• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Быць ці не быць сям’і

Filed under: Нумары,Соцыум |

На вечаровай вуліцы было ціха і холадна. Усе спяшаліся з работы дамоў. Да дзяцей, сям’і, у цёплы дом. Раптам выклікала насцярожанасць у гулкай цішыні нейкая валтузня, крыкі і стук. Дзесьці наперадзе на мінуту ўзнікла сварка, і чыйсьці голас скамандаваў: «Марш, каб цябе не бачылі!.. Сыдзі з двара!.. Сорам!..»

Праз некалькі хвілін гэты «сорам» выштурхнулі на вуліцу і зашчапілі брамку. Калі мы параўняліся, можна было зразумець, з кім так бесцырымонна абышліся. Гэта была жанчына, гадоў сарака, з выгляду не вельмі дагледжаная. Яна хісталася, стала відавочна, што яна… п’яная. У галаве мільганула думка: такая і дамашнім не патрэбная… А што, калі дома яе чакаюць дзеці?..

І як у ваду глядзела. Дзеці, дзве дзяўчынкі, сапраўды чакалі і працягваюць чакаць матулю. Дома ўсе, акрамя яе. Калі матуля прыйдзе – невядома. Пра гэта ніхто нічога не кажа. Апошні раз прыйшла вечарам, а назаўтра знікла… на тыдзень. Пра матулю яны часцей за ўсё чуюць толькі незразумелыя словы і фразы. Пра сабутэльніц, паездкі да нарколага, залежнасць…

Дзяўчынкі здагадваюцца, што з маці нешта не тое. Пра іх клапоцяцца бабуля з дзядулем, тата. Вось ён прыйшоў вечарам з працы, памыўся. Трохі стомлены, чымсьці заклапочаны, але ў старэйшай запытаў пра ўрокі, меншая падбегла да яго з малюнкам. Бабуля з бацькам па-змоўніцку пераглянуліся, і гэтае напружанне вачэй не магло не перадацца дзецям.

Кожны ў душы не знаходзіць спакою. Што можа быць страшней за п’яную жанчыну, маці і гаспадыню ў доме? Калі п’е мужчына – гэта дрэнна, але дзеці – так было спаконвеку – дагледжаныя, у доме згатаваны абед і пануе парадак. Жаночае п’янства каварнае (страшней бывае толькі ў тым выпадку, калі п’юць абое бацькоў). Яно знішчае аснову асноў сям’і – дамашні ачаг, дзіцячую радасць. «Надвор’е» ў такім доме нагадвае вечную стыхію, лівень ці ўраган, які нічога, акрамя разбурэння, бруду і смецця, не нясе з сабой. Але, здавалася б, чаму не вымесці гэтае «смецце» да апошняй парушынкі і не прымусіць сябе жыць па-новаму?.. Трэба ўзяць сябе ў рукі, папрасіць дапамогі ва Усявышняга і – сваёй жаночай сутнасцю – даць заззяць сямейным каштоўнасцям так, каб ніякія хмары не навісалі і не скаланалі дамашні ачаг бурамі ды няшчасцямі.

Неаднаразова муж вазіў жонку на лячэнне. Калі жаніўся, яна была вельмі прывабнай, нашмат маладзейшай за яго. Сёння ва ўзроставай розніцы можна моцна ўсумніцца… Двое дзяцей нарадзіла. Папівала тайком. Калі заўважылі на рабоце, выганяць адразу не сталі, далі шанц. Але ён аказаўся дарэмным… Пасля звальнення жанчына абышла ўжо шэсць прадпрыемстваў і арганізацый. Кім толькі ні ўладкоўвалася! Дворнікам, прыбіральшчыцай, падсобнай рабочай… Ні на адным з рабочых месцаў яна больш за пару дзён не затрымлівалася.

Нікому не патрэбна гора-работніца, шкодзіць яна і сям’і. «Як прыходзіць п’яная, адпраўляем, каб не пужала дзяцей», – тлумачыць членам раённай камісіі па справах непаўналетніх муж. Яна стаіць з ім побач – з апушчанымі вачыма, абсалютна бязвольная, аморфная… З усім згаджаецца і нічога самастойна змяніць не ў стане. Ёй, як падлетку, задаюць пытанне: «Дзе бераце алкаголь?»

Сярод сябровак-сабутэльніц ёсць і такія, якія з-за п’янства пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Падобная перспектыва, калі кардынальна нічога не змяняць, чакае і яе. Для гэтага трэба звярнуцца да ўрача-нарколага, узяць накіраванне і ехаць на стацыянарнае лячэнне ў спецыялізаваную ўстанову. У яе выпадку да ўрача-нарколага трэба не проста ісці, а бегчы і згаджацца на любыя прапанаваныя метады медыцынскай і іншай дапамогі. Пытанне стаіць рубам – быць ці не быць іхняй сям’і.    

Пакуль муж і яго блізкія сваёй дамашняй «пастановай» адгарадзілі дзяцей ад маці, якая п’е і негатыўна ўплывае на іх выхаванне. Будзе значна горш, калі яе мацярынскія правы паставіць пад сумненне суд. А гэта цалкам рэальна. Тады можна ніколі не ўбачыць сваіх дзяцей. І муж можа стаць не мужам. Рэч у тым, што ў яго, як у героя драматычнага жанру, выбар зусім невялікі. Паколькі адабранне дзяцей з сям’і адбываецца ў абоіх бацькоў, то жонка міжволі пацягне за сабой і мужа, калі, канешне, ён да таго моманту не скасуе з ёю шлюб, каб пакінуць дзяцей з сабою. Варыянты жорсткія, але другі – найбольш лагічны і рэалістычны. Няцяжка здагадацца, што будзе азначаць для пітушчай жанчыны скасаванне шлюбу. Гэта крах ілюзій, непатрэбнасць.

Сям’я стаіць на ўліку і становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, таму міліцыя часу не губляе – займаецца зборам дакументаў для накіравання матулі, якая пакутуе ад алкагольнай залежнасці, у лячэбна-працоўны прафілакторый…

P.S. Артыкул падрыхтаваны паводле матэрыялаў раённай камісіі па справах непаўналетніх.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>