• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Верныя роднай зямлі

140218a

У мінулую пятніцу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды перадавікам аграпрамысловага комплексу краіны. На ўрачыстую цырымонію ўшанавання ад нашага раёна былі запрошаны чатыры чалавекі.

Сярод іх – намеснік дырэктара ААТ «Агранёманскі» Іван Скварчэўскі і механізатар гэтага таварыства Аляксей Пальчык. У раслінаводчай галіне ААТ «Агранёманскі» Іван Скварчэўскі працуе на працягу 27 гадоў. Прайшоў шлях ад намесніка начальніка вытворчага ўчастка да намесніка дырэктара. Дзякуючы яго багатаму вопыту, уменню і старанню ўраджайнасць усіх сельскагаспадарчых культур у таварыстве ў ліку самых высокіх у раёне. І сёлета ў няпростых умовах надвор’я хлебаробы гаспадаркі дабіліся неблагіх вынікаў. Урадзілі збожжавыя – з кожнага гектара намалочана 53,4 цэнтнера. Атрыманы самы высокі ў раёне валавы збор – сабрана 10 738 тон збожжа. Удаліся цукровыя буракі, рапс, бульба і гародніна. На працягу многіх гадоў таварыства з’яўляецца элітгасам па вырошчванні збожжавых, зернебабовых, рапсу. Іван Іванавіч пастаянна падкрэслівае, што расціць хлеб – яго прызванне. І робіць ён сваю справу сумленна. Пра такіх спецыялістаў гавораць: чалавек на сваім месцы. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўзнагародзіла Івана Іванавіча юбілейным медалём «110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».

У гэтым таварыстве падабраўся моцны касцяк механізатараў, з якімі Іван Скварчэўскі адпрацаваў не адзін дзясятак гадоў. Сярод іх адзін з вопытнейшых хлебаробаў – Аляксей Пальчык. Разам яны шукаюць захады, працуюць, выкарыстоўваючы навейшыя тэхналогіі, раяцца, на якіх палетках і якую пасеяць культуру, каб атрымаць найвышэйшыя паказчыкі. Пайшоў трыццаць другі год, як Аляксей Канстанцінавіч працуе на трактары. І справа гэтая стала неад’емнай часткай яго жыцця. Пальчык выконвае практычна ўсе палявыя работы, добра ведае агратэхніку і пастаянна дабіваецца высокіх вынікаў. Аляксей Канстанцінавіч з маленства звыклы да працы, настойлівы і мэтанакіраваны. А прывіў яму любоў да такой нялёгкай, але важнай прафесіі хлебароба яго бацька, які таксама працаваў у гаспадарцы трактарыстам. Аляксей Пальчык адзін з самых тытулаваных работнікаў у гаспадарцы, неаднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам раённых, абласных спаборніцтваў на розных відах работ. Мае падзяку старшыні аблвыканкама. Летась ён правёў юбілейнае, дваццатае жніво. Два апошнія гады запар выходзіць пераможцам у раёне па намалотах збожжа і ўтрымлівае пераходны прыз, заснаваны ў гонар праслаўленага камбайнера, ветэрана працы Генадзія Цвіркі.

На ўрачыстай цырымоніі таксама прысутнічалі кіраўнік сялянскай фермерскай гаспадаркі «Сула» Уладзімір Радзевіч і галоўны заатэхнік ТАА «СЖК «Налібакі» Уладзімір Чарняўскі. Уклад іх у сельскагаспадарчую галіну даволі важкі. Уладзімір Уладзіміравіч з году ў год дабіваецца высокіх ураджаяў бульбы. Ён набыў вялікі аўтарытэт не толькі ў нашай краіне, а і за яе межамі. На палетках гаспадаркі праведзена першая Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Еўразійская бульба». Уладзімір Радзевіч узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», мае ганаровае званне «Чалавек года Міншчыны».

Уладзімір Чарняўскі пятнаццаць гадоў узначальвае жывёлагадоўчую галіну флагмана раёна па вытворчасці малака. Летась жывёлаводы надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы 8582 кілаграмы малака і па гэтым паказчыку займаюць у рэспубліцы васямнаццатае месца сярод аднатыпных падраздзяленняў.

Усе удзельнікі ўрачыстай цырымоніі атрымалі каштоўныя падарункі.

На здымках: намеснік дырэктара ААТ «Агранёманскі» Іван Скварчэўскі (злева) і механізатар Аляксей Пальчык; кіраўнік СФГ «Сула» Уладзімір Радзевіч; галоўны заатэхнік ТАА «СЖК «Налібакі» Уладзімір Чарняўскі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>