У ходзе акцыі

170318a

КАЛІ ЗВАНОК ПЕРАПЫНІЎ УРОК…

У перыяд з 1 па 6 сакавіка ўрокі ва ўстановах адукацыі Стаўбцоўшчыны перарываліся «пазаўрочнымі» званкамі. І гэта не выпадкова: 1-га сакавіка стартавала акцыя «Дзень бяспекі. Увага ўсім!», прысвечаная Сусветнаму дню грамадзянскай абароны.

Магчыма, хтосьці палічыць «перастрахоўкай» правядзенне згаданай акцыі, асабліва падчас урокаў. Але ніхто не ведае, якія выпрабаванні рыхтуе нам лёс заўтра, праз тыдзень, а можа, і праз гадзіну. І калі дарослыя з улікам жыццёвага вопыту рэагуюць на большую частку здарэнняў хутка і правільна, то дзецям нярэдка ўласціва разгубленасць. Менавіта з мэтай фарміравання культуры бяспекі жыццядзейнасці ў падрастаючага пакалення пры ўзнікненні надзвычайных здарэнняў прыроднага і тэхнагеннага характару і праходзіць акцыя.

Са школьнікамі праводзяцца гутаркі на супрацьпажарную тэматыку, заняткі па выкарыстанні пярвічных сродкаў пажаратушэння, адпрацоўваюцца планы эвакуацыі ў выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі. Акрамя таго, выратавальнікі паказваюць навучальныя тэматычныя фільмы, бо нездарма кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Напрыканцы мерапрыемстваў вучні могуць пагутарыць з выратавальнікамі і, традыцыйна, атрымаць тэматычныя лістоўкі, памяткі, якія будуць дадатковым напамінкам аб правілах бяспечных паводзін. Не застаюцца ўбаку і педкалектывы ўстаноў адукацыі: з настаўнікамі праводзяцца супрацьпажарныя інструктажы, пры гэтым акцэнт робіцца на пытаннях, якія ўзнікаюць у ходзе правядзення эвакуацыі.

– Наша задача не шукаць памылкі, а навучаць, – адзначае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын. – У справе бяспекі лепш ліквідаваць недапрацоўкі сёння, каб не плакаць над наступствамі заўтра.

 

ВУЧЫМСЯ І ПЕРАМАГАЕМ

У лютым у сценах Універсітэта грамадзянскай абароны МНС прайшоў абласны этап конкурсу «Школа бяспекі – 2018″.

Традыцыйна ў конкурсе спаборнічаюць школьнікі трох узроставых катэгорый (1-4 класы, 5-7 класы, 8-11 класы). Хлопчыкі і дзяўчынкі паказваюць свае веды, адказваючы на далёка не простыя пытанні.

У гэтым годзе наш раён на конкурсе «Школа бяспекі – 2018″ прадстаўлялі вучаніца ДУА «Гімназія №1 г. Стоўбцы» Анастасія Філіповіч (5 клас), а таксама вучні ДУА «Заямнаўская сярэдняя школа» Валерыя Нікалаева (9 клас) і Андрэй Станкевіч (4 клас). Рыхтавалі дзяцей да выпрабаванняў настаўнікі асноў бяспекі жыццядзейнасці – Леанід Іванавіч Нарановіч і Алена Паўлаўна Мікалаева. Вопыт педагогаў і настойлівасць удзельнікаў – гэта тыя складаемыя, якія дазволілі школьнікам паказаць годныя вынікі ў сваіх узроставых групах і заняць шостае агульнакаманднае месца сярод 23-х камандаў Мінскай вобласці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>