За Еўраоптам трэба паспець

Filed under: Гандаль,Нумары |

У гэтым годзе справаздачны сход праўлення райспажыўтаварыства  адметны тым, што  быў выбарчым. Старшыні праўлення Віктару Галаўко давялося даць справаздачу за апошнія пяць гадоў работы.

Як, напэўна, заўважылі і жыхары раёна, за гэтыя гады райспажыўтаварыства зрабіла значны крок у развіцці. І гэта праявілася ў абнаўленні кааператыўнай гаспадаркі па ўсіх накірунках. Праведзены мадэрнізацыя ўчасткаў і цэхаў, рамонты, рэканструкцыі, адкрыліся магазіны самаабслугоўвання, фірменныя магазіны. За пяць гадоў на ўмацаванне тэхнічнай базы  накіравана без малога дзевяць мільярдаў рублёў інвестыцый. Эфектыўнасць гэтых і іншых мер настолькі відавочная, што па выніках работы за мінулы год стаўбцоўскае райспажыўтаварыства выйшла на самы высокі паказчык у сістэме Мінскага аблспажыўтаварыства і на чацвёртае месца ў рэспубліцы па тэмпе росту рознічнага тавараабароту.

За мінулы год забяспечана рэнтабельная работа ва ўсіх галінах райспажыўтаварыства, ведамства спрацавала прыбыткова і ўпершыню за апошнія гады замацавала свае пазіцыі на рынку гандлёвых паслуг раёна: удзельная вага агульнага тавараабароту спажывецкай кааперацыі вырасла і склала 25,9 працэнта.

І кіраўніцтва райспажыўтаварыства, і прадстаўнікі аблспажыўтаварыства і Белкапсаюза на сходзе, аналітычна падыходзячы да разгляду спраў, выказвалі заклапочанасць тым, што, нягледзячы на ўсе гэтыя пазітыўныя перамены, спажывецкая кааперацыя павінна ставіць больш дасканалыя задачы па стабілізацыі становішча. Сёння сістэма вымушана працаваць у складаных умовах, яны выражаны ў больш высокай канкурэнтаздольнасці прыватнага бізнесу з наяўнасцю ў яго свабодных грашовых сродкаў. Прадстаўнікі вышэйстаячых структур прыводзілі прыклады з раёнаў Мінскай вобласці, дзе будаўніцтва супермаркета з такім раскручаным брэндам як “Еўраопт”, паставіла на задні план усе іншыя гандлёвыя кропкі райцэнтраў. Больш таго, ускладніла ў райспажыўтаварыствах і так вельмі вострую праблему кадраў прадаўцоў.

Таму з падтрымкай было ўспрынята выступленне з трыбуны сходу ветэрана спажывецкай кааперацыі Уладзіміра Урублеўскага, які доўгія гады паспяхова ўзначальваў калектыў. 

Уладзімір Іванавіч звярнуўся да прадстаўнікоў райвыканкама, каб раённая ўлада аддавала прыярытэты райспажыўтаварыству ў планаванні будаўніцтва буйных магазінаў у райцэнтры. Сваю думку ён падмацаваў тым, што спажывецкая кааперацыя нясе на сабе вялікі груз абслугоўвання сельскіх жыхароў, дзейнасць гэтая стратная. Гандлёвае абслугоўванне 40,5 тысячы жыхароў раёна забяспечваецца праз 98 гандлёвых прадпрыемстваў, 71 з якіх размешчана ў сельскай мясцовасці. 14 прадпрыемстваў гандлю знаходзяцца ў вёсках, дзе пражывае менш за 100 чалавек. Аб’ектам асобага клопату райспажыўтаварыства застаюцца жыхары маланаселеных пунктаў, дзе наогул адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка. У  раёне 104 такія вёскі і хутары, у якіх пражываюць чатыры з паловай тысячы чалавек. Для гандлёвага абслугоўвання іх па графіку курсіруюць шэсць аўталавак.

Размова на сходзе ішла ў сучасным русле. Тон яе задаў старшыня рэвізійнай камісіі Белкаапсаюза Дзмітрый Воранаў. Ён прааналізаваў усе паказчыкі работы спажывецкага таварыства, зрабіў свае заўвагі, пазнаёміў прысутных са станам спраў і накірункамі работы Белкаапсаюза. Прыватны бізнес, кампаніі з раскручанымі гандлёвымі маркамі паўсюдна наступаюць на аб’екты спажывецкай кааперацыі. І для Белкаапсаюза таксама праблема, дзе браць сродкі для будаўніцтва запланаваных буйных супермаркетаў, без якіх далейшае функцыянаванне сістэмы  з больш чым 100-гадовай гісторыяй стане проста немагчымым.

Працягваючы гутарку аб перспектывах, варта зрабіць акцэнт на бізнес-плане райспажыўтаварыства на бліжэйшы час. У бягучым годзе плануецца прыступіць да мадэрнізацыі ўніверсама № 34. На сучасны момант гэта адзін з самых даходных аб’ектаў гандлю. Будзе павялічана гандлёвая плошча за кошт складскіх памяшканняў і ўстаноўлена сістэма аўтаматызаванага кіравання. Магазін № 53 у Заямным пасля мадэрнізацыі стане працаваць па метадзе самаабслугоўвання з устаноўкай абсталявання для продажу жывой рыбы. І ў гэтым годзе запланавана купіць яшчэ адзін сучасны мадэрнізаваны аўтамагазін.

Высокую ацэнку дзейнасці райспажыўтаварыства па выніках работы за мінулы год дала ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч. Як заўсёды аптымістычна падтрымаў калектыў, заўважыў усе станоўчыя моманты ў рабоце кіраўнік стаўбцоўскага аддзялення “Белаграпрамбанк” Леанід Лобка. Гэты банк інвесціруе многія інавацыйныя пачынанні райспажыўтаварыства.

Галасаваннем старшынёю праўлення райспажыўтаварыства на новы справаздачны перыяд выбраны Віктар Галаўко. На яго ўскладваюцца сур’ёзныя задачы не толькі захаваць калектыў на замацаваных стабільных пазіцыях, але і паспець не ўпусціць шанцы, заняць у райцэнтры важныя нішы на рынку паслуг.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ 

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>