Працягніце руку дапамогі

Filed under: Адукацыя,Нумары |

«Бяспечны свет дзяцей праз адказнасць бацькоў» – такая важная тэма стала прадметам размовы на раённым бацькоўскім сходзе, на які па традыцыі былі запрошаны педагогі, бацькі, вучні, прадстаўнікі структур і арганізацый. Адметнасцю сёлетняга сходу была форма яго правядення  – адначасова працавалі студыі ва ўсіх раёнах, а затым у рэжыме анлайн прайшоў абласны бацькоўскі сход.

Тон размове задаў даклад намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ядвігі Мазуркевіч. Адпраўным пунктам да калегіяльнай размовы сталі пастаўленыя пытанні: як і з чаго пачынаць фарміраваць культуру бяспекі жыццядзейнасці дзіцяці? У гэтай прафілактычнай рабоце ў адной звязцы павінны быць і сям’я, і ўстановы адукацыі, і грамадскасць. Працоўны дзень школьніка нярэдка становіцца больш складаным і напружаным, чым у дарослых. Таму так важна захаваць здароўе  нашых дзяцей. Перад кіраўнікамі ўстаноў адукацыі ставілася задача павысіць адказнасць за бяспеку дзяцей, прадумаць так план заняткаў, каб дзеці  не былі прадстаўлены самі сабе, а знаходзіліся пад пастаянным кантролем педагога. Для забеспячэння належных умоў знаходжання  дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна ў 2013 годзе сума ўкладанняў з бюджэту на бягучы і капітальны рамонты склала 4,5 мільярда рублёў. Толькі ў гэтым каляндарным годзе на супрацьпажарныя мерапрыемствы з бюджэту выдзелена 150 мільёнаў рублёў. Ва ўстановах адукацыі забяспечаны прапускны рэжым. Пачынаючы з 2013 года ў гімназіі № 1, СШ № 2, № 3, яслях-садзе №№ 1, 4, 5, 7, дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці  «Радуга», аздараўленчым лагеры «Нёман» устаноўлены сістэмы відэаназірