Прыз вярнуўся на МТФ «Вялікі Двор»

130618f

На базе ААТ «Жацерава» адбыўся сёмы злёт перадавікоў жывёлагадоўчай галіны сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Гэтае мерапрыемства стала традыцыйным. У зале Горкаўскага сельскага дома культуры сабраліся 56 жывёлаводаў, прафесіяналаў сваёй справы, якія шчыра рупяцца і дасягнулі высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака і мяса. За добрасумленную працу і старанне ўсе яны дастойны пахвалы.

Да перадавікоў звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Колясень.

– Сёння мы чарговы раз сабраліся для таго, каб падзякаваць вам за працу і адзначаем самых дастойных – лепшых прадстаўнікоў у сваіх прафесіях. Сельскім працаўнікам нялёгка дастаецца хлеб, а жывёлаводам цяжэй удвайне, бо работа, якую выконваеце, не залежыць ад сезоннасці – вы працуеце круглы год. І праца ваша вельмі важная, бо вы ў прамым сэнсе корміце людзей. Малако і мяса – экспартная прадукцыя, якая пастаўляецца ў розныя краіны свету. І яна павінна быць канкурэнтаздольнай, а гэта значыць, адпавядаць самай высокай якасці. Адначасова неабходна павялічваць і яе вытворчасць. Як гэтага дабіцца? Трэба старацца і ўсведамляць, што ад адказнасці кожнага на сваім рабочым месцы залежыць харчовая бяспека краіны, дабрабыт нашых грамадзян, асабіста вас і вашых сем’яў. Паўтару: вы лепшыя прадстаўнікі гаспадарак у сваіх прафесіях, працуеце з высокай адказнасцю і дабіваецеся добрых вынікаў. Перадавайце накоплены вопыт калегам, каб разам дасягаць тых паказчыкаў, якіх сёння ад вас чакае дзяржава. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця, а таксама поспехаў у працы.

Дзяніс Сяргеевіч уручыў перадавым жывёлаводам падзякі і падарункі.

На працягу некалькіх апошніх гадоў лідарам у малочных справах з’яўляецца калектыў жывёлаводаў ТАА «СЖК «Налібакі». Сярод запрошаных на мерапрыемства перадавы аператар машыннага даення гэтага таварыства Алена Гаптар, брыгадзір перадавой МТФ «Цэнтр» Ірына Жвірбля, тэхнік-асемянатар Святлана Даргевіч і аператар па ідэнтыфікацыі жывёлы Анастасія Юргель.

У прызёрах работнікі фермаў ААТ «Вялікі Двор», якія не саступаюць другую прыступку ў малочных справах і ў лідарах па вытворчасці мяса. Падзяку за шчырую працу атрымалі аператары машыннага даення Наталля Мяшок, Таццяна Ціменка і Ірына Гудзь. Па-ранейшаму ў прызавой тройцы жывёлаводы ААТ «Каганец». Нарошчваюць сёлета паказчыкі аператары машыннага даення Таццяна Чэмка, Аксана Маліноўская, Алена Райская, шчыра рупяцца памочнік брыгадзіра Тамара Рубін і тэхнік-асемянатар Аксана Мельнікава.

Заслугоўваюць пахвалы працаўніцы ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Цёплыя апладысменты гучалі ў адрас брыгадзіра МТФ «Пагарэлае» Зінаіды Ярашэвіч, аператараў машыннага даення Лідзіі Рымашэўскай, Зінаіды Ланкевіч, Таццяны Бутрымовіч і Наталлі Дарашэвіч. Шчыра віталі прысутныя прадстаўніц жывёлагадоўчай галіны ААТ «Агранёманскі» – брыгадзіра МТФ «Ператокі» Людмілу Жарко, аператараў машыннага даення Таццяну Патапаву, Валянціну Нарановіч, Святлану Валовіч, Галіну Солтан, Святлану Шчацініну і Вераніку Улас. Варта адзначыць, што жывёлаводы таварыства за кароткі час падняліся на чацвёртае месца па надоях малака ад каровы і з’яўляюцца ў раёне самым буйным пастаўшчыком на перапрацоўчыя заводы не толькі малака, а і мяса.

