• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Стоўбцы мяняюць выгляд

020618e

Вуліцу Міру ў Стоўбцах упрыгожылі два новыя пяціпавярховыя дамы. У кожным доме – 60 кватэр. Чым не падарунак гораду да яго 425-гадовага юбілею?!.

Новабудоўлі адрозніваюцца цікавай колеравай гамай. Акрамя таго, на адной з тарцавых сцен выратавальнікі ўжо прадставілі сваё тэматычнае графіці. І на вуліцы Цэнтральнай сцены шматпавярховых дамоў таксама аздабляюцца графіці, прычым малюнкі наносяцца з асаблівым, коласаўскім, зместам і нашым, прынёманскім, каларытам. З прыемнасцю заўважаем, што мастакі папрацавалі, ды і працягваюць працаваць, і над відазмяненнем стандартных аб’ектаў газавікоў і энергетыкаў у горадзе: адначасова яны надалі ім эстэтыкі і зрабілі іх пляцоўкамі візуальнай прафілактыкі.  

Пра рэалізацыю ў Стоўбцах праграмы будаўніцтва мы гутарым з дырэктарам дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мікалаем МАРМУЗЕВІЧАМ.    

– Два новыя дамы былі ўведзены ў эксплуатацыю напрыканцы красавіка бягучага года. Адна «шасцідзясятка» складаецца з сацыяльнага жылля і жылля камерцыйнага прызначэння, з кватэр, пабудаваных на долевых умовах. Другая «шасцідзясятка» пабудана для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, паводле дзяржзаказу. Гэта шматдзетныя сем’і і сем’і, у якіх выхоўваюцца двое дзяцей. Для іх прадугледжаны, адпаведна, трохпакаёвыя і двухпакаёвыя кватэры. На даны момант атрыманы дазвол аблвыканкама на продаж ім гэтых кватэр, ідзе афармленне дагавораў куплі-продажу.

– Мікалай Фёдаравіч, будучыя навасёлы задаволены якасцю свайго жылля?

– Жыльцы пабывалі ў сваіх кватэрах. Складзены дэфектныя акты, згодна з якімі будаўнікі ўхіляюць недахопы. Яны, як правіла, нязначныя. Генеральным падрадчыкам выступае Салігорскі домабудаўнічы камбінат. Сярод субпадрадных арганізацый ёсць і стаўбцоўскія арганізацыі. Да прыкладу, ПМК-233, ДРБУ № 135. Кошт квадратнага метра (кватэры здаюцца без унутранай аддзелкі) склаў на выхадзе амаль 784 рублі.

– Як ідуць справы з домам, у якім прадстаўлена сацыяльнае, камерцыйнае і долевае жыллё?

– Адносна 20-ці долевых кватэр (15 з іх пабудаваны тымі, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з прадастаўленнем у адпаведнасці з Указам № 240 адрасных жыллёвых субсідый) заключаецца дадатковае пагадненне, вядзецца пераафармленне кватэр на дольшчыкаў. 20 сацыяльных кватэр (для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў) і 20 камерцыйных цяпер рэгіструюцца ў БТІ. Мы рыхтуем неабходныя дакументы. Атрыманы рашэнні на перадачу выдаткаў па будаўніцтве інжынерных сетак, добраўпарадкаванні, стварэнні транспартнай інфраструктуры эксплуатуючым арганізацыям. Гэта АКС, Мінскэнерга, Стоўбцыгаз, Белтэлекам. Вызначана арганізацыя, якая будзе абслугоўваць дом, – Стаўбцоўскае АКС.

– Што ў планах упраўлення капітальнага будаўніцтва на бягучы год?

– Плануем з прыцягненнем Салігорскага домабудаўнічага камбіната ўзвесці 70-кватэрны жылы дом па вуліцы Міру (ля стадыёна СШ № 3). Гэтым праектам фактычна будзе пастаўлена фінальная кропка ў забудове вуліцы Міру. Дакументацыя цяпер праходзіць экспертызу. Гэты дом будзе ўзводзіцца без дзяржаўнай падтрымкі, з разлікам на камерцыйны продаж кватэр.

Акрамя таго, наша УКБ займаецца праектаваннем дома на 60 кватэр па вуліцы Ленінскай (за ЖБК «Жамчужына», насупраць інтэрната ПМК-233). Хоць крыніцы фінансавання пакуль не вызначаны, праектныя работы авансіруем са сваіх сродкаў. Дзяржзаказ на будаўніцтва жылля ўжо, на жаль, не прадугледжаны, таму мяркуем яго ўзвядзенне з прымяненнем Указа № 240.

– Як добраўпарадкуюцца новыя мікрараёны індывідуальнай жылой забудовы?Што чуваць адносна абласнога інвестпраекта – рэканструкцыі вольнай часткі былой казармы?

– У мікрараёне Паўночны-2 неабходна да канца добраўпарадкаваць праезды. Праект ужо распрацаваны, выдзелены дзве чаргі будаўніцтва. Грошай, на жаль, не хапае. На бягучы год плануем часткова ахапіць паўночную частку мікрараёна.  

Адносна былой казармы магу сказаць, што цяпер карэкціруецца праектна-каштарысная дакументацыя. УКБ выступае ў ролі заказчыка. У бягучым годзе прадугледжана асвоіць 1499 тысяч рублёў.

НА ЗДЫМКУ: новабудоўлі на вуліцы Міру.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>