На вялікай футбольнай планеце

У футбольных балельшчыкаў – свята. Шмат каго з мужчынскай азартнай паловы не адарваць ад экранаў тэлевізараў. Ды і сярод жанчын нямала шчырых прыхільніц спорту, якіх хаця б цікавяць вынікі матчаў чэмпіянату свету па футболе.

Вялікі планетарны футбольны форум праводзіцца ў гарадах Расіі. Пэўна, і хтосьці са стаўбчан скарыстаў магчымасць пабываць у гэтыя дні футбольнага фестывалю ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу, Сочы ці Растове, Калінінградзе ці Казані, Валгаградзе ці Самары… А ўражанняў – на ўсе чатыры гады, да наступнага чэмпіянату свету. Нечаканым, але такім жаданым стаў поспех каманды гаспадароў – зборнай Расіі, якая з буйным лікам адолела сваіх сапернікаў з Саудаўскай Аравіі і Егіпта, і, такім чынам, трапіла ў плэй-оф – фінальную стадыю спаборніцтваў. Тэхнічную прыгожую гульню паказваюць каманды Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Харватыі, Мексікі. Кожны заўзятар выбірае за каго хварэць, каму які футбол даспадобы.

Зборная Беларусі не трапіла на гэты турнір, не змагла адолець адборачную стадыю спаборніцтваў. Зразумела, вельмі вялікая канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў. Аднак жа без справы беларускія футбалісты не засталіся. У чэрвеньскіх матчах зборная нашай краіны сустрэлася з камандамі Венгрыі і Фінляндыі. Адзначым, што ў складзе зборнай Беларусі выступіў Аляксандр Карніцкі. Ігрок, які пачынаў свой спартыўны шлях у стаўбцоўскай камандзе «Нёман-Агра», стаў нядаўна ўладальнікам Кубка Расіі разам з таварышамі па клубе «Тосна». А дзе будзе далей выступаць? «Тосна», што абараняла гонар горада каля Санкт-Пецярбурга, спыняе свае выступленні ў прафесійных лігах Расіі з-за фінансавых праблем. Такія вось жыццёвыя футбольныя рэаліі.

Як жа трымаецца «Нёман-Агра»? Чэрвеньскі перыяд футбольнага календара выступленняў у другой лізе нацыянальнага чэмпіянату не прынёс асаблівых прыемных эмоцый. «Спадарожніку» з Рэчыцы, як і раней «Уздзе», «Руху», «Крумкачам», «Асіповічам», нашы зноў разгромна ўступілі з «тэнісным» лікам – 0:6. Матч розыгрышу кубка Беларусі на стадыёне «Юнацтва» закончыўся з лікам 1:3. А вось у Мар’інай Горцы стаўбчане трымаліся дастойна, у сустрэчы зафіксавана нічыя – 1:1.

Цяпер «Нёман-Агра», на рахунку якога 7 ачкоў, займае адзінаццатае месца, бліжэй да дна турнірнай табліцы. Унізе за нёманцамі яшчэ чатыры каманды. А ўперад вырваўся «Спадарожнік». Высокай арбіты нашай камандзе сёлета, пэўна, ужо не дасягнуць, але ж і сярод апошніх быць не надта прыемна. Трэба спадзявацца, як і на дажджы гэтым засушлівым летам, на шырокі футбольны нёманскі разліў.

Ф. БАНДАРОВІЧ

 

І З МАР’ІНАЙ ГОРКІ З ПРЫЗАМІ

Другое каманднае месца заняла юніёрская зборная па лёгкай атлетыцы Стаўбцоўскага раёна на першынстве вобласці, якое праводзілася ў Мар’інай Горцы. Юнакі і дзяўчаты 2004-2005 гадоў нараджэння ўступілі толькі калектыву гаспадароў – лёгкаатлетам Пухавіцкага раёна. Аляксандр Адамцэвіч паказаў найлепшы вынік у бегу на 300 метраў і стаў трэцім на 600-метровай дыстанцыі. Для Аляксандра Ждана стаў пераможным забег на 1000 метраў. Адразу тры прызавыя ўзнагароды ў Таццяны Дзяргай – за другія месцы ў штурханні ядра і дыска, і трэцяе – у кіданні кап’я. Другія прызавыя прыступкі ў Валерыі Манік, якая выступала ў бегу на 60 метраў і скачках у даўжыню, а таксама ў Аліны Чэмка ў бегу на кіламетровую дыстанцыю. Мацвей Бычынскі вызначыўся ў скачках: другое месца – у вышыню і трэцяе – у даўжыню. Данііл Сінкевіч заняў трэцяе месца ў бегу на 2000 метраў.

Большасць з названых спартсменаў – выхаванцы трэнера Анатоля Турчановіча, які рыхтуе юную змену ў СШ № 3 г. Стоўбцы. Могуць ганарыцца пераможцамі спаборніцтваў трэнеры Анатоль Галаўко і Дзмітрый Булакевіч.

Пр

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>