З агнём не жартуюць

210418c

У ДОМ ПРЫЙШОЎ ІНСПЕКТАР

З пачатку пажарна-прафілактычнай акцыі «За бяспеку разам!» супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях наведалі 83 дамы, у якіх пражываюць сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян.

Асноўная ўвага ўдзелена сем’ям, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Бацькам указана на неабходнасць прывядзення ў пажарабяспечны стан пячнога ацяплення і падтрыманне ў рабочым стане аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Былі выяўлены і факты пакідання дзяцей без нагляду, а таксама грубага парушэння правіл пажарнай бяспекі, у выніку чаго інфармацыя накіравана зацікаўленым суб’ектам прафілактыкі для прыняцця мер. Адной з такіх мер можа быць разгляд пытання аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Пры наведванні адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян выратавальнікі ўдакладнілі адрасы пражывання сваякоў і іх дзяцей, а людзям з інваліднасцю расказалі пра магчымасць размяшчэння на сацыяльны ложак, прапанавалі дапамогу ва ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

 

АГОНЬ НЕ ПАШКАДУЕ

У бягучым годзе на Стаўбцоўшчыне зафіксавана 15 пажараў. У адным з іх, у жылым доме ў Стоўбцах, загінуў мужчына.

Яшчэ больш трывожныя лічбы, якія сведчаць пра рост вогненных здарэнняў, складваюцца ў маштабах Мінскай вобласці і рэспублікі. На Міншчыне зафіксавана 479 пажараў (за такі ж перыяд мінулага года было 368), у іх загінулі 60 чалавек. У рэспубліцы ўжо зарэгістраваны 1821 пажар (летась – 1611), на іх загінулі 216 чалавек, у тым ліку дзіця.

Асноўнымі прычынамі вогненных здарэнняў з’яўляюцца няспраўнасці пячнога ацяплення і электраабсталявання, а таксама неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Выконвайце правілы пажарнай бяспекі і заклікайце да гэтага сваіх блізкіх!  

 

ЗНІШЧАНЫ ДЗВЕ ПАБУДОВЫ

Кожны год гаворыцца аб небяспецы выпальвання сухой расліннасці, аднак асобныя грамадзяне ўсё роўна ігнаруюць папярэджанне.

Калі выратавальнікі выехалі на паведамленне аб загаранні сухой раслінансці ў вёску Зуберава (Шашкоўскі сельсавет), гарэнне ўжо ахапіла драўляны плот і перакінулася з прысядзібнага ўчастка на прылеглую тэрыторыю. На тушэнне былі прыцягнуты тры адзінкі пажарнай тэхнікі, аднак з улікам таго, што плошча загарання дасягнула каля трох гектараў, адну з надворных пабудоў выратаваць не ўдалося. Склеп згарэў на вуліцы Гагарына ў Ператоках, дзе з сухой травы агонь хутка распаўсюдзіўся па падворку. На шчасце, ніхто не пацярпеў (у рэспубліцы зафіксаваны два факты гібелі людзей пры выпальванні сухой расліннасці). У абодвух выпадках матэрыялы перададзены ў райаддзел міліцыі для ўстанаўлення асобы, якая дапусціла палы.

Выпальванне сухой расліннасці забаронена, за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (артыкул 15.57 КоАП Рэспублікі Беларусь) у выглядзе штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь.

Спальваць смецце на сваім прысядзібным участку дазволена пры захаванні мер пажарнай бяспекі. Для гэтага адлегласць ад кастра да будынкаў і пабудоў павінна быць не менш за 10 метраў. За кастром неабходны пастаянны кантроль. Паблізу павінны стаяць пярвічныя сродкі пажаратушэння (рыдлёўка, вядро з вадой і т. п.), а сама пляцоўка для кастра павінна быць з усіх бакоў абкапана, абкладзена цэглай ці іншым негаручым матэрыялам. Варта ўлічваць і пагодныя ўмовы – лепш падыдзе ціхае бязветранае надвор’е. Зразумела, што касцёр не трэба рабіць вялікім.

