Ідзе датэрміновае галасаванне

Filed under: Выборы - 2018,Нумары |

140218c

На Ленінскім участку для галасавання № 1 па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання працягваецца датэрміновае галасаванне. У спакойнай абстаноўцы, пры захаванні ўсіх нормаў выбарчага заканадаўства.

Другі дзень, як выбаршчыкі маюць магчымасць аддаць свой голас за дастойных кандыдатаў у абласны і раённы Саветы дэпутатаў. У нядзелю, 18-га лютага, – асноўны дзень галасавання. Кожны з выбаршчыкаў вырашае сам, калі яму зручна прыйсці на ўчастак. Выбар у даным выпадку мае істотнае значэнне, таму што сярод выбаршчыкаў нямала людзей ва ўзросце. У межах Ленінскага ўчастка акурат знаходзіцца старая забудова горада, так бы мовіць, яго гістарычны цэнтр, у якім пражывае нямала стаўбчан-старажылаў. Разам са старэйшым пакаленнем чакаюць тут і моладзь, тых, хто прыйдзе галасаваць упершыню. Згодна з удакладненымі данымі, усіх на ўчастку зарэгістравана 1868 выбаршчыкаў.

– Пяцёра маладых людзей будуць галасаваць упершыню. У спісы выбаршчыкаў таксама ўключаны некалькі грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія дасягнулі да дня выбараў 18-ці гадоў і пастаянна пражываюць на тэрыторыі раёна і, у прыватнасці, нашага ўчастка для галасавання, – называе асаблівасці Ленінскага ўчастка для галасавання старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Наталля Хвасько.

Адметнасць і ў тым, што месца размяшчэння Ленінскага ўчастка перанесена – з памяшкання сярэдняй школы № 2 у раённы Цэнтр культуры. У тым, што выбар зроблены на карысць РЦК, не апошнюю ролю сыграла безбар’ернае асяроддзе – трапіць на ўчастак, дзе няма высокіх прыступак, лесвіц і т. п., не складзе цяжкасці выбаршчыкам з інваліднасцю, маламабільным грамадзянам. Акрамя таго, пры неабходнасці гатовы прыйсці на дапамогу валанцёры БРСМ і Чырвонага Крыжа.

На ўваходзе ў РЦК вывешаны плакат аб правядзенні выбараў, інфармацыя аб размяшчэнні тут участка для галасавання, яго межах у разрэзе вуліц горада, змешчаны лістоўкі з данымі пра кандыдатаў у дэпутаты. Такія лістоўкі члены камісіі прыносілі і выбаршчыкам дадому падчас уручэння запрашэнняў на выбары. Тады ж была вызначана колькасць тых, хто не зможа прыйсці на ўчастак і хацеў бы прагаласаваць дома. З 2-га лютага на ўчастку па вечарах дзяжураць члены камісіі, таму выбаршчыкі загадзя могуць высветліць усе незразумелыя для сябе пытанні.

Як падкрэслівае Наталля Хвасько, для надомнага галасавання, якое прадугледжана законам у асноўны дзень выбараў, на ўчастку падрыхтаваны дзве ўрны. Датэрміновае галасаванне ідзе на ўчастку ў асобную вялікую ўрну. Такая ж урна яшчэ чакае свайго часу, а ён наступіць у асноўны дзень галасавання. На ўчастку ўстаноўлены дзве кабіны для волевыяўлення выбаршчыкаў. Аформлены «Куток выбаршчыка», і ён адразу прыцягвае ўвагу.

– Цеснае ўзаемадзеянне наладжана камісіяй з дырэктарам раённага Цэнтра культуры Алай Сушч, таму і яе заслуга ў тым, што ўчастак поўнасцю падрыхтаваны да выбараў, – адзначае Наталля Хвасько. Сярод першых памочнікаў – і вопытны граматны сакратар камісіі Алена Найдзяновіч.                  

Датэрміновае галасаванне працягваецца. Члены камісіі выконваюць сваю работу хутка і тактоўна. За захаваннем нормаў заканадаўства сочаць назіральнікі. На Ленінскім участку яны прадстаўляюць дзве грамадскія арганізацыі, БРСМ і «Белую Русь», а таксама Камуністычную партыю Беларусі.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>