• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Царкоўныя навіны

Filed under: Лампада,Нумары |

070418a

ЕПАРХІЯЛЬНАЕ СВЯТА З ДУХОЎНАЙ МІСІЯЙ

Свяшчэннаслужыцелі і прадстаўнікі прыходаў Стаўбцоўскага благачыння прынялі ўдзел у епархіяльным святкаванні Дня праваслаўнай кнігі «Кніга ў гісторыі і культуры праваслаўнага славянства» ў Маладзечанскім палацы культуры.

Цікавасць ва ўдзельнікаў урачыстасці выклікалі выставы рарытэтных экзэмпляраў кніг Свяшчэннага Пісання з музея Інстытута тэалогіі БДУ і духоўнай літаратуры для дзяцей і дарослых. У выставачным фае працавала выстава дзіцячага малюнка «Славянская пісьменнасць».

Урачыстасць адкрыў архіпастырскім прывітаннем епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Уладыка адзначыў важную і неацэнную ролю праваслаўнай кнігі ў гісторыі і культуры сучаснага грамадства, фарміраванні яго духоўнай асновы.

З вялікай цікавасцю быў успрыняты прысутнымі духоўна-асветніцкі даклад па тэме «Біблія – духоўная аснова місіі і кніжнасці славян» клірыка Мінскай епархіі, выкладчыка Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэя Аляксія Васіна.

Хор прыхода Свята-Георгіеўскага храма г. Маладзечна і вакальныя калектывы Маладзечанскага музычнага каледжа выканалі духоўныя і народныя творы.

 

КНІГІ, ЯКІЯ АСВЯТЛЯЮЦЬ ДУШУ

У рамках мерапрыемстваў да Дня праваслаўнай кнігі настаяцель Свята-Уваскрасенскага прыхода г. Стоўбцы протаіерэй Віталій Шаркоў правёў сустрэчу з вучнямі пятых класаў сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы.

Традыцыйна гэтая сустрэча прайшла ў раённай дзіцячай бібліятэцы імя Якуба Коласа, супрацоўнікі якой адкрываюць для чытачоў захапляльны свет кнігі, вядуць маладое пакаленне ў скарбніцу літаратуры, каб дапамагчы юным чытачам выхоўвацца на лепшых узорах літаратуры.

Да Дня праваслаўнай кнігі супрацоўнікі бібліятэкі паклапаціліся падрыхтаваць выставу праваслаўнай кнігі з фонду сваёй бібліятэкі. Трэба сказаць, што ў дзіцячай бібліятэцы больш за 1000 кніг праваслаўнай тэматыкі, дарослыя і дзеці могуць знайсці для сябе выданне, якое з цікавасцю і карысцю для душы пачытаюць. Сучасныя тэхналогіі даюць магчымасць паліграфічна вельмі прыгожа і маляўніча афармляць кнігі.

Бібліятэкар чытальнай залы Кацярына Шэкаль адкрыла мерапрыемства аповедам пра вытокі святкавання Дня праваслаўнай кнігі, расказала аб гісторыі і развіцці кнігадрукавання ў Расіі. На сустрэчу была запрошана былы дырэктар раённай дзіцячай біблятэкі Наталля Даўлюд. І не выпадкова яна атрымала такое запрашэнне, таму што Наталля Мікалаеўна нераўнадушная да гісторыі сваёй краіны, мае шырокі досвед па гэтых пытаннях. Яна цікава расказала пра беларускага першадрукара Францыска Скарыну, пра святых апекуноў нашай радзімы, пра асветніцу зямлі беларускай святую прападобную Ефрасінню Полацкую.

Заўсёды вялікую цікавасць выклікае слова свяшчэнніка. Айцец Віталій сумеў прыцягнуць увагу вучнёўскай аўдыторыі зваротам да дзяцей, што вельмі важным для чалавека, і асабліва маладога, які фарміруецца як асоба, з’яўляецца чытанне добрых, карысных кніг. І патрэбна ўзрошчваць у сабе культуру чытання. Першая і галоўная задача – умець выбраць для сябе кнігі карысныя, якія б дапамагалі фарміраваць перакананні, умацоўвалі маральныя пачаткі, дапамагалі станавіцца адукаваным, разумным, цэльным і добрым чалавекам. Менавіта ў кнігах утрымліваецца мудрасць, набытая да нас, і вельмі важна не прамінуць далучыцца да гэтай мудрасці. Мы маем найбагацейшую скарбніцу ведаў у творах класікаў. Сярод кніг любові і дабра важнае месца адводзіцца праваслаўнай літаратуры. Гэта жывая крыніца духоўнасці. Мы павінны берагчы найкаштоўнейшую спадчыну продкаў – веру праваслаўную. Знаёмства з верай карысна пачынаць з чытання Бібліі для дзяцей, яна дапаможа пазнаёміцца з сюжэтамі Старога і Новага Запаветаў. Кнігі Свяшчэннага Пісання даюць нагоду для роздуму. Такое чытанне прасвятляе душу. Айцец Віталій з прысутным яму ўменнем далікатна, без натацый мог пагаварыць з вучнямі і на іншыя тэмы, звярнуць увагу на якасці, якія дапамогуць дзецям вызначыць сваё месца ў сучасным жыцці, дзе столькі спакус для маладых. І кожны павінен быць гатовым выбраць для сябе тое, што не будзе яму для пагібелі, а паслужыць для станаўлення цэльнай асобы. Вучні і педагогі маглі задаць пытанні свяшчэнніку, самі акрэсліць тыя тэмы, якія іх хвалююць.

Дзень праваслаўнай кнігі айцец Віталій правёў і ў Шашкоўскай сярэдняй школе, дзе актавая зала ўмясціла ўсіх вучняў. Свяшчэннік даўно духоўна акармляе гэтую навучальную ўстанову, так як з’яўляецца настаяцелем мясцовага храма Сабора святых зямлі беларускай.

Дні праваслаўнай кнігі дапамагаюць вучням асэнсаваць значэнне праваслаўнай кнігі, палюбіць яе і прыбягаць да яе мудрасці, знаёмяць з разнастайнасцю выданняў і навінкамі выдавецтваў.

 

МЯСЦОВАСЦЬ УПРЫГОЖВАЮЦЬ ХРАМЫ

У Стаўбцоўскае благачынне ўваходяць 19 прыходаў, шэсць з якіх з’яўляюцца прыпіснымі. На тэрыторыі нашага раёна дзейнічаюць 16 праваслаўных храмаў, дзве капліцы, два малітвенныя памяшканні. Тры царквы знаходзяцца ў працэсе будаўніцтва, дзве рэстаўрыруюцца. Самым старым праваслаўным храмам на Стаўбцоўшчыне з’яўляецца Навасвержанская Свята-Успенская царква 1590 года пабудовы. Акрамя гэтага храма да помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія ахоўваюцца дзяржавай, адносіцца царква Нараджэння Іаана Прадцечы ў аг. Вішнявец 1742 года пабудовы.

Сваё служэнне ў благачынні здзяйсняюць 11 свяшчэннікаў.

 

ГОД З МІТРАПАЛІТАМ ІОСІФАМ (СЯМАШКА)

У Беларускай Праваслаўнай Царкве 2018 год стаў годам памяці мітрапаліта Іосіфа (Сямашка). Сёлета спаўняецца 220 гадоў з дня нараджэння і 150 гадоў з дня блажэннай канчыны мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашка). Па благаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Беларускім Экзархаце будуць праводзіцца мерапрыемствы, прысвечаныя памяці мітрапаліта Іосіфа.

Гэтай гістарычнай асобе адводзіцца важнае месца ў канфесійнай гісторыі Беларусі. Яго заслугі перад Царквой і беларускім народам ацэньваюцца ўкладам у адраджэнні ў 1839 годзе Праваслаўя ў нашай краіне пасля шматвекавога панавання лацінства. Уз’яднанне ўніятаў з праваслаўнымі лічыцца самым вялікім місіянерскім набыткам Рускай Царквы за больш чым 1000-гадовую гісторыю яе існавання.

У Беларускім Экзархаце створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні юбілейных урачыстасцяў у складзе духавенства, а таксама прадстаўнікоў царкоўнай і свецкай навукі.

Епіскапам Маладзечанскім і Стаўбцоўскім Паўлам зацверджаны план мерапрыемстваў, прысвечаных 220-годдзю з дня нараджэння і 150-годдзю з дня блажэннай канчыны мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашка).

У Стаўбцоўскім благачынні таксама спланавана праграма да гэтых юбілейных падзей. Пры арганізацыйным удзеле духавенства і гісторыкаў будуць праведзены круглыя сталы, семінары, лекцыі ва ўстановах адукацыі і культуры, прысвечаныя тэме архіпастырскага служэння і грамадскай дзейнасці мітрапаліта Іосіфа. Запланаваны і іншыя духоўна-асветніцкія мерапрыемствы, якія пазнаёмяць іх удзельнікаў з гістарычнымі заслугамі мітрапаліта Іосіфа (Сямашка) і ролі яго спадчыны ў сучасным беларускім Праваслаўі.

Распрацаваны паломніцкі маршрут па месцах, звязаных з жыццём і служэннем мітрапаліта Іосіфа. Ён пройдзе па тэрыторыі Беларусі і Літвы. Паломніцтва будзе арганізавана і ад кафедральнага сабора святой праведнай Ганны ў г. Стоўбцы.

 

З ВЕДАННЕМ ГІСТОРЫІ ПРАВАСЛАЎЯ

На працягу 12 гадоў Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ праводзіць конкурс даследчых і творчых работ сярод вучняў сярэдніх школ, устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзросце 14-18 гадоў. У гэтым годзе конкурс быў прыўрочаны да знамянальных дат у гісторыі Праваслаўя на беларускіх землях: 300-годдзя з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага) і 220- годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня блажэннай канчыны мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашка). Конкурс меў статус рэспубліканскага, на яго было пададзена 220 работ з розных куткоў Беларусі.

З 2013 года Старасвержанская школа прымае ў ім удзел, заваёўваючы дыпломы і граматы розных узроўняў. І ў гэтым годзе вучні атрымалі дыпломы: першае месца журы прысудзіла Дзмітрыю Рамановічу (кіраўнік Л. В. Вайдзілевіч), другое месца – Хрысціне Качановіч (кіраўнік Л. В. Вайдзілевіч), Вользе Пяўнёвай (кіраўнік В. П. Пяўнёва), Таццяне Паляшчук (кіраўнік В. М. Баўдзей), трэцяе – Маі Грыгаровіч (кіраўнік Л. В. Вайдзілевіч).

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ў канферэнц-зале Нацыянальнай акадэміі навук для вучняў былі арганізаваны экскурсіі ў Батанічны сад і Музей этнаграфіі і старажытнабеларускай культуры.

Падрыхтавала Святлана ЖЫБУЛЬ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>