Форум «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх»

Форум «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх» праходзіў у Мінску 23-25 мая. Яго арганізатарам выступіла экспертная ініцыятыва «Мінскі дыялог». Мерапрыемства павінна пакласці пачатак штогадоваму адкрытаму і маштабнаму дыялогу паміж вядучымі экспертамі з Усходняй Еўропы, Еўрапейскага саюза, Расіі, ЗША і Кітая. Мінск прадастаўляе якасна новую пляцоўку для дыскусій аб сучасным і будучым рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі.

У цяперашнім форуме прымаюць удзел 350 экспертаў і афіцыйных асоб з больш як 40 краін.

24 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у форуме.

Значнасць Мінска як зручнай перагаворнай пляцоўкі ўзрастае. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на міжнароднай экспертнай канферэнцыі «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».

«Не выпадкова гэтае мерапрыемства праходзіць у Мінску. Тут ужо традыцыйна прадстаўнікі розных краін і рэгіёнаў планеты могуць у абсалютна спакойнай абстаноўцы і поўнай бяспецы абмяркоўваць абсалютна любыя, нават самыя вострыя пытанні. Дзякуючы шматвектарнай знешняй палітыцы краіны, павазе да замежных партнёраў, устойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашай дзяржавы ўзрастае яго значнасць як зручнай пляцоўкі для любых перагавораў», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў удзел у канферэнцыі экспертаў, вучоных і прадстаўнікоў краін Заходняй і Усходняй Еўропы, Расіі, ЗША і Кітая. «Гэта пацвярджае глабальнасць разглядаемых вамі праблем. Паколькі размова ідзе аб канцэптуальных аспектах міжнароднай бяспекі, канкрэтных «гарачых» і «замарожаных» канфліктах», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, мінская экспертная пляцоўка прызначана садзейнічаць абмену меркаваннямі, аргументаванай дыскусіі і пачатку дыялогу, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў міжнародных адносінах.

«Любы разважлівы чалавек пацвердзіць, што сёння няма больш важнага пытання, чым захаванне міру і забеспячэнне яго ўстойлівага развіцця. Таму важна выпрацаваць і прадставіць палітыкам дакладныя прапановы, як гэта зрабіць з захаваннем інтарэсаў усіх бакоў. Яшчэ лепш, калі вашы ідэі будуць уздзейнічаць на шырокую грамадскую свядомасць. Для многіх людзей відавочна, што з моманту заканчэння халоднай вайны еўрапейская архітэктура бяспекі яшчэ не перажывала такога глыбокага сістэмнага крызісу», – падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь унесла ініцыятыву аб неабходнасці пачатку новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі, які павінен быць накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах дзяржаў на агульнай прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі. «Не мае значэння, як ён будзе называцца – Новы Хельсінкскі працэс, «Хельсінкі-2″ ці яшчэ як-небудзь. І не важна, дзе ён будзе праходзіць. І зусім не важна, хто тут ініцыіруе гэты працэс. Мы ўсе павінны яго ініцыіраваць, таму што мір даражэйшы за ўсё. Важна, каб такі дыялог пачаўся і яго вынікам стала рэальнае ўмацаванне міжнароднай бяспекі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць перш за ўсё адсутнасцю гарантый недапушчэння маштабнага ўзброенага канфлікту, няхай нават ненаўмыснага. Ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый у свеце прынцыповыя супярэчнасці паміж дзяржавамі накопліваюцца і прымаюць вострую форму.

«На авансцэну зноў выходзіць стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж вядучымі краінамі. Зноў, няхай і знайшоўшы зручную прычыну, яны робяць стаўку на сілу, у тым ліку ваенную, як адзін з відаў пашырэння сваіх інтарэсаў. Прамое і ўскоснае парушэнне міжнароднага права, пагарджанне ім становіцца палохаючай практыкай, якая апраўдваецца аналагічнымі дзеяннямі апанентаў», – заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што паміж Захадам і Расіяй набіраюць абароты санкцыйнае і інфармацыйнае проціборства, гандлёвыя войны. Нагнятаецца сітуацыя паміж ЗША, ЕС і Расіяй, у што ўцягваюць і Кітай. Актыўна раскручваецца махавік гонкі ўзбраенняў.

Прэзідэнт адзначыў, што важнейшай адметнасцю сённяшняй сітуацыі з’яўляецца непрадказальнасць, калі нават так званыя чырвоныя лініі ўжо нікога не спыняюць.

«Калі сёння вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца паміж сабой, то гэта не азначае, што ўсе астатнія краіны павінны сядзець моўчкі і чакаць іх указанняў. Упэўнены, што Еўропа можа і павінна паказаць прыклад у вырашэнні пытанняў, існуючых паміж Усходам і Захадам. Стаць месцам урэгулявання злабадзённых праблем. Перш за ўсё такіх, як украінскі крызіс», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўнае – захаваць мір.

«Мы пераконваем адзін аднаго, як добра, калі мір, як важна, каб гэты мір быў. Вось вы цяпер выйдзеце на вуліцу і паглядзіце вакол: прырода, сонца, паветра добрае, людзі задаволеныя, што спакойна і мірна. Я кажу не толькі пра Беларусь, а пра любую краіну. Няўжо гэта хочацца каму-небудзь разбурыць? Навошта, каб зноў мільёны людзей гінулі? Усё гэтым сказана. Давайце захаваем гэта», – заклікаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, многія ўжо забыліся, што такое вайна, і ў свеце застаецца ўсё менш сведкаў тых падзей. «Ну, дык давайце будзем верыць тым, хто яшчэ застаўся жывы і гаворыць пра гэтую вайну, як пра жах і трагедыю. І не дапусцім яе. Мір настолькі няўстойлівы, што адзін няправільны крок – і палыхне страшная вайна. І там ужо ніхто не будзе гаварыць пра прычыны, хто вінаваты… Мы будзем забіваць адзін аднаго. Навошта, дзеля чаго?» – паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

«Давайце будзем жыць, гадаваць дзяцей, адукацыю ім даваць добрую, будзем тварыць. Вось і ўсё. І ў гэтым напрамку трэба рабіць захады, а не ўспамінаць, хто што зрабіў і хто куды рушыў. Давайце адыдзем ад гэтага і зробім канкрэтныя захады», – дадаў Прэзідэнт.

БелТА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>