Б’ецца вечнае сэрца хатыні

210318d

22 сакавіка 1943 года, 75 гадоў таму назад, фашысцкія карнікі спалілі вёску Хатынь разам з жыхарамі. Былі знішчаны 149 чалавек. У тым ліку 75 дзяцей. Вечнаю памяццю аб гэтым – мемарыяльны комплекс «Хатынь».

Трагічны лёс Хатыні напаткаў дзясяткі беларускіх вёсак, у тым ліку і на нашай Стаўбцоўшчыне. Навасёлкі, Навіна, Калюга, Крэты, Ручча, Шэметы… Яны спалены ў 1943-м і не адноўлены.

Адступае зіма.Надыходзіць вясна –

Час спатканняў, вяселляў, шчаслівых радзін…

Каміны толькі ў неба, а хатаў няма,

Каміны… Няма гаспадынь.

Ад надрыўнага крыку аглухнуць званы,

І ад плачу дзяцей анямее жаўрук.

Сыны перамогуць, прыйдуць з вайны.

Каміны, як дзясяткі абпаленых рук…

Пасівелі бярозы ад вечнай тугі,

Пачарнелі ад попелу ў полі снягі…

Неба чыстае, сонца – вечны агонь.

Прабіваецца рунь з-пад халоднай смугі.

 

НЕЗАГОЙНЫЯ РАНЫ НАШЫХ ВЁСАК

Вёскі, якія былі спалены гітлераўскімі вылюдкамі і не адноўлены. А колькі на нашай зямлі паселішчаў, дзе не загаіліся раны ад таго страшнага часу.

Пералістваю сшытак з неацэннымі фактамі – выпіскамі з газет ваенных і першых пасляваенных гадоў. Наш раённы «Голас селяніна» за 21 красавіка 1944 года, матэрыял пад загалоўкам «Усё памятаем, за ўсё адпомсцім» за подпісам «Кастусь К.». «Адзінаццатая гадзіна раніцы. Па хутарах вёскі Тулёнка з хуткасцю маланкі пранеслася чутка аб набліжэнні паліцыі… Усё, што жыло і магло ўцячы, уцякло. Над апусцелымі хутарамі навісла цёмная хмара фашысцкага разгулу. З-за горкі паказалася грузавая машына, да адказу запоўненая прыхваснямі Гітлера. Абстраляўшы будынкі, яны зграямі накінуліся на забудову Мікалая Трацяка. Яму 60 год, ён не змог уцячы. Да паўсмерці збіўшы яго і 60-гадовую жонку, жыўцом кінулі ў абрабаваны пылаючы дом. Чарговы хутар быў Іосіфа Жаўнерчыка, Іосіфа Панкалі і Казацкага. Усе яны былі па-зверску замучаны і спалены. Так фашысцкія халуі-паліцэйскія са Старынскага гарнізона расправіліся з мірнымі жыхарамі».

Наступнае сведчанне з газеты «Чырвоная змена» за 19 лістапада 1946 года. «Уцякаючы з вёскі Новы Свержань, гітлераўцы спалілі больш за 140 дамоў, разбурылі школу, медыцынскі ўчастак, больш за тысячу чалавек мірнага насельніцтва расстралялі…»

А гэта з кнігі «Памяць», успаміны Андрэя Міхайлічэнкі, былога сакратара Івянецкага падпольнага райкама камсамола. «У час карнай аперацыі «Герман» у ліпені-жніўні 1943 г. фашысты дашчэнту спалілі вёску Кляцішча, якая налічвала тады 58 двароў. Расстралялі некалькі мірных жыхароў, а астатняе насельніцтва ў колькасці 270 чалавек вывезлі на катаржныя работы ў Германію… Фашысцкія карнікі таксама расправіліся з усімі суседнімі вёскамі – Рудняй Пільнянскай, Пятрылавічамі, Рудняй Налібацкай…»

У кнізе «Памяць» прыведзены і звесткі з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці аб населеных пунктах Стаўбцоўскага раёна, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Налібаках спалены ўсе 369 двароў, знішчаны 109 чалавек. Поўнасцю спалены і Пруды, загінулі 16 жыхароў. У вёсцы Церабейнае былі спалены ўсе 320 двароў, у Падгорнай – 130, у Несцеравічах – 123, у Дзяражным – 60… У гэтым трагічным спісе больш за 30 паселішчаў Стаўбцоўшчыны.

Помнікі, абеліскі – на ўсёй беларускай зямлі, у тым ліку і на нашай Стаўбцоўшчыне. Вечныя агні памяці, яны ніколі не згаснуць.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>