Надзейнасць – адпачынку ля вады

Перад тым як школьнікі пойдуць на летнія канікулы, Таварыства выратавання на водах плануе забяспечыць іх адмысловым мабільным дадаткам, каб правілы бяспекі, выкладзеныя ў гульнявой форме, пастаянна былі з імі.  

Такой навіной падзяліўся вядучы спецыяліст абласнога савета ТВВод Міхаіл Фралоў, які прымаў удзел у справаздачным сходзе раённай арганізацыі ТВВод. Акрамя таго, як зазначыў Міхаіл Мікалаевіч, у прафілактычнай рабоце з моладдзю ТВВод паступова асвойвае сацсеткі і ўжо ўзяў кірунак на дзіцячыя сады. Сапраўды, чым раней пачнецца навучанне правілам бяспечных паводзін, тым большая верагоднасць іх засваення на ўзроўні падсвядомасці. Па-ранейшаму дзяцей заклікаюць да ўдзелу (і яны актыўна адгукаюцца) многія творчыя конкурсы ТВВод. Апошнім часам іх дапоўнілі нетрадыцыйныя – конкурсы відэаролікаў, красвордаў, рэбусаў. У звычную практыку ўваходзяць спаборніцтвы па плаванні. І Стаўбцоўская раённая арганізацыя ва ўсіх гэтых пытаннях трымаецца на перадавых пазіцыях.

У сувязі з гэтым у Міхаіла Фралова была ганаровая місія – уручыць дыплом за другое месца, якое раённая арганізацыя ТВВод заняла ў абласным спаборніцтве па выніках работы за мінулы год. Дыпломы і падарункі ў выглядзе радыёпрыёмнікаў ад абласнога савета ТВВод уручаны прызёрам творчых конкурсаў, вучням Старасвержанскай школы і СШ № 2 г. Стоўбцы Дзіяне Ясенка і Дзмітрыю Стому. Сярод узнагароджаных раённым саветам ТВВод – пярвічныя арганізацыі Коласаўскай, Старасвержанскай і Шашкоўскай школ (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна).      

Усяго на Стаўбцоўшчыне дзейнічаюць 52 пярвічныя арганізацыі, 17 прадпрыемстваў з’яўляюцца юрыдычнымі членамі ТВВод, якія аб’ядноўваюць 4267 чалавек. Рады арганізацыі растуць. Дзейнічаюць у межах горада два дзяржаўныя выратавальныя пасты (на гарадскім возеры і на рацэ Нёман па вуліцы Набярэжнай), а таксама два ведамасныя (турбазы «Высокі бераг» і прадпрыемства «Рудзьмянская гаспадарка»). Пачаўся новы купальны сезон, таму важна абазначыць месцы купання на мясцовасці, агарадзіць іх буямі, устанавіць знакі, якія ўказваюць на месцы масавага адпачынку ля вады. Купанне ў забароненых месцах цягне адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу – ад адной да трох базавых велічынь.

Па традыцыі месцы масавага адпачынку ля вады прыводзяць у парадак і абсталёўваюць усім неабходным для бяспечнага адпачынку людзей прадпрыемствы і арганізацыі раёна, замацаваныя за імі згодна з рашэннем райвыканкама. У мінулым годзе вялікі ўклад у ачыстку акваторый дна пляжаў і іх добраўпарадкаванне ўнеслі турбаза «Высокі бераг», ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Жацерава», Стаўбцоўскі лясгас, Рудзьмянская гаспадарка, Стаўбцоўскае АКС. І сёлета неабходна выканаць касметычны рамонт кантэйнераў для збору адходаў, туалетаў, раздзявалак, інфармацыйных стэндаў, папераджальных аншлагаў і т. п. Дапамогу і падтрымку раённай арганізацыі ТВВод аказвае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Перад пачаткам купальнага сезона праведзены камісійны агляд месцаў масавага адпачынку ля вады. Звычайна на працягу сезона ажыццяўляюцца сумесныя рэйды, якія сведчаць аб эфектыўным узаемадзеянні ТВВод з райаддзелам міліцыі, пракуратурай, цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, міжраённай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету, раённым камітэтам БРСМ.

Летась на пляжах і ў месцах масавага адпачынку былі зафіксаваны чатыры выпадкі распівання спіртных напіткаў, што забаронена правіламі аховы жыцця людзей на водах. Штраф за гэта складае да 10-ці базавых велічынь. Але намнога важней – папярэдзіць трагедыі на вадзе, а да іх часцей за ўсё і прыводзіць алкаголь. На Стаўбцоўшчыне ў 2017 годзе быў зафіксаваны адзінкавы факт утаплення, і ён таксама звязаны з алкагольным ап’яненнем. У Мінскай вобласці патанулі 76 чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей. Аналізуючы кожны з гэтых чатырох выпадкаў, варта нагадаць бацькам аб адказнасці, у тым ліку крымінальнай, якую нясуць яны за пакіданне сваіх дзяцей адных. Сярод усіх ахвяр 70 працэнтаў былі нецвярозымі. Статыстыка прымушае звяртаць больш пільную ўвагу на пажылых людзей, асабліва ў сельскай мясцовасці.

Разам з тым, неабходна ўзмацніць інфармацыйна-прапагандысцкую работу па папярэджанні няшчасных выпадкаў, растлумачэнні культуры паводзін на вадзе. І тут усе сродкі прыдатныя, пачынаючы ад кутка ТВВод, плаката ці дзіцячага малюнка да мабільнага дадатка. У ліку актуальных задач – навучэнне дзяцей плаванню і выратаванню на водах, аказанню першай медыцынскай дапамогі. Таму ўрокі фізкультуры, заняткі ў шосты школьны дзень пажадана планаваць у басейне ФАКа, а ў чэрвені, у перыяд работы аздараўленчых лагераў пры школах, не забываць пра экскурсіі на выратавальны пост. Разам з вучнямі гатовы вучыцца і настаўнікі. Настаўнік фізкультуры Старасвержанскай школы Анатоль Галаўко прапанаваў, каб і для актыву раённай арганізацыі ТВВод перыядычна арганізоўваліся практычныя заняткі па выратаванні на вадзе і аказанні першай медыцынскай дапамогі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>