Да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры базавай велічыні (24,5 рубля) прыцягнуты грамадзянін, які з парушэннямі правіл пажарнай бяспекі наводзіў парадак на сваёй дачы ў Кнотаўшчыне. Пры спальванні смецця ён не абкапаў месца для кастра, ад чаго неўзабаве ўспыхнула сухая трава і ўзнікла пагроза для суседніх пабудоў. Акрамя таго, за непрыняцце мер бяспекі пры спальванні смецця ў Прудах распачаты адміністрацыйны працэс у адносінах да грамадзяніна.

 

СУПРАЦЬ ЛЕСУ – ЧАЛАВЕЧЫ ФАКТАР

Красавік – месяц актыўнай падрыхтоўкі лесаводаў да чарговага пажаранебяспечнага перыяду.

– Займаемся ўстройствам новых мінералізаваных палос, прыводзім у парадак палосы, што былі створаны раней і ахоўваюць ад загаранняў не толькі лясныя масівы, а і населеныя пункты, дачныя таварыствы, якія суседнічаюць з лесам, – расказвае вядучы інжынер па ахове і абароне лесу Стаўбцоўскага лясгаса Віталь Расол. – Працягваецца работа па ўстаноўцы на ўездзе ў лясныя масівы шлагбаўмаў, тэматычных аншлагаў з заклікам берагчы лес ад агню, не забруджваць яго і т. п.

Сёлета лясгасам дадаткова набыта 200 метраў пагонных супрацьпажарных рукавоў, а таксама ўсмоктваючы рукаў для мотапомпы, па паўтара дзясятка ранцавых апырсквальнікаў, сякер і рыдлёвак. З разраду навінак – «Комплексіл», атмасферастойкі састаў комплекснага дзеяння, прызначаны для лакалізацыі і тушэння лясных і тарфяных пажараў. Яго закуплена 900 кг. «План закупак неабходнага супрацьпажарнага абсталявання і інвентару выкананы ў поўным аб’ёме», – падкрэслівае Віталь Расол.

На Стаўбцоўшчыне з пачатку бягучага года не зафіксавана загаранняў у лясных масівах, аднак з надыходам цёплага надвор’я рэзка ўзрастае верагоднасць іх узнікнення. На даны момант у лясгасе гатовы да аператыўнага выезду тры пажарныя машыны і столькі ж адзінак тэхнікі падрыхтавана для падвозу вады. У запасе – пяць бочак РЖТ, чатыры паветрадуўкі, чатыры дыскавыя бараны і дзевяць плугоў. Для тушэння травы прадугледжаны два пажарныя модулі.

Пэўная матэрыяльна-тэхнічная база створана і ў лясніцтвах: у шасці з іх дзейнічаюць пункты супрацьпажарнага інвентару, у трох – пажарна-хімічныя станцыі І тыпу. На базе лясгаса разгорнута пажарна-тэхнічная станцыя ІІ тыпу, якая здольна абслужыць больш за 20 тысяч гектараў лясных масіваў.    

У бліжэйшы час будзе ўведзена кругласутачнае дзяжурства персаналу ў лясніцтвах і лясгасе (тэл. для паведамленняў – 7-88-33). Дзяжурным, пачынаючы з 2013 года, дапамагае і ўсесезонны пастаянны «вартаўнік» – аўтаматызаваная сістэма адсочвання і ранняга выяўлення лясных пажараў. Відэакамеры ўстаноўлены ў Апечкаўскім, Старынскім, Хатаўскім, Кляцішчанскім лясніцтвах, каб ажыццяўляць нагляд за ляснымі ўгоддзямі і зберагаць іх ад загарання.

Летась відэакамерамі былі выяўлены два факты загаранняў – на тэрыторыі Кульскога і Акінчыцкага лясніцтваў. Дзякуючы ранняму выяўленню пацярпела толькі каля трох сотак угоддзяў. Прычына загарання ў абодвух выпадках аднолькавая – чалавечы фактар.

У пажаранебяспечны перыяд кожнаму з нас варта быць асабліва асцярожнымі пры наведванні лясоў. Нельга забываць, што за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Згодна з артыкулам 15.29 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь памер штрафу можа быць да 25-ці базавых велічынь (частка 1) і ад 25-ці да 50-ці базавых велічынь (частка 2).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>