэчных сустрэч».

Сустрэча прайшла ў рамках праекта, які рэалізуе аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, і на гэты раз адрознівалася не толькі сваім маштабам, а і інтэрактывам.

Працавалі адразу тры секцыі – псіхалагічная, творчая і музычная, якія далі магчымасць пражываючым стаць удзельнікамі выстаўкі работ, майстар-класа, выступлення хору «Родны кут», трэнінгаў ад псіхолагаў Іны Сянько і Святланы Калпак, інтэрактыўных заняткаў з элементамі творчасці па прафілактыцы дэменцыі.    

З прывітаннем звярнуліся да ўдзельнікаў дырэктар дома-інтэрната Валянціна Атрушкевіч і загадчык аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс. Панавала атмасфера сардэчнасці і сяброўства, пераймання адзін у аднаго вопыту.

Кіраўніцтва дома-інтэрната добра разумее, што для яго насельнікаў надзвычай важныя такія сустрэчы. Яны жывуць фактычна ў абмежаванай прасторы, не выязджаючы за сцены ўстановы, таму маюць вялікую патрэбу ў старонніх кантактах, свежых знаёмствах і новых уражаннях. Для іх яны – дадатковая крыніца энергіі і добрага настрою, натхнення і ўсмешак, магутная матывацыя да таго, каб жыць паўнацэнна і цікава.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>