• Гораду Стоўбцы - 425 гадоў

Тэрміновая сацыяльная дапамога

Filed under: Грамадства,Нумары |

Калі мы пісалі, што малазабяспечаныя жыхары раёна могуць звярнуцца па дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, то згадвалі Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які акажа дапамогу са зборам неабходных дакументаў. На ўвазе мелася адно з аддзяленняў цэнтра – аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, якое, дарэчы, займаецца вырашэннем і шмат якіх яшчэ жыццёва важных пытанняў.

Пра гэта расказвае загадчыца аддзялення Анастасія МЕЛЬНІКАВА:     

– У наша аддзяленне грамадзяне могуць падаваць заяву на выдзяленне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Такая дапамога існуе ў розных формах. Найбольш распаўсюджаныя – штомесячная або аднаразовая сацыяльная дапамога, забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Інваліды ІІІ групы і непаўналетнія дзеці, якія не з’яўляюцца інвалідамі, але па медыцынскіх паказаннях маюць патрэбу ў тэхнічных сродках рэабілітацыі, маюць права на сацыяльную дапамогу па аплаце тэхнічных сродкаў рэабілітацыі. Для інвалідаў І групы і дзяцей-інвалідаў з чацвёртай ступенню страты здароўя таксама прадугледжана сацыяльная дапамога з мэтай кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў. Адна з умоў для малазабяспечаных – неабходна мець рэгістрацыю па месцы пражывання (знаходжання) на тэрыторыі нашага раёна.

–  Анастасія Анатольеўна, у вас можна ўзяць на пракат дапаможныя сродкі для перамяшчэння?

– На базе аддзялення функцыянуе салон пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі. Абслугоўваем грамадзян, якія маюць патрэбу ў такіх дапаможных сродках. На жаль, на даны момант усе тэхнічныя сродкі аформлены ў пракат і мы прымаем заяўкі ад тых, хто мае патрэбу, для пастаноўкі на чаргу. У нас ёсць сустрэчная прапанова: калі ў вас ёсць непатрэбныя мыліцы, хадункі або нават інвалідныя каляскі, мы будзем рады прыняць іх на бясплатнай аснове і перадаць тым, каму яны неабходны.

–  Ідзе вясна і нясе з сабою клопаты па апрацоўцы прысядзібных участкаў. Якую дапамогу вы можаце прапанаваць нямоглым адзінокім пенсіянерам?

– Сапраўды, у вясенне-летні сезон такія паслугі карыстаюцца найбольшым попытам. Круглагадовыя паслугі – пакупка і дастаўка на дом прадуктаў і іншых тавараў, атрыманне рэцэпта ва ўрача і набыццё лекаў у аптэцы, уборка жылых памяшканняў і іх касметычны рамонт – пафарбоўка дзвярэй, акон, паклейка шпалераў. Гэта так званыя разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі па нізкіх цэнах. Яны аказваюцца адзінокім і адзінока пражываючым пенсіянерам, інвалідам І-ІІ груп, якія пражываюць у Стоўбцах. У бліжэйшай перспектыве плануецца аказанне падобных паслуг адзінокім, адзінока пражываючым пенсіянерам і інвалідам І-ІІ груп у сельскіх населеных пунктах раёна.     

– Да вас звяртаюцца для аказання паслугі нянькі.  Хто мае права на такую паслугу?

–  Канешне і, трэба заўважыць, такія паслугі бясплатныя. Мы можам прапанаваць звярнуцца да нас за паслугамі нянькі сем’ям, у якіх выхоўваюцца двое і больш дзяцей-блізнят ва ўзросце да трох гадоў, а таксама няпоўным сем’ям з дзіцем-інвалідам, поўным сем’ям з двума дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да чатырох гадоў.  

– На якіх умовах выдзяляецца гуманітарная дапамога?

– Малазабяспечаныя і сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян могуць звяртацца па гуманітарную дапамогу. Прадастаўляецца яна ў выглядзе адзення і абутку, якія былі ў карыстанні, і выдаецца з разліку 15 адзінак на чалавека. Між іншым, з 1-га сакавіка  жыхарам раёна з ліку малазабяспечаных і сацыяльна-неабароненых пачалі аказваць паслугу па рамонце швейных вырабаў. Кошт паслугі  нізкі.

Ужо не адзін год намі практыкуецца прыём адзення ад насельніцтва для далейшай перадачы яго тым, хто мае патрэбу і звярнуўся да нас па гуманітарную дапамогу. Адзенне перадаецца толькі пасля санітарнай апрацоўкі, праведзенай  раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. У зімовы перыяд быў зроблены перапынак у прыёме рэчаў, але на даны момант збор іх адноўлены.

– Што выношваеце ў планах, каб сацыяльная дапамога была больш поўнай, запатрабаванай?

– Хацелася б арганізаваць на базе нашага аддзялення пункт пракату дзіцячых прылад. Яны неабходны ў першую чаргу малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям, сем’ям з маленькімі дзецьмі-інвалідамі. Будзем рады, калі гэтую ініцыятыву падхопяць жыхары раёна, гатовыя бязвыплатна перадаць тыя ж дзіцячыя каляскі, ложкі, хадункі, арэлі, манежы, ванначкі для купання і іншае. Адрас тэрытарыяльнага цэнтра: г. Стоўбцы, вуліца Сацыялістычная, 40, 1-шы паверх, каб.  7 (тэл. 5-42-93). Кансультацыі спецыялістаў па ўсіх узнікшых пытаннях можна атрымаць у рабочыя дні ў рабочы час.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>