ААТ «Жацерава»: і маладосць, і вопыт

070318c

• Сярод 157 працаўнікоў таварыства, ў гаспадарцы рупіцца ў розных галінах сельгасвытворчасці 71 жанчына.

• Кіраўніцтва таварыства праяўляе пастаянны клопат аб жанчынах-працаўніцах, ім ствараюцца ўмовы для плённай работы.

• Гонар і павага шматдзетным маці, больш за дзесяць жанчын-працаўніц удастоены такога статусу. У гаспадарцы і сёння шчыруе жывёлаводам Надзея Шэмет, якая нарадзіла восем дзяцей.

• Да дзяржаўных святаў 8 Сакавіка і Дня маці прыгожая палова калектыву атрымлівае падарункі.

Жаночы калектыў ААТ «Жацерава» вызначаецца як маладосцю, так і вопытам. У таварыстве рупяцца працавітыя, шчырыя і добрасумленныя жанчыны – любыя матулі і жонкі, сястрычкі і бабулі. Сваёй добрасумленнай працай яны прымнажаюць здабыткі гаспадаркі.

Намеснікам дырэктара працуе Карына Аруцюнян – правая рука кіраўніка, у кола абавязкаў якой уваходзіць вырашэнне ўсіх вытворчых пытанняў. Напярэдадні жаночага свята яна атрымала дыплом магістра юрыдычных навук – закончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а папярэдне – Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці правазнаўства, фінансы і крэдыт. Тры гады шчыруе юрысконсультам Таццяна Ляйко, якая выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі.

У ліку ключавых у кожнай гаспадарцы – прафесія галоўнага агранома. Займае гэтую пасаду Іна Леўкавец – ведаючы спецыяліст і абаяльная жанчына. Іна Анатольеўна прыехала на працу ў таварыства пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Завочна атрымала другую вышэйшую адукацыю ў гэтай жа навучальнай установе. Брыгадзірам раслінаводчай брыгады рупіцца Аліна Амельчыц.

Клапоцяцца аб насенні, а з добрым насенным матэрыялам і ўраджайнасць належная, аграном-насеннявод Таццяна Якубовіч і загадчыца склада Вікторыя Кістанава. Да выхаду ў дэкрэтны водпуск часова працуе тут і перадавы аператар машыннага даення Людміла Мілаванава – вясёлая, смелая, з артыстычным дарам жанчына.

Бухгалтарская служба самая шматлікая сярод работнікаў канторы. Тут налічваецца заработная плата, падбіваецца сальда, зводзяцца дэбет з крэдытам, праводзяцца іншыя аперацыі, звязаныя з грашовымі сродкамі. Узначальвае калектыў галоўны бухгалтар Алена Чатырка. Яна вопытны спецыяліст, пра такіх гавораць – чалавек на сваім месцы. Іраіда Шыбко аддала працы ў бухгалтэрыі больш за трыццаць гадоў. Старанна працуе і мае дваццаціпяцігадовы агульны стаж Ала Амельчыц. Выканальніцкай дысцыплінай і прынцыповасцю вызначаецца Валянціна Дударэвіч – заўсёды элегантная і стыльная. Акуратнасцю вылучаецца Ірына Яромчанка. Граматна вядзе справы інжынер па ахове працы Іна Іванец, якая спалучае і абавязкі сакратара.

Работа галоўнага эканаміста Алы Азохавай, якая падлічвае эканамічную эфектыўнасць і закладвае планавыя паказчыкі, патрабуе пільнасці, увагі і дакладнасці. У інспектара па кадрах Ганны Новік штодзень нямала наведвальнікаў, бо акрамя асноўнай работы яна выконвае і грамадскую – амаль два дзесяцігоддзі з’яўляецца старшынёй прафкама, а агульны стаж налічвае больш за трыццаць пяць гадоў. Ганна Канстанцінаўна вылучаецца актыўнасцю, пастаянна прымае ўдзел у розных мерапрыемствах. Маршрут спецыяліста па ідэалагічнай рабоце Людмілы Калішэвіч звычайна скіраваны на вытворчыя аб’екты, бо пасада, якую яна займае, прадугледжвае быць у гушчыні падзей.

Жывёлагадоўчую галіну, адну з самых нялёгкіх у сельскагаспадарчай вытворчасці,              больш за дзесяць гадоў узначальвае галоўны заатэхнік Ларыса Дзясятнік – камунікабельная і справядлівая, простая ў зносінах з людзьмі. Заатэхнікам-селекцыянерам шчыруе Марына Шагіева.

Сярод малочнатаварных фермаў лідзіруе па паказчыках МТФ «Жацерава» з надоем 6208 кілаграмаў. Лепшая па надоях малака ад каровы аператар машыннага даення Алена Арцюховіч. Тэхнік-асемянатар Людміла Курдун і яе каляжанкі Алена Лендэль, Надзея Корж і Жанна Сачук, у рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод», за добрасумленную працу атрымалі сёлета падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі. Такой жа ўзнагароды за высокія паказчыкі ў рабоце ўдастоены брыгадзір жывёлагадоўчай фермы «Савоні» Святлана Ганчарэнка (калектыў фермы сёлета ў прызёрах раённага спаборніцтва), а жывёлавод Таццяна Бандаровіч атрымала падзяку і падарунак ад грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Святлана Віктараўна і Таццяна Віктараўна – родныя сёстры, якім працавітасці не займаць. Разам з імі працуе дзяжурным жывёлаводам Наталля Марціновіч. На жацераўскай ферме паказваюць прыклад у працы цялятніцы Наталля Буян і Марына Лютэр, аператар машыннага даення Алена Арцюховіч.

На другім месцы калектыў МТФ «Горкі», дзе перасягнуты шасцітысячны рубеж па надоях. Вылучаюцца стараннасцю Аксана Меляшкевіч і Наталля Уласік. Шчыра працуюць на ферме цялятніца Таццяна Дубрава і тэхнік-асемянатар Ларыса Галімуліна. На МТФ «Раёўшчына» не адно дзесяцігоддзе шчыруе аператар машыннага даення Ларыса Вяргейчык, якая спалучае абавязкі тэхніка-асемянатара, а таксама сумленна рупіцца Ірына Алісіевіч і брыгадзір фермы Святлана Гарбацэвіч.

Нязменным дыспетчарам у машынна-трактарным парку больш за трыццаць гадоў працуе Таццяна Кірэйчык. Звязана напрамую з тэхнікай загадчыца склада гаруча-змазачных матэрыялаў і запчастак Вераніка Запарый, а таксама тэхнік-нарміроўшчык Анжаліка Сідаровіч.      

Са святам вас, дарагія і мілыя жанчыны!

На здымках: галоўны аграном Іна Леўкавец і загадчыца склада Вікторыя Кістанава; злева направа — інспектар па кадрах, старшыня прафкама Ганна Новік, бухгалтар Ірына Яромчанка, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Людміла Калішэвіч, галоўны бухгалтар Алена Чатырка, бухгалтары Іраіда Шыбко, Ала Амельчыц і Валянціна Дударэвіч; намеснік дырэктара Карына Аруцюнян і юрысконсульт Таццяна Ляйко; аператары машыннага даення МТФ «Горкі» Аксана Меляшкевіч і Наталля Уласік; жывёлавод Жанна Сачук, аператары машыннага даення Алена Лендэль, тэхнік-асемянатар Людміла Курдун і аператар машыннага даення Надзея Корж працуюць на МТФ «Жацерава»; жывёлавод Таццяна Бандаровіч і брыгадзір фермы «Савоні» Святлана Ганчарэнка.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>