Дзякуй вам, паважаныя бацькі, што падалі ў рэдакцыю фотаздымкі сваіх дзетак, каб прадставіць іх у нашым «Дзіцячым праменьчыку». Зразумела, 8 Сакавіка, – дата адметная, і таму прапаноўвалі вы мастацкія партрэты слаўных дзяўчынак. Прыгожанькія, здатныя – як жа не любавацца! Праз гады адкрыюць старонку газеты і шчыра ўсміхнуцца – вось якімі былі.
Таму, шаноўныя мамы і таты, бабулі і дзядулі, выпісвайце «Прамень». І прапаноўвайце для газеты фотапартрэты сваіх любімых дачушак, унучак. Пажадана, каб крыху было патлумачана, што яны любяць, чым захапляюцца. Фота, зрабіўшы адбітак, вам адразу ж вернуць. А шчаслівыя моманты дзяцінства застануцца ўсім на радасць. Са святам! Да новых сустрэч у «Прамені».
Ф. БАНДАРОВІЧ
Валерыя ДУДАРЭВІЧ
А куды паедзе Лера?
У краіну, дзе з даверам
Усе героі мульцікаў
Пададуць ёй пульцікі.
Каб глядзела перадачы
Ці гуляла з імі ў мячык.
Валерыя ШАЛЬКЕВІЧ
Падрастае Лерачка,
Нават і не верыцца:
Пальчыкі – у радочкі,
Хутка тры гадочкі.
Пойдзе ў госці з мамай,
З даражэнькай самай,
Слаўная дачушка,
Хуткая, як птушка.
Мілена МАНЦЫВОДА
Мілая Міленачка,
Слаўная паненачка.
Вельмі акуратная,
Модніца выдатная.
У сваім уборы новым,
У прыгожым, адмысловым
Прыйдзе ў бальных чаравічках,
Скажуць: «Наша чараўнічка».
Эвяліна МАНЦЫВОДА
Будзе ўжо адзін гадок,
Пойдзе потым у садок.
А цяпер вось завітала
І на кухню незнарок.
Гаспадынька ўдалая
Кажа: «Што за смаката!»
Усіх абедаць запрашае,
Пачастуе і ката.
Даша КАХАНОВІЧ
«Сонца, радасць, шчасце наша», –
Ад родных чуе і ад блізкіх.
А цяпер вось імя Даша
У зорнай славе алімпійскай.
Сапраўды, настрой спартыўны
У малой, рухавай Дашы.
Нават за рулём машыны
У яе пагляд адважны.
Хрысціна НАВІЦКАЯ
А Хрысціначка-мастачка
Выража з паперы
Узоры-выцінанкі
І звярочка-звера.
Добрага, не злога,
Слаўнага такога.
Бо сама выдатная,
Умелая і здатная.
Ліда УЛАСЕВІЧ
Пойдзе Лідачка ў школу
Сёлета ў верасні.
Меладычны яе голас,
Спрытная, умелая.
У танцы, у маляванні здатнасць –
Усё ўвішна, міла.
І вучыцца на выдатна –
Так яна рашыла.
Ксенія БАР’ЯСЬ
Кім жа быць дзяўчынка марыць?
Самі здагадайцеся,
Можа папытайцеся.
Любіць гатаваць, кухарыць,
Любіць стол сервіраваць,
Смачнае гасцям падаць,
Любіць і вясну, і лета,
Пэўна ж, і не толькі гэта.
Маша СУДНІК
Маша ўмелая такая
І ўсюды паспявае –
І чытаць, і маляваць,
І, вядома ж, пагуляць.
Што ж тут скажа фота? Можа
Яе вабяць падарожжы
І прыгоды, таямніцы
Для прыгожай чараўніцы.
Aпошнія каментары