Навіны з канверта

АРМІЯ МІРУ І СВАБОДЫ

Яшчэ восенню мінулага года кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах «Літаратурны ветразь» і «Юны карэспандэнт» Леакадзія Пятроўна Кароткая прапанавала нам прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе творчага характару, прысвечаным 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: «Лепшы малюнак», «Лепшае апавяданне» і «Лепшы верш» аб Узброеных Сілах.

Навучэнцамі былі напісаны вершы, з якіх на конкурс выбралі творы Арсенія Гаптара, Дзіяны Бычкевіч і Яўгеніі Калінінай.

І вось у адзін з дзён лютага ў школу патэлефанавалі з Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і паведамілі, што Арсеній Гаптар заняў ганаровае другое месца і запрошаны ў Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на цырымонію ўзнагароджання.

Сваю павагу абаронцам Айчыны творча выказалі больш за дзве тысячы юнакоў і дзяўчат з усіх куткоў нашай краіны. Так што перамога Арсенія Гаптара вельмі значная. Са свята ён вярнуўся з лаўрэацкім дыпломам і каштоўнымі прызамі.

Мы рады за сябра!

Максім ПРЫГОЖЫ,член аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай сярэдняй школы

 

У БАТАНІЧНЫМ САДЗЕ – ВЯСНА

За акном снег. Злёгку паціскае марозік. А вучні Старасвержанскай сярэдняй школы атрымліваюць задавальненне ад наведвання аранжарэі ў Батанічным садзе г. Мінска. На дзвярах надпіс: «Зачыняйце шчыльна дзверы». Вядома, як жа інакш? На вуліцы мінус 8, а ўнутры – субтропікі, плюс 27. Першая расліна, якая нас сустракае, каля трох метраў вышынёй. Гэта банан, які цяпер цвіце. Менавіта так, кветкі гэтай шматгадовай травяністай расліны ўражваюць сваёй непаўторнасцю. Хутка на ёй з’явяцца плады. Працягваем экскурсію: ананасы, фінікі, фікусы, алаказіі, пілеі, гінуры, бягоніі, алоэ, спацыфілумы, пасіфлоры, сансіўеры, амарылісы, бамбук і інш. Для тых, хто любіць кактусы, тут сапраўдны рай. Безліч розных формаў, памераў, колераў: маленькія, кругленькія, пушыстыя, пляскатыя, калючыя, квітнеючыя – усе яны дазваляюць адчуць сябе ў сапраўдных тропіках. А як цікава стаць сведкам таго, як спеюць лімоны! Па тры штукі запар: цвёрдыя, сакавітыя, зялёныя, бліскучыя, напэўна, кожны зрабіў фота лімоннага дрэва з пладамі.

Безліч архідэй усіх колераў вясёлкі, аленія рогі, паветраныя карані якіх спадаюць да вады басейна.У Батанічным садзе акрамя субтрапічнай і трапічнай флоры можна назіраць і прадстаўнікоў экзатычнай фаўны: чырвоныя чарапашкі, разнастайныя папугаі, групы рыбак, якія добра відаць з мастка. На выхадзе з аранжарэі турыстаў чакае сюрпрыз – майстар-клас па разьбе з ільду. Якія дзівосныя фігуры – быццам з крышталю: робаты, рыцары, крэпасці, гадзіннікі і інш.

Падарожжа па Мінску працягваецца. Наступны прыпынак – парк Горкага. У планетарыі ёсць магчымасць стаць сведкам зараджэння планет Сонечнай сістэмы, пры праглядзе відэафільма трапляеш у віртуальную рэальнасць. Сядзіш у крэсле, а здаецца, што ўзлятаеш у космас разам з лятальнымі апаратамі – касмічнымі тэлескопамі, падарожнічаеш па-за атмасферай Зямлі. Знаходзячыся пад нябесным купалам, сапраўды пачынаеш верыць у тое, што наша планета – усяго кропка ў Сусвеце.

Пасля прагляду відэа экскурсавод знаёміць нас з зорным небам, расказвае, як знаходзіць сузор’і Паўночнага паўшар’я, бачныя ў лютым–сакавіку.

Падчас падарожжа па сталіцы гід праводзіць віктарыну на тэму славутых мясцін Міншчыны.

Экскурсія завяршаецца. Глядзіш у вокны аўтобуса, а там зіма. Перад вачыма – непаўторная паездка, поўная новых уражанняў і задавальнення. На памяць застануцца фота з падарожжа па горадзе Мінску. Такая экскурсія – найлепшае ўспрыманне школьных прадметаў: біялогіі, геаграфіі, астраноміі, гісторыі.

Сняжана БАГДАНАВА,настаўніца Старасвержанскай СШ

 

МОЛАДЗЬ СТАЎБЦОЎШЧЫНЫ –ЗА БЯСПЕЧНЫЯ ДАРОГІ

Ужо трынаццаты раз вучняў запрасіла раённая алімпіяда па правілах дарожнага руху. У сярэдняй школе № 2 сабраліся тыя, хто ведае ўсё аб правілах бяспечных паводзін на дарогах.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька адкрыла мерапрыемства і пажадала вучням упэўненасці і перамогі.

Вучні пятых, шостых, сёмых класаў дэманстравалі свае веды пры адказе на пытанні білетаў па Правілах дарожнага руху, а таксама падчас каманднага рашэння сітуацыйных задач. У творчым конкурсе «Дзеці Мінскай вобласці – за дарогі без аварый!», які праводзіўся асобнай намінацыяй, удзельнікі алімпіяды прадставілі журы тэматычныя інфармацыйныя пано. Найбольш арыгінальныя і змястоўныя работы атрымаліся ў камандаў СШ № 2, Рубяжэвіцкай СШ, Рочавіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу.

Падчас правядзення алімпіяды для вучняў быў арганізаваны прагляд тэматычных відэаролікаў, ім была прадастаўлена магчымасць пагуляць у камп’ютарныя гульні па правілах дарожнага руху. Педагогі дадатковай адукацыі Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі правялі майстар-класы.

За гэты час журы падвяло вынікі. Лепшымі ў індывідуальным першынстве прызнаны Аляксандр Іванец (5 клас, Горкаўская СШ), Максім Клачкевіч (6 клас, Дзераўнянская СШ), Ірына Дубатоўка (7 клас, Заямнаўская СШ).

Па выніках 13 раённай алімпіяды па правілах дарожнага руху першае месца заваявала каманда Рубяжэвіцкай СШ, другое – Горкаўскай СШ, трэцяе – Заямнаўскай СШ. Начальнік аддзела аўтаінспекцыі РАУС Дзмітрый Воранаў адзначыў якасную падрыхтоўку вучняў. Усім удзельнікам былі ўручаны святлоадбівальныя элементы.

Пераможцы атрымалі граматы, салодкія прызы і тэматычныя сувеніры. Яны прымуць удзел у абласным этапе алімпіяды ў Пухавіцкім раёне.

Таццяна ГРАМЫКА,метадыст аддзела адукацыі, спортуі турызму райвыканкама

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>