Прафілактыка

РАЗГЛЕДЖАНА НА КААРДЫНАЦЫЙНАЙ НАРАДЗЕ

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна праведзена каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Разгледжаны пытанні аб стане работы па супрацьдзеянні карупцыі і эканамічным злачынствам, барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і наркаманіяй.

У 2017 годзе на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна выяўлена сем карупцыйных злачынстваў (па арт. 210 Крымінальнага кодэкса – пяць, па арт. 426 КК – два). У першым квартале 2018 года карупцыйныя і эканамічныя злачынствы ў раёне не выяўлены.

У ходзе пракурорскіх праверак выяўлены факты парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства адносна дэкларавання дзяржаўнымі службовымі асобамі даходаў і маёмасці, парадку афармлення абавязацельстваў і захавання ўстаноўленых для іх абмежаванняў. Устаноўлена, што дапускаюцца парушэнні заканадаўства пры правядзенні і ажыццяўленні закупак.

Пракуратурай раёна ў 2017 годзе праведзена пяць агульнанаглядных праверак захавання антыкарупцыйнага заканадаўства, а менавіта ў ААТ «Навасвержанскі лесазавод», РУП «Стаўбцоўскае АКС», ДП «УКБ Стаўбцоўскага раёна», ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», ДБУП «ПМК-233″ УП «Мінскаблсельбуд».

Паводле вынікаў праверак унесена пяць прадстаўленняў, прынесены адзін пратэст, адна асоба афіцыйна папярэджана аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона. У мэтах выканання актаў пракурорскага нагляду пяць асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, дзве – да матэрыяльнай. У адносінах да адной службовай асобы распачата крымінальная справа карупцыйнай накіраванасці па ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса, якая па выніках праведзенага папярэдняга расследавання накіравана для разгляду па сутнасці ў суд.

У першым квартале 2018 года пракуратурай раёна праведзена праверка захавання патрабаванняў указанага заканадаўства ў арганізацыях Стаўбцоўскага раёна, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь, па выніках якой вынесена чатыры прадпісанні.

З мэтай выканання патрабаванняў Дэкрэта № 6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў.

Праблема распаўсюджання наркаманіі і злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, уяўляе сур’ёзную пагрозу сацыяльнай стабільнасці. Па стане на 01.04.2018 на ўліку ў наркалагічным кабінеце УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» знаходзяцца 12 наркаманаў і таксікаман.

У 2017 годзе праваахоўнымі органамі распачата 14 крымінальных спраў па лініі наркакантролю. У першым квартале гэтага года ўзбуджана тры крымінальныя справы названай катэгорыі.

У мінулым годзе і першым квартале бягучага года непаўналетніх да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, учыненыя ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, не прыцягвалі.

За гэты ж перыяд ва ўстановах адукацыі раёна не зарэгістраваны факты выяўлення навучэнцаў, схільных да гэтай пагубнай звычкі.

Па выніках каардынацыйнай нарады прыняты дадатковыя меры па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці ўпаўнаважаных органаў дзяржаўнага кіравання, накіраванай на прафілактыку і папярэджанне карупцыйных і эканамічных злачынстваў, барацьбу з незаконным абаротам наркотыкаў і супрацьдзеянне наркаманіі.

Сяргей ГРЫЦУК,пракурор раёна

 

АБ КАРУПЦЫЙНЫХ ЗЛАЧЫНСТВАХ

Усяго за першы квартал гэтага года на тэрыторыі Мінскай вобласці выяўлена 132 карупцыйныя злачынствы. У цэлым іх структура у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года выглядае наступным чынам: арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) – 30 (3), арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) – 9 (3), арт. 425 КК (бяздзейнасць службовай асобы) – 1 (0), арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) – 5 (7), арт. 430 КК (атрыманне хабару) – 72 (10), арт. 431 КК (дача хабару) – 15 (0). Памер устаноўленых страт, нанесеных у выніку здзяйснення карупцыйных злачынстваў, а таксама і кампенсаваных, склаў 1380507,04 (331787,39) руб. і 1091981,27 (230100,39) руб. адпаведна.

Карупцыйныя злачынствы часцей за ўсё выяўляліся ў сферы транспарту і транспартнай дзейнасці (36 злачынстваў), прамысловасці (26), сельскай гаспадарцы (16).

Так, за атрыманне хабару да чатырох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці асуджаны выкладчык філіяла БНТУ «Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны каледж». Уступіў у сілу прыгавор суда Мінскага раёна ў адносінах да галоўнага бухгалтара ЖБСК «Мачулішчы-2010″, якая, ведаючы дакладна, што падстаў для прыняцця грамадзян у састаў членаў кааператыва няма, незаконна заключала ад імя старшыні кааператыва дагаворы будаўніцтва жылых памяшканняў у складзе ЖБСК. І ў далейшым складала і выдавала даведкі для дзяржаўнай рэгістрацыі ўзнікнення права ўласнасці на кватэры.

У ліку найважнейшых напрамкаў у службовай дзейнасці пракуратуры з’яўляецца нагляд за выкананнем заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй. Пракуратурай Мінскай вобласці за першы квартал 2018 года ўсяго праведзена 40 праверак. З мэтай ліквідацыі выяўленых у ходзе праверак парушэнняў падрыхтавана 125 актаў пракурорскага нагляду. Па патрабаваннях пракурораў за парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства 96 асоб прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці, 35 – да адміністрацыйнай, да матэрыяльнай адказнасці прыцягнута шэсць асоб на агульную суму 6746 рублёў.

Напрыклад, пракуратурай Уздзенскага раёна ўстаноўлена, што адной з сельскагаспадарчых арганізацый ажыццяўляліся закупкі тавараў, паслуг за бюджэтныя сродкі. Аднак дагаворы заключаліся без папярэдняга правядзення ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку працэдур закупак. Гэта правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі.

Усяго па матэрыялах пракурорскіх праверак выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй за першы квартал бягучага года ўзбуджана дзве крымінальныя справы. Так, пракурорам Мінскага раёна па выніках праведзенай праверкі ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 424 КК у дачыненні да грамадзяніна, які ў 2016 годзе, працуючы старшынёй Лошанскага сельскага выканкама, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, арганізаваў рэалізацыю двух зямельных участкаў па заніжаным кошце, чым прычыніў шкоду дзяржаве ў памеры 27,1 тыс. руб.

Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе праводзіцца Мінскім РАСК.

Аляксандр Ганчар, начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Мінскай вобласці

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>