• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Стаўбцоўскі ФАК – наш Палац спорту

300518с

Члены Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіліем Жарко, якія нядаўна праводзілі пасяджэнне ў Стоўбцах, азнаёміліся з работай мясцовага ФАКа і далі яму станоўчую ацэнку. «Ёсць у нас свой Палац спорту!» – з гонарам гавораць і самі стаўбчане, якія скарыстоўваюць рознабаковыя паслугі фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Як «залатая рыбка»

– У Стоўбцах могуць гартавацца таленты будучых чэмпіёнаў, – аўтарытэтна заявіла знакамітая плаўчыха, трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, пераможца чэмпіянатаў свету і Еўропы Аляксандра Герасіменя. Наша беларуская «залатая рыбка», як яе называюць, дала майстар-клас выхаванцам Стаўбцоўскай ДЮСШ. Галоўнае, ёсць база, магчымасці для спартыўнага росту.

І для аздараўлення, таму ў басейн ФАКа прыходзяць людзі рознага ўзросту. Пяць плавальных дарожак даўжынёй па 25 метраў. Строгі кантроль за тэмпературным рэжымам і хімічным саставам вады, утульныя раздзявалкі. Для жадаючых яшчэ і паслугі саўны. Прапускная здольнасць басейна за гадзіну сеанса – да 40 чалавек. І штодзённая, акрамя панядзелка, калі праводзяцца санітарныя мерапрыемствы, работа з 09.00 да 22.00. Памяркоўныя цэны, прытым дзейнічаюць скідкі, ільготы для розных катэгорый наведвальнікаў. Значна танней і зручней будзе, калі набыць абанемент – можна і на месяц, і на квартал, і на ўвесь год. Плаванне – здароўю толькі на карысць. Каб быць заўсёды бадзёрым, трымаць сябе ў тонусе, ад лішніх калорый пазбавіцца. А маладым спартсменам – выдатны від трэніроўкі.

Лічбы сведчаць аб росце папулярнасці басейна ў стаўбчан. Калі за першы квартал 2017 года было адзначана 12 082 наведванні, то за такі ж перыяд сёлета – 13 732.

І свой чэмпіён Еўропы

Прадстаўнік Стоўбцаў, член зборнай Беларусі па сілавых відах спорту Аляксандр Носаў стаў чэмпіёнам Еўропы. Аляксандр Кубрын, Іван Луцэвіч пацвердзілі званне майстроў спорту. Трэнер Яўген Фралоў з задавальненнем расказвае аб поспехах сваіх выхаванцаў на сёлетніх спаборніцтвах. Растуць спартыўныя вынікі хлопцаў, і гэта вельмі радуе.

Увогуле ж трэнажорныя залы, а іх у ФАКу ажно тры – мужчынская, жаночая і агульная, – таксама заўсёды запоўнены.

Той, хто рэгулярна прыходзіць сюды, упэўнена накіроўваецца да сваіх трэнажораў. Разнастайныя сілавыя, што забяспечваюць як агульнае развіццё мышачнай сістэмы, так і дэталёвую прапрацоўку ўсіх груп мышцаў. Кардыязона, прадстаўленая бегавымі дарожкамі, стэп-трэнажорамі, велатрэнажорамі, іншай спартыўнай тэхнікай, як тлумачыць трэнер, для развіцця апорна-рухальнага апарату і г. д. Сілавая зона прадстаўлена, акрамя трэнажораў, гантэлямі, штангамі. Адным словам, усё прыдатнае для падтрымання фізічнай формы спартсменаў і ўвогуле ўмацавання сілы, каб мужчына быў мужчынам.

Дарэчы, і жанчынам такія заняткі не лішнія, нездарма не пустуе і жаночая трэнажорная зала. І для цудоўнай паловы стаўбчан –зала аэробікі, абсталяваная аб’ёмнымі люстэркамі, з харэаграфічным станком, дываном для мастацкай гімнастыкі. З задавальненнем займаецца тут дзіцячы харэаграфічны калектыў «Лявоначкі». А ўсе жадаючыя могуць браць урокі па аздараўленчай гімнастыцы, шэйпінгу, акрабатыцы, фітнесе, танцам і спартыўна-бальным, і лацінаамерыканскім. Каму што даспадобы.

