Асобы статус эксперта

190518d

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь адзначыў свой першы юбілей. У 2013 годзе, пяць гадоў таму, ён быў утвораны згодна з Указам № 202 Прэзідэнта рэспублікі. Такім чынам, у адной структуры былі аб’яднаны эксперты Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз, органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, Узброеных Сіл і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Створаны камітэт ажыццяўляе сваю дзейнасць ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі, у тым ліку праваахоўнымі, органамі. У выніку рэфармавання сістэмы дзяржаўных судова-экспертных устаноў быў падкрэслены асобы працэсуальны статус эксперта і значэнне яго заключэння для ўстанаўлення ісціны па крымінальных, адміністрацыйных, грамадзянскіх і эканамічных справах.

У Мінскай вобласці было ўтворана дзевяць міжраённых i тры раённыя аддзелы Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Адзін з іх, Стаўбцоўскі, ахоплівае экспертаў Стаўбцоўскага і Дзяржынскага раёнаў. З першага дня яго начальнікам прызначаны Мікалай Белавусаў. Дарэчы, Мікалай Юр’евіч не так даўно адзначаны медалём «За бездакорную службу» ІІ ступені.

Мы папрасілі Мікалая Белавусава пазнаёміць з калектывам аддзела і падвесці вынікі работы за першую пяцігодку.  

– Калектыў Стаўбцоўскага міжраённага аддзела складаецца з шасці атэставаных супрацоўнікаў і 11-ці асоб грамадзянскага персаналу, – расказвае Мікалай БЕЛАВУСАЎ. – Атэставаныя супрацоўнікі – гэта вопытныя крыміналісты, якія ў свой час пачыналі службу ў органах міліцыі. Сярод іх, да прыкладу, – старшыя эксперты Эдуард Булаўскі і Дзмітрый Голуб, эксперт Ірына Каробка. У мінулым годзе экспертна-крыміналістычны сектар па Дзяржынскім раёне папоўніўся маладым спецыялістам – выпускніком следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Яўгенам Дзям’янкам.

Грамадзянскі персанал прадстаўлены ў тым ліку трыма судова-медыцынскімі экспертамі. На працягу многіх дзясяткаў гадоў узначальвае аддзел судова-медыцынскіх экспертыз Яўген Трэйсцер. За добрасумленную працу яго партрэт, як і партрэт эксперта Ірыны Каробка, занесены на Дошку гонару ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці.

Наш аддзел з першых дзён размяшчаецца ў будынках Стаўбцоўскага і Дзяржынскага райаддзелаў міліцыі, а таксама ў службовых кабінетах УАЗ «Стаўбцоўская цэнтральная раённая бальніца». У распараджэнні маем транспартны сродак, з дапамогай якога дастаўляем аб’екты для дадатковых даследаванняў у лабараторыі ўпраўлення і цэнтральнага апарату.

– Мікалай Юр’евіч, экспертызы бываюць рознага характару і рознай складанасці. Якія магчымасці ў вас для аказання паслуг на месцы?

– На месцы праводзім крыміналістычныя экспертызы амаль усіх відаў, судова-медыцынскія даследаванні. Шырокі спектр экспертыз, з уключэннем будаўніча-тэхнічных, хімічных, лінгвістычных, тавараведчых, аўтатавараведчых і іншых, праводзіць упраўленне па Мінскай вобласці і цэнтральны апарат Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Дзяржаўны камітэт праводзіць экспертызы па пастановах адпаведных органаў. Нароўні з праваахоўнымі органамі нашымі паслугамі могуць скарыстацца і грамадзяне. Для правядзення неабходнага даследавання грамадзяніну дастаткова звярнуцца да нас з заявай. Цана паслугі залежыць ад складанасці экспертызы, абсталявання і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца.      

– Спасылаючыся на пяцігадовы вопыт, што найбольш запатрабавана жыхарамі нашага і суседняга раёнаў?

– Запатрабаваны ў асноўным даследаванні ідэнтыфікацыйных нумароў транспартных сродкаў, тэхнічная экспертыза дакументаў. Да прыкладу, звярнуўся грамадзянін з просьбай правесці экспертызу далёка няновага пасведчання аб нараджэнні. Большая частка тэксту на ім выгарала, дакумент у такім стане адмовіліся прымаць у дзяржаўных органах. З дапамогай тэхнічных сродкаў нам удалося аднавіць змест гэтага дакумента, які мае юрыдычную значнасць. Часта да нас звярталіся для даследавання сапраўднасці вадзіцельскіх пасведчанняў. Асаблівы ўсплеск падобных зваротаў назіраўся ў перыяд, калі нашы грамадзяне актыўна набывалі аўтамабілі ў Расійскай Федэрацыі.

– Вы дапамагаеце людзям у вырашэнні іх пытанняў. Міліцыя спадзяецца на экспертаў, калі неабходна раскрыць злачынства.

– У мінулым годзе нашым супрацоўнікам на працягу сутак удалося раскрыць грабеж, які тычыўся састарэлай стаўбчанкі. Грабежнік, раней судзімы, уцёк, але пакінуў на месцы злачынства сляды рук і біялагічнае рэчыва – кроў. Парэзаўся, калі разбіваў аконную шыбу… І падобных прыкладаў можна прывесці шмат.    

– У вас за плячыма багаты вопыт крыміналіста. Якія актуальныя прапановы, парады варта даць, каб пазбегнуць злачынных замахаў?

– Працую экспертам з 1998 года і разумею, што мы не павінны раскрываць сваіх метадаў. Элементарна можна параіць узмацніць замкі, рашоткі на вокнах, устанаўліваць сістэму відэаназірання. Цяпер актыўна вядзецца работа па пашырэнні базы ўліку фотавыяў. Асоб, якія трапляюць ў поле зроку праваахоўных органаў, ставяць на так званы фотаўлік, і, калі яны ізноў учыняць правапарушэнне, устанавіць іх асобу не складзе ніякіх праблем.

За перыяд існавання нашага ведамства істотна абноўлена матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне. У чамадане эксперта можна налічыць больш за сотню прадметаў для выяўлення, фіксацыі, адабрання слядоў і аб’ектаў на месцы ўчынення злачынства.  

НА ЗДЫМКУ: Ірына Каробка (эксперт), Мікалай Белавусаў (начальнік аддзела), Эдуард Булаўскі (старшы эксперт).

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>