Наша слова – у сэрцах людзей

5 мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень друку. І мы, супрацоўнікі рэдакцыі газеты «Прамень», да гэтага свята маем самае непасрэднае дачыненне – ствараем раённую газету.

Гісторыя нашай газеты вельмі багатая.

Свой друкаваны орган Стаўбцоўшчына займела пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Ужо на пяты дзень жыхары Стаўбцоўшчыны маглі чытаць сваю газету. Першы яе нумар выйшаў на рускай мове пад назвай «Знамя», а ўжо другі – на беларускай мове пад назвай «Голас селяніна».

І сёння газета друкуецца на роднай мове.

Мы стараемся прадаўжаць традыцыі сваіх папярэднікаў, але жыццё і час патрабуюць перамен.

«Прамень» імкнецца быць на плыні часу, інфармацыйна насычаным, чытэльным выданнем. Газета актыўна ўздзейнічае на грамадскае і культурнае жыццё свайго раёна, на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, на выхаванне лепшых маральных якасцяў у грамадзян.

Выходзіць газета ў сераду на 8-мі старонках, у суботу – на 16-ці. «Прамень» друкуецца ў колеры.

Аўтарамі «раёнкі» з’яўляліся не толькі штатныя журналісты, а таксама вядомыя і аўтарытэтныя людзі Стаўбцоўшчыны. На яе старонках адбылася проба пяра пісьменнікаў і паэтаў Міколы Маляўкі, Казіміра Камейшы, Генрыха Далідовіча, Яўгена Хвалея, Алеся Камароўскага, Уладзіміра Мархеля і іншых.

Нашу газету робіць калектыў з 14-ці чалавек. Усе добрыя спецыялісты, з вялікім стажам работы, усіх аб’ядноўваюць працавітасць, адданасць справе, намаганне пакінуць свой радок у летапісе Стаўбцоўшчыны.

Амаль усе журналісты працуюць толькі ў адным выданні. Гэта Фёдар Бандаровіч, Васіль Зянько, Святлана Жыбуль, Надзея Баталка, Таццяна Пяткевіч. Не абысціся нам ніяк і без старшых аператараў электроннага набору і вёрсткі Вольгі Васільевай і Аляксандры Глушко. Іх намаганнямі газета мае сучасны дызайн, а каб была надрукавана без памылак, слова гучала на сакавітай беларускай мове – стараецца старшы карэктар Ганна Бычынская. Дзякуючы галоўнаму бухгалтару Раісе Клімко і спецыялісту па рэкламе Галіне Уласік выданне займае стабільнае фінансавае становішча – газета на самаакупнасці. Вадзіцель Віктар Варажун своечасова дастаўляе тыраж з друкарні. Дзякуй за працу і рэдактару радыё Лёнгіну Ваяводскаму, які расказвае вам пра навіны Стаўбцоўшчыны.

Сённяшнія супрацоўнікі розумам і сэрцам ствараюць нашу «раёнку». Мы заўсёды думаем: а як жа наша слова адгукнецца ў сэрцы і душы чытача, якое ўздзеянне акажа на яго? Выпусціць газету – як пабудаваць дом. Усе падрыхтаваныя матэрыялы павінны быць якаснымі, дастаўленымі своечасова. І кожны матэрыял – да месца. Работа ў нас такая, што не адкладзеш яе і назаўтра не пакінеш. Таму і невядома нам паняцце «я не магу». Яго ў нашай прафесіі замянілі «трэба», «абавязкова». Як у той песні пра журналістаў пяецца: «Жив ты или помер, материал сдай в номер…» Шаноўныя калегі, дзякуй вам за працу.

Сёння з удзячнасцю хочацца ўспомніць былога рэдактара газеты Івана Багатку, а таксама нашых ветэранаў, тых, хто сваю энергію, веды аддавалі газеце: Таццяну Шалькевіч, Тамару Казей, Галіну Паўловіч, Міхаіла Мазура і іншых. Словы ўдзячнасці адрасуем супрацоўнікам друкарняў – Стаўбцоўскай і Мінскай «Красная звезда», работнікам пошты, Белсаюздруку, усім арганізацыям і ўстановам, з якімі мы супрацоўнічаем, нашым няштатным аўтарам, усім чытачам, хто выпісвае газету «Прамень». Асаблівыя словы падзякі мы адрасуем і заснавальнікам – Стаўбцоўскаму раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў, а таксама галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама за ўзаемаразуменне, падтрымку, падказкі тэм.

Прэзідэнт краіны сказаў: «Прэса – гэта партнёр улады». Думаю, ніхто не стане спрачацца, што такое партнёрства важнае для абодвух бакоў.

Багатая і тэматычная палітра газеты. Стараемся знаходзіць на старонках газеты месца для асвятлення актуальных пытанняў дзяржаўнай палітыкі, сацыяльна-эканамічнай сферы. Нездарма вялікай папулярнасцю ў чытача карыстаюцца спецвыпускі і тэматычныя старонкі «Сям’я», «Панямонь», «На прасторах жыцця», «Альбуцкі куфэрак». У гэтым годзе наш горад Стоўбцы святкуе свой юбілей: 425-годдзе з дня заснавання. Таму газета «Прамень» распачала серыю праектаў: «Мае родныя Стоўбцы», «Год малой радзімы», «Стаўбцоўшчына – родны край» і іншыя.

Газета знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Не абыходзіцца, зразумела, і без «шышак». Але на тое і цяжкасці, каб адточваць пяро і загартоўваць характар.

Газета неаднаразова была пераможцай сярод СМІ Мінскай вобласці, «Прамень» узнагароджвалі Міністэрства інфармацыі, Мінскі аблвыканкам. Сёння раённая газета «Прамень» карыстаецца аўтарытэтам не толькі на Стаўбцоўшчыне, але і далёка за межамі раёна. Самае галоўнае для нас – захаваць сваё месца ў сэрцах чытачоў.

Паважаныя калегі, ветэраны працы, падпісчыкі і чытачы нашай газеты, прыміце шчырыя віншаванні з Днём друку. Жадаю творчых здзяйсненняў, журналісцкіх поспехаў, добрага здароўя, шчасця, дабрабыту. А любімай газеце – працвітання!

Таксама ўсіх жыхароў Стаўбцоўшчыны, дарагіх, шаноўных ветэранаў віншую з надыходзячым святам – Днём Перамогі. Здароўя вам, шчасця, мірнага неба над галавой. Нізкі вам паклон.

Паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны! Спадзяюся, што і надалей вы застаняцеся з раённай газетай «Прамень». Выпісвайце «раёнку» – і вы зможаце валодаць актуальнай інфармацыяй аб развіцці нашай Стаўбцоўшчыны, будзеце заўсёды на плыні часу.

З павагай і найлепшымі пажаданнямі Нэлі АСТРЭЙКА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>