Свята для роднай вёскі

070418d

2018 год абвешчаны Годам малой радзімы. Гэта значыць, што асобая ўвага надаецца паляпшэнню і аднаўленню родных сэрцу мясцін. У вёсцы Тулёнка Стаўбцоўскага раёна першы такі крок зрабіла сям’я Гайдукевічаў, якая 24 сакавіка адчыніла дзверы свайго магазіна харчовых тавараў для жыхароў вёскі.

Адкрыццё было прызначана на 12.00, але ўжо за паўгадзіны вяскоўцы пачалі падыходзіць. Нават жыхары суседніх вёсак завіталі па пакупкі. Усмешкі, песні і гучны звон гармоніка ствараў святочны настрой. Вось і Ядвіга Грамыка, Валянціна Бабская, Ванда Буцько, жыхаркі Тулёнкі, дзеляцца сваімі ўражаннямі: «Мы вельмі задаволены, што настаў час, калі ў нашай роднай вёсцы адкрылі магазін. І зрабілі гэта нашы аднавяскоўцы – сям’я Гайдукевічаў. Вялікі дзякуй ім за гэта. Раней ездзіла аўталаўка, а зараз мы самі зможам прыходзіць сюды і купляць усё, што спадабаецца. Прыемна, што дзякуючы гэтай сям’і наша вёска ператвараецца ў гарадок».

А як прыйшла ідэя адкрыцця магазіна, мы даведаліся ў самой заснавальніцы – Алы Гайдукевіч: «Я нарадзілася ў Тулёнцы. Так склалася жыццё, што пачала займацца гандлем. Спачатку працавала ў вёсках Ругаец і Лапкі, потым – у роднай Тулёнцы. Менавіта працуючы тут, я сустрэла свайго мужа Віктара. Мы пераехалі ў Фаніпаль, дзе пражылі 38 гадоў. Там і адкрылі першы свой магазін харчовых тавараў «Мечта», якім зараз займаюцца мае сыны Віталь і Дзяніс. А калі споўнілася 50 гадоў, зразумела, што вельмі хачу вярнуцца ў родную вёсачку. І вярнулася зноў у Тулёнку, але ўжо каб абнавіць жыццё ў ёй.

Спачатку мы пабудавалі аграсядзібу «Родительский дом» на месцы, дзе я нарадзілася, расла. Яна ўжо існуе тры гады, і прыемна, што наведвальнікам падабаецца. Мне вельмі хацелася дапамагчы чымсьці аднавяскоўцам, зрабіць штосьці прыемнае. А вось калі пайшла на пенсію, то аднойчы прысніла, што працую ў гэтым магазіне, дзе калісьці сустрэла сваё каханне. Сон не даваў мне спакою, і ў выніку я выкупіла магазін…»

Зараз магазін на абочыне дарогі Стоўбцы – Івянец выглядае зусім па-іншаму: сучасна, стыльна, з задавальненнем гатоў сустракаць пакупнікоў. Усё гэта дзякуючы мужу Алы Андрэеўны Віктару Гайдукевічу, які сваімі рукамі зрабіў тут абсалютна ўсё.

Вось і ў гэты сонечны выхадны дзень, дзень адкрыцця магазіна, каля яго сабралася ўжо амаль уся вёска. Усе чакалі, калі такое жаданае месца адчыніць свае дзверы. Акрамя жыхароў вёскі на свяце прысутнічалі і госці: намеснік старшыні райвыканкама І. Б. Пашкевіч, старшыня Шашкоўскага сельвыканкама С. Р. Якаўлева, былы дырэктар Шашкоўскай СШ Н. У. Дубовік. Кожны з іх выказаў словы ўдзячнасці ў адрас сям’і Гайдукевічаў. І. Б. Пашкевіч адзначыла: «Гэта чалавек, які вярнуўся на сваю радзіму і зрабіў усё, што змог. Калі кожны зможа зрабіць хоць што-небудзь для вёскі, дзе нарадзіўся, жыве, яна будзе толькі прыгажэць. Вельмі прыемна, што аб’екты, якія стаяць і не выкарыстоўваюцца, зараз ажываюць і адраджаюцца. Тут прысутнічае не толькі камерцыйная жылка, але і магчымасць зрабіць прыемнае для аднавяскоўцаў».

Прысутныя таксама с задавальненнем выказвалі словы падзякі гаспадыні магазіна. А Н. У. Дубовік падаравала плакат з прызыўным вершам Але Гайдукевіч, які будзе запрашаць па пакупкі жыхароў і гасцей вёскі.

Настаў самы галоўны момант свята – пераразанне стужкі. Калі госці гэта выканалі, дзверы адчыніліся і ўсе з прыемным настроем увайшлі ў памяшканне. У святочны дзень ніводзін з пакупнікоў не застаўся без пачастунка.

Выбар тавараў у магазіне сапраўды быў на любы густ.

Цяпер жыхары вёскі змогуць кожны дзень купляць свежыя прадукты. Магазін будзе працаваць штодзень з 09.00 да 20.00, у летні час – з 09.00 да 22.00. Пастаўка прадуктаў будзе адбывацца штодзень, па неабходнасці. Тут ёсць і спецыяльная кніга, дзе жыхары змогуць зрабіць заказ на той ці іншы тавар.

НА ЗДЫМКАХ: стужку пераразаюць Віктар Гайдукевіч, Святлана Якаўлева, Ірына Пашкевіч, Ала Гайдукевіч; прапанаваць тавар Ядвізе Грамыка гатова прадавец Галіна Рашатко.

Ксенія РУБІН, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>