Фанфары Наднямоння

Filed under: Культура,Нумары |

На ХVІ адкрыты рэгіянальны конкурс «Фанфары Наднямоння» ў Стоўбцы прыехалі юныя выканаўцы на духавых інструментах з многіх рэгіёнаў Беларусі. Стаўбцоўскі конкурс «Фанфары Наднямоння» набірае гістарычныя абароты – ён праводзіцца ўжо 16-ты раз, як адзначыў на ўрачыстым адкрыцці конкурсу ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў старшыня журы – лаўрэат і дыпламант міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, член міжнароднай арганізацыі мастацтвазнаўцаў (IGEB), член міжнароднай гільдыі трубачоў (ITG), старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў, член праўлення Беларускага Саюза музычных дзеячаў, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандр Карацееў. У складзе журы былі: лаўрэат і дыпламант міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, прафесар кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў  Ігар Мангушаў, заслужаны работнік Рэспублікі Польшчы, дырыжор духавога аркестра Дома культуры горада Лобез Ледзіон Дарыуш, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Генадзь Забара, галоўны спецыяліст Мінскага абласнога інстытута народнай творчасці Алег Сівы, старшы выкладчык Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа Валерый Шыла.

Спаборнічалі ў выканальніцкім майстэрстве на духавых інструментах 58 юных удзельнікаў. Выступленне кожнага юнага музыканта журы ўспрыняло ўважліва. Было прынята рашэнне аддаць Гран-пры конкурсу юнаму трубачу Стаўбцоўскай школы мастацтваў Андрэю Хадзічэнку. Андрэй атрымаў яшчэ і дыплом І ступені. Працуе з юнаком выкладчык Аляксандр Нічыпаровіч, які яшчэ і кіруе народным духавым аркестрам «Віціны», у склад якога ўваходзяць і яго вучні. Дарэчы, Андрэй Хадзічэнка – неаднаразовы ўладальнік лаўрэацкіх дыпломаў на розных конкурсах. Адзначыла журы і выдатнае выкананне Мікалая Артамонава, які ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені. Яго таксама рыхтаваў Аляксандр Нічыпаровіч. Дыплом такой жа вартасці атрымаў яшчэ адзін вучань Стаўбцоўскай школы мастацтваў – Яўген Казацкі. З ім працуе выкладчык Дзмітрый Вяршэня. Такім чынам, у скарбонцы выхаванцаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў чатыры ўзнагароды ХVІ адкрытага рэгіянальнага конкурсу маладых выканаўцаў на духавых інструментах «Фанфары Наднямоння».

Конкурс даў магчымасць пазнаёміцца з падрастаючымі талентамі, выявіць адораных дзяцей і ўбачыць вынікі іх сумесных са сваімі настаўнікамі творчых намаганняў. Ён служыў і прапагандзе лепшых традыцый музычнай адукацыі.

Журы адзначыла і лепшых выкладчыкаў. І гэта справядліва, таму што поспехі юных канкурсантаў – у  першую чаргу, вынік бясконцай і карпатлівай працы педагогаў. Можна было назіраць, што яны хвалююцца не менш, чым самі юныя ўдзельнікі музычнага спаборніцтва.

Конкурс «Фанфары Наднямоння» даў магчымасць усім удзельнікам пачуць добрую музыку, новыя інтанацыі, убачыць рост здольных дзяцей. Членаў журы парадавала, што духавая музыка жыве, яны адзначылі высокі ўзровень канкурсантаў. А самім юным музыкантам прыезд у Стоўбцы на конкурс даў магчымасць прадэманстраваць свае таленты журы і публіцы і акунуцца ў цудоўную атмасферу музычнага свята.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>