• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў: “Выслухаць – і дапамагчы”

Filed under: Нумары,Прамая лінія |

140218

Сустрэчы з насельніцтвам, прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі – эфектыўныя формы работы старшыні райвыканкама Юрыя Горлава, якія даўно сябе зарэкамендавалі. Гэта не толькі добрая магчымасць дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, але і быць у курсе мясцовых праблем, якія хвалююць людзей.

На прамую лінію да старшыні райвыканкама, якая прайшла ў мінулую суботу, паступіла 17 тэлефонных званкоў. На кожнае тэлефанаванне Юрый Мікалаевіч даў грунтоўны адказ з канкрэтнымі тэрмінамі выканання работы ці «выпраўленнем дапушчаных памылак».

Першы тэлефонны званок паступіў на прамую лінію са Стоўбцаў. Жыхарка дома № 11 па вуліцы Міру прасіла садзейнічання старшыні райвыканкама ў вырашэнні пытанняў: у доме не працуюць выцяжкі, з акон дзьме. У бягучым годзе заканчваецца гарантыйны тэрмін на дом. Работнікі ЖКГ тры месяцы назад заходзілі ў дом, але праблема засталася нявырашанай і сёння.

Юрый Горлаў паабяцаў, што на наступным тыдні прыедуць спецыялісты і ўсё прывядуць у парадак.

Жыхарка Слабодкі скардзілася на тое, што ў вёсцы адсутнічае асвятленне вуліцы. Святло гарыць толькі ў пачатку вёскі.

–             Возьмем ваш зварот на кантроль. Старшыня сельвыканкама праверыць, ці выконваюцца сацстандарты ў вёсцы, і тады будзе прынята рашэнне наконт пераносу асвятлення да жылых дамоў, – канстатаваў Юрый Мікалаевіч.

–             Жыхары Дзераўной, Заброддзя, Найдзёнавіч прасілі дапамогі ў вырашэнні пытання добраўпарадкавання вуліц.

Юрый Мікалаевіч растлумачыў, што ў раённай газеце «Прамень» за 10.02.2018 надрукаваны пералік чарговасці работ па рамонце жылля, добраўпарадкаванні вуліц і г. д. У перспектыве даныя вуліцы, безумоўна, будуць асфальтаваны, а вясной на сродкі, сабраныя на суботніку, дарогі будуць адрамантаваны.

Паступіў на прамую лінію і калектыўны зварот жыхароў Задвор’я (вул. Зарэчная, зав. Юбілейны, вул. Юбілейная). Людзі скардзіліся на дрэнную дарогу, на адсутнасць водаправода. Юрый Горлаў уважліва выслухаў усіх, хто тэлефанаваў, і параіў: «Давайце збяром сход жыхароў вуліц і разам падумаем, як вам дапамагчы. Я раю правесці адразу ваду, толькі насельніцтву патрэбна купіць трубу, а пасля будзем рамантаваць дарогі».

Наконт вулічнага асвятлення паступалі званкі з вул. Міру, 3 (не асвятляецца вуліца); вул. Князева (асвятліць прыпыначны пункт па вул. Багінскага).

Таксама пытанні добраўпарадкавання дарогі падымалі жыхары вул. Пераможцаў у Стоўбцах.

–             Вашу праблему ведаем. На наступным тыдні камісія з маім удзелам выедзе на месца. Мы вырашым, як выправіць сітуацыю, – сказаў Юрый Мікалаевіч.

Паступілі на прамую лінію і званкі, якія ўяўлялі сабой парады-просьбы. Напрыклад, жыхары гарадской вуліцы 17 Верасня звярнуліся з просьбай арганізаваць работу аптэкі ў пустуючай палове магазіна райспажыўтаварыства. Жыхары Задвор’я (вул. Зарэчная) расказалі, што недалёка ад іх працуе нейкая фірма і паліць, напэўна, гуму, бо дым не дае магчымасці выйсці нават на вуліцу. З даным пытаннем будуць разбірацца інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і санэпідэмслужба.

Жыхарка Новага Свержаня прасіла разабрацца з цэнаўтварэннем адносна памыўкі ў лазні, а жыхарка Дзераўной падказала адрас безгаспадарчасці.

Жыхарка Літвы папрасіла старшыню райвыканкама дапамагчы разабрацца ў яе жыццёва важным пытанні. Яны прыватызуюць дом. Адрамантавалі яго, а суму за прыватызацыю ім выставілі вельмі высокую. Юрый Мікалаевіч даў даручэнне камісіі выехаць на месца і разабрацца з коштам дома, улічваючы праведзены рамонт.

Усе пытанні, зададзеныя падчас прамой лініі, узяты на кантроль. Яны, як запэўніў старшыня райвыканкама, будуць разгледжаны ў бліжэйшы час.

Падводзячы вынікі работы на прамой лініі, Юрый Горлаў адзначыў: «Са зваротамі грамадзян усяму адміністрацыйнаму корпусу, дэпутатам патрэбна працаваць больш прадукцыйна. У ідэале, праблему лягчэй папярэдзіць, чым потым яе вырашаць. Чыноўніку, кіраўніку, адказнай асобе не варта забываць аксіёму: улада для народа. Мы абавязаны працаваць сумленна і адказна».

На прамой лініі працавала Нэлі АСТРЭЙКА,фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>