Абаронцы Айчыны

Падчас згаданага наведвання дэлегацыяй з Мінска нашага ФАКа ў зале адзінаборстваў праводзілі трэніроўку і прадэманстравалі паказальныя выступленні члены клуба «Абаронца Айчыны». Патрыятычны клуб, які ўзначальвае педагог, трэнер Рыгор Мамайка, з’яўляецца сапраўднай школай мужнасці для падлеткаў. Камандай рабяты дастойна прадставілі Стаўбцоўшчыну і на міжнародных спаборніцтвах па рукапашным боі ў падмаскоўным Падольску. Увогуле членам клуба трэба быць заўсёды ў належнай спартыўнай форме.

Дыхтоўна выглядае зала, дзе трэніруюцца і выступаюць аматары класічнай барацьбы і ўсходніх адзінаборстваў. Камплектны дыван для барацьбы, татамі, гімнастычныя сценкі. І пачаткоўцы ахвотна імкнуцца спасцігнуць сакрэты майстэрства, якімі дзеліцца Віктар Уліч. Кваліфікаваны трэнер асвойваў навуку адзінаборстваў і адначасова перадаваў сваё ўменне нават у Кітаі. Цяпер жа зноў дома, у Стоўбцах, і рады бачыць, як мужнеюць ягоныя выхаванцы.

Новыя гарызонты

«Дзе гуляюць мячыкамі», – цікавае вызначэнне наступных важных залаў пачуў ад юных наведвальнікаў ФАКа. Настольны тэніс – дынамічная спартыўная гульня, якая дапамагае развіваць рэакцыю, канцэнтрацыю ўвагі, каардынацыю. Ці варта што дабаўляць да гэтага энцыклапедычнага тлумачэння. Як і пра більярд – выдатнай трэніроўкі для цела і розуму. Гэтыя залы таксама папулярныя ў стаўбчан.

А вялікая спартыўная зала, разлічаная на 390 месцаў гледачоў! Запоўненая была яна падчас розыгрышу Кубка Еўропы па футзале сярод ветэранаў, дзе каманда са Стоўбцаў стала прызёрам. Праводзяцца тут рэспубліканскія сустрэчы па міні-футболе, футзале, валейболе, раённыя турніры, трэніроўкі. Памятныя і сустрэчы за званне чэмпіёнаў Беларусі па баскетболе. Актыўна падтрымлівалі стаўбчане жаночую каманду мінскага «Гарызонта», якая тут і праводзіла падрыхтоўку.

«Ці чакаць нам зноў «Гарызонт», іншыя знакамітыя каманды?» Дырэктар ДУ «Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна» Раман Кузняцоў адназначна сцвярджае: «Так, і «Гарызонт» мы ўбачым, і іншыя важныя спаборніцтвы будуць праводзіцца. Канкрэтна аб гэтым будзе абвестка праз «Прамень».

Далей ён прыводзіць цікавую статыстыку наконт фізкультурна-спартыўнага аздараўлення жыхароў Стаўбцоўшчыны. На цяперашні час ФАКам заключана 78 дагавораў наконт аказання паслуг з прадпрыемствамі, арганізацыямі раёна. Найбольш актыўныя тут калектывы Стаўбцоўскіх электрасетак, ЦРБ, РАНС. Усе сельгасарганізацыі раёна карыстаюцца паслугамі ФАКа. А насельніцтва? Тут таксама красамоўныя лічбы росту. Як гавораць, пачні з сябе. Усе члены маёй сям’і рэгулярна стараюцца наведаць ФАК. І так можа сказаць большасць стаўбчан.

Завершаная дзякуючы намаганням мясцовай улады, асабіста старшыні райвыканкама Ю. М. Горлава, дапамозе аблвыканкама будоўля стала важным і неабходным аб’ектам нашага горада.

Стаўбцоўскі ФАК працуе ўжо трэці год і без свайго Палаца спорту райцэнтр уявіць немагчыма.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>