Нарошчваюць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі работнікі ААТ «Вішнявецкі-агра», і менавіта дзякуючы старанням тэхніка-асемянатара Вольгі Ермаковіч, аператараў машыннага даення Людмілы Палягошкі, Іны Залатар, жывёлаводаў Наталлі Шода і Генадзія Якушэвіча.

Дабрабыт ААТ «Жацерава» ствараюць аператары машыннага даення Анжэла Тарабэш, Надзея Корж і цялятніца Марына Люцер. Апладысменты заслужылі даяркі Галіна Фенька, Валянціна Гацура, Кацярына Кажамяка і Галіна Хаджумян з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Паступова паднімаюцца на вышэйшыя прыступкі працаўнікі ААТ «Дзераўное», гаспадарку прадстаўлялі брыгадзір МТФ «Лубень» Канстанцін Канавал, увішныя аператары машыннага даення Валянціна Рудовіч, Алена Пячурка, Таццяна Юнцэвіч і слесар даільнага абсталявання Аляксандр Руч’ёў. Заслужылі словы ўдзячнасці даяркі Галіна Жыбуль і Ніна Лук’янчык з СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»; Людміла Патоцкая, Галіна Чарнец, Галіна Кашляк і Алеся Віннікава з ААТ «Рубяжэвічы»; Ніна Русецкая, Жанна Буцька, жывёлаводы Генадзій Прыбытка і Арцём Жыбуль з ААТ «Шашкі»; Марыя Дзяніс і Ганна Смольнік з ААТ «Радзіма Дзяржынскага»; Вольга Сядура, Аксана Сасонка і Алена Васільева з ААТ » Рочавічы».

Як падкрэсліла ў сваім выступленні начальнік аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Галіна Шуранкова, жывёлаводам трэба і надалей адточваць сваё майстэрства, каб паспяхова спраўляцца з задачамі, якія перад імі пастаўлены. І пры штодзённай занятасці на рабоце, каб у іх хапала часу не толькі ўпраўляцца па хатняй гаспадарцы, а і змястоўна адпачываць.

Паводле вынікаў работы за мінулы год, самага высокага паказчыка па надоях малака ад каровы дасягнулі жывёлаводы МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства. Іх шчырая праца дазволіла вярнуць пераходны прыз пераможцы, заснаваны пятнаццаць гадоў назад райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ў гонар праслаўленага ў мінулым аператара машыннага даення, а цяпер брыгадзіра МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Героя Сацыялістычнай Працы Зінаіды Ярашэвіч. Перадаючы хрустальны рог перадавому аператару машыннага даення Таццяне Ціменка, брыгадзір Ірына Жвірбля сказала:

– Ваш калектыў у мінулым годзе шчыра працаваў і заслужыў гэты прыз, але мы прыкладзём намаганні і пастараемся зноў стаць мацнейшымі.

З заключным словам выступіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч, якая адзначыла:

– Гэтым святочным мерапрыемствам мы завяршаем прафсаюзную акцыю «Наш жывёлавод», падчас якой непасрэдна ў калектывах былі ўшанаваны больш за 120 чалавек. І сёння адзначана група дастойных прадстаўнікоў гэтай нялёгкай прафесіі. Нізкі паклон усім за работу. У наступным годзе культурную праграму традыцыйнага злёту перадавікоў мы пастараемся разнастаіць. А ваша задача – прымнажаць здабыткі.

Святочную праграму для перадавікоў падрыхтавалі артысты Горкаўскага селькага дома культуры і раённага Цэнтра культуры. Для сваіх калег спяваў Аляксандр Руч’ёў з ААТ «Дзераўное», неаднаразовы ўдзельнік рознага ўзроўню фестываляў і конкурсаў.

Арганізатарамі і спонсарамі мерапрыемства выступілі райкам прафсаюза работнікаў АПК, упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, пярвічныя прафсаюзныя камітэты сельгаспрадпрыемстваў раёна.                    

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>