Урокі жыцця ад мужных настаўнікаў

140218d

Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» налічвае 94 чалавекі. Па добрай традыцыі, раённая арганізацыя не пакідае без апекі бацькоў землякоў, якія загінулі. Акурат напярэдадні Дня памяці разам з супрацоўнікамі райваенкамата і райвыканкама воіны-інтэрнацыяналісты наведаліся з кветкамі і падарункамі да М. К. Янушкевіч у Хатоўку, М. В. Шалькевіч у Запольцы, З. Г. Клімахінай у Рубяжэвічы, А. І. Посаха ў Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат, а таксама да стаўбчанкі Т. М. Цярэшка. На жаль, у мінулым годзе «афганцы» правялі ў апошні шлях М. С. Бохан з Баханоў…      

– Разам вырашаем праблемы, падтрымліваем адзін аднаго. Рэалізуем план мерапрыемстваў да 29-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана, – заўважае старшыня арганізацыі Рыгор Мамайка. – Збіраемся ў гэты дзень сем’ямі, успамінаем баявых сяброў, гады юнацтва… Ад ваенкамата ідзём калонай да мемарыяла ў гонар загінуўшых землякоў, ускладаем кветкі, бяром удзел у паніхідзе, а пасля праводзім сход з паказальным выступленнем выхаванцаў спартыўна-патрыятычнага клуба баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны».

Клуб з’яўляецца структурным падраздзяленнем раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, Рыгор Мамайка – яго нязменны кіраўнік. Наперадзе «афганскага» руху Стаўбцоўшчыны – савет у складзе Генадзя Нагорнага (старшыня савета), Уладзіміра Кутаса, Мікалая Бутрымовіча, Аляксандра Бычынскага, Міхаіла Мамайкі, Віктара Дзянісава, Міхаіла Карпы, Івана Карніцкага, Алега Курмышава, Вітольда Лісоўскага, Мар’яна Маргаўнічага, Аляксандра Фенькі, Уладзіміра Семянкевіча, Мікалая Жытнікава, Мікалая Сырадоева, Аляксандра Уласевіча. Кожны з гэтых людзей служыць прыкладам для моладзі, аўтарытэтам у працоўным калектыве і сярод стаўбчан.      

Воіны-інтэрнацыяналісты бачаць, як развіваецца іх дзецішча. Нядаўна выхаванцы клуба чарговы раз паспяхова выступілі на міжнародным турніры ў Падольску. У будучым, як паказвае рэчаіснасць, яны знаходзяць дастойнае месца сярод тых, хто абараняе Радзіму, стаіць на варце яго законаў. «Афіцэрамі ўжо сталі 35 выхаванцаў клуба», – з гонарам зазначае Рыгор Мамайка і падкрэслівае цесную непарыўную сувязь з гэтымі людзьмі.

Насамрэч у воінаў-інтэрнацыяналістаў раёна набярэцца значна большая колькасць вучняў і выпускнікоў. Рыгор Мамайка, акрамя заняткаў у клубе, працуе настаўнікам фізічнай культуры ў самай вялікай стаўбцоўскай школе – СШ № 3. Яго брат Міхаіл таксама шчыруе на гэтай жа ніве – у Любкаўшчынскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Абодва ў ліку першых у раёне сярод «фізрукоў» атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Аднак самае важнае – у кожнага аўтарытэт прафесійны і педагагічны дапаўняе высокі грамадскі статус. А ён грунтуецца на іх дзейсным і настойлівым «афганскім» характары, ухіле на спартыўна-патрыятычную работу, якую нельга ўявіць без поўнай самааддачы, адказнасці за лёс падрастаючага пакалення і, як дадае Міхаіл Мамайка, таго куточка зямлі, дзе жывеш.

Так, у сваёй Любкаўшчыне Міхаіл Андрэевіч на грамадскіх пачатках рыхтуе каманду ААТ «Радзіма Якуба Коласа» для выступленняў на спартакіядах сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна, вобласці. На працягу многіх гадоў каманда «аддзячвае» перамогай, а кіраўніцтва гаспадаркі сказала свой «дзякуй» набыццём для школы сучаснага спортінвентару. Дапамагла гаспадарка і з аснашчэннем музычнай апаратурай, што для Міхаіла Мамайкі, да таго ж яшчэ і вядомага самадзейнага паэта, кампазітара і выканаўцы, – дадатковая крыніца натхнення, творчых удач і перамог. Сваімі выступленнямі ён упрыгожыў многія конкурсы і канцэрты ў школе, гаспадарцы, аграгарадку. Міхаілу Андрэевічу з улікам яго здольнасцяў даручаны ў раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў культурна-масавы напрамак дзейнасці.  

Пры такім графіку жыцця нельга не сказаць і пра інтэнсіўную пазаўрочную работу Міхаіла Мамайкі ў сценах школы. Яе вынікам стала тое, што сельская ўстанова адукацыі, дзе навучаецца менш за сотню вучняў, – першая на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод школьнікаў па піянерболе. Любкаўшчынскі спартыўны рэзерв разам са сваім настаўнікам фізічнай культуры (апошнім часам ён працуе ў цеснай звязцы з трэнерам Віктарам Гаптаром з Дзераўной) – першы на раённых і абласных спаборніцтвах па валейболе.

Выступленняў шмат – і перамог таксама. І паслядоўнікі ў Міхаіла Мамайкі выраслі. З невялікай сельскай школы па слядах свайго настаўніка пайшлі дзевяць выпускнікоў, трое яго выхаванцаў закончылі Акадэмію МУС, яшчэ трое – Ваенную акадэмію. Гуртуюцца вакол яго і воіны-інтэрнацыяналісты, якія жывуць на тэрыторыі Мікалаеўшчынскага сельсавета. Гэта Алік Крывашэй і Раман Цвірка, трактарыст і брыгадзір ААТ «Радзіма Якуба Коласа», Валерый Пракаповіч – ляснік Бабаўнянскага лясніцтва Капыльскага лясгаса. Як ужо было сказана вышэй, у дырэкцыі і прафкама гаспадаркі да «афганцаў» асаблівыя ўвага і клопат.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>