Проста Марыя

070318h

Калі хочаце шмат аб чым даведацца, розуму і мудрасці набрацца, то наведайце нашы беларускія вёсачкі. Колькі там жыве цікавых людзей з няпростымі лёсамі…

Драўляны, пафарбаваны ў жоўты колер дом з вясны да восені патанае ў кветках і зеляніне. Зараз яго ўпрыгожвае пяцікутняя чырвоная зорка.

Тут жыве жонка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, удава, сціплая і мудрая жанчына Марыя Малянчук. Яна самая старэйшая жыхарка вёскі Савоні: у снежні мінулага года адзначыла 93-я ўгодкі. Заўсёды спакойная, памяркоўная, разважлівая. Пагаварыць з ёю – розуму набрацца.

Нарадзілася Марыя Мікалаеўна ў вёсцы Мархачоўшчына ў сям’і Мікалая Шыдлоўскага. «Мяне бацькі назвалі проста – Марыя», – смяецца жанчына. У сям’і ўжо была старэйшая сястра Таццяна, а пасля яе, Марыі, яшчэ нарадзіўся брат Фёдар. Дзеці падрасталі, працавалі разам з бацькамі на гаспадарцы. Было вельмі цяжка, вайну перажылі. У 1944 годзе Марыя і яе тры сяброўкі з вёскі паехалі ў Маскву на будаўніцтва, вельмі ж хацелася грошай зарабіць, каб апрануцца, сям’і дапамагчы. З гарэзлівымі агеньчыкамі ў вачах, жанчына ўспамінае, як купіла на рынку прыгожае моднае паліто. Колькі было радасці!

Калі арганізаваўся калгас «Краіна Саветаў», дзяўчына стала шчырай працаўніцай. Рупілася на паляводстве і зарабляла ў год больш за 300 працаднёў. Як перадавіка, камсамолку, яе запрасілі ў райвыканкам і прапанавалі паехаць на Урал на нарыхтоўку лесу. І яна, Марыя, адгукнулася. Ніколі не забыцца ёй тых уральскіх дзён: холад, мароз такі, што губы змярзаліся, вочы інеем пакрываліся, над галавой толькі кусочак неба відаць… Два гады працы на Урале. Затым моладзь завербавалася ў Архангельск, па Паўночнай Дзвіне лес сплаўляць. Юнакі і дзяўчаты вазілі з завода на падводах дошкі на прычал і грузілі іх на бельгійскія, амерыканскія, англійскія караблі. Вось там Марыя і сустрэла будучага мужа Сцяпана, хлопца з Украіны. Угаварыла ехаць жыць на яе радзіму, у Беларусь.

Маладая сям’я купіла невялікую хатку ў вёсцы Савоні, затым пабудавалі светлы, прасторны дом. Гатавала свайму Сцяпану ўкраінскія стравы: боршч з пампушкамі, варэнікі. Каля хаты заўсёды раслі сланечнікі – хацелася стварыць куточак яго Радзімы. Усё жыццё прапрацавалі ў калгасе «Чырвоны сцяг». Выгадавалі дзвюх дачок – Ганну і Таццяну. Старэйшая жыве ў Новым Свержані, малодшая – у Мінску, абедзве настаўніцы.

Марыя ганарылася сваім Сцяпанам. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якая закончылася для яго ў Японіі, высокі, статны, нават ужо і ў немаладыя гады. У Дзень Перамогі ён заўсёды надзяваў свае ўзнагароды і асабліва ганарыўся адной – «За Перамогу над Японіяй».

Бог падараваў ім 47 гадоў сумеснага жыцця. Ужо 20 гадоў Марыя Мікалаеўна адна. Юнак з сяла Міхайлаўка, што ў Хмяльніцкай вобласці, знайшоў апошні прыпынак на радзіме сваёй каханай.

Марыя Мікалаеўна з любоўю трымае ў руках узнагароды мужа, вочы яе робяцца вільготнымі. Але тут жа ўсмешка ўпрыгожвае яе твар. Дзякуй Богу, у старэйшай жыхаркі вёскі Савоні Марыі Малянчук яшчэ шмат спраў. Яна сама ходзіць у аўталаўку, якая прыязджае ў вёску тры разы на тыдзень, любіць чытаць, асабліва Біблію. Чакае вестак з Украіны, радзімы мужа. Пішуць і звоняць дзеці Сцяпанавай сястры Таццяны. За парадай да яе і проста пагаварыць забягаюць суседкі. У суботу яна чакае сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў. Яна любіць пастаяць ля высокага прыгожага дрэва, грэцкага арэха, якое яны пасадзілі разам са Сцяпанам.

Гісторыя лёсу простай беларускай жанчыны, працаўніцы, каханай, маці, бабулі, суседкі кранае сэрца.

Яніна ДУШКЕВІЧ, вёскі Савоні

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>