Квэст для педагогаў

Filed under: Адукацыя,Нумары |

260518c

Усім добра вядома, што якасць адукацыі цалкам залежыць ад узроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў. Несумненна, сучасны настаўнік валодае найкаштоўнейшым вопытам, багажом эфектыўных методык, педагагічных прыёмаў. Аднак, як паказвае практыка, формула поспеху педагога – гэта пастаяннае ўдасканаленне сваёй кампетэнтнасці.

Адной з галоўных умоў удасканалення прафесійнага майстэрства настаўніка з’яўляецца спецыяльна арганізаваная ў школе сістэма метадычнай работы. Прызначэнне метадычнай работы заключаецца ў тым, каб даць педагогам рэсурсы для пераасэнсавання і сістэматызацыі тэарэтычных і практычных ведаў і навыкаў, а таксама магчымасць творчай рэалізацыі.

Плануючы праграму раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, мы пастараліся прадставіць сучасныя эфектыўныя формы арганізацыі працы як з навучэнцамі, так і з педагогамі. Настаўнікі пачатковых класаў С. І. Лысая, І.М. Ермаковіч, Г. Я. Аўлохова падзяліліся вопытам правядзення сучаснага вучэбнага занятку на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Калегам былі прапанаваны розныя па змесце і структуры ўрокі. Педагогі прадставілі нетрадыцыйныя метады і формы правядзення заняткаў і выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій, што з’яўляецца стымулам для іншых педагогаў для выкарыстання іх у практыцы сваёй работы.

Каб уключыць удзельнікаў семінара ў актыўнае ўзаемадзеянне, мы прапанавалі ім паўдзельнічаць у квэст-гульні «Сучасны ўрок».

Апошнім часам тэхналогія квэст становіцца адной з найбольш эфектыўных сучасных інтэрактыўных тэхналогій, якія ствараюць умовы для развіцця і самарэалізацыі ўдзельнікаў. Квэст – гэта камандная гульня, дзе ўдзельнікі перамяшчаюцца па кропках і выконваюць розныя заданні, толькі выканаўшы правільна заданне, можна рухацца далей для выканання наступнага задання. Квэст як універсальная гульнявая тэхналогія дазваляе за кароткі час ненадакучліва ўцягнуць удзельнікаў у разнастайныя віды дзейнасці. Настаўнікі пачатковых класаў здзейснілі займальнае падарожжа на цягніку. У ходзе жараб’ёўкі педагогі падзяліліся на дзве каманды. Задача саставаў – паспяхова прайсці нялёгкі шлях і атрымаць праязныя квіткі ў педагагічную краіну «Прафесійная дзейнасць».

На маршрутных лістах былі пазначаны станцыі, якія неабходна наведаць, каб дабрацца да пункта прызначэння. На станцыях «Мазгавы штурм», «Метадычны інструментарый», «Дыдактыка», «Педагагічныя сітуацыі», «Майстар» педагогаў чакалі цікавыя заданні (крыжаванкі, пазлы, педагагічныя сітуацыі) па тэме квэст-гульні. Для перамяшчэння ад станцыі да станцыі педагогі атрымлівалі падказкі. Каманды паспяхова выканалі ўсе заданні, таму кожны педагог заслужыў праязны квіток і атрымаў у падарунак брашуру «На дапамогу настаўніку пачатковых класаў: сучасны вучэбны занятак».

Вынікам выканання заданняў у гэтым квэсце стала крытычнае пераасэнсаванне педагогамі атрыманай інфармацыі, яе перапрацоўка з мэтай атрымання новых ведаў.

Такім чынам, актыўнае выкарыстанне квэст-тэхналогіі ў метадычнай рабоце ўстановы адукацыі спрыяе развіццю такіх кампетэнцый педагога, якія даюць яму магчымасць эфектыўна працаваць у інавацыйным рэжыме.

Таццяна БЕЛАНОВІЧ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вішнявецкай сярэдняй школы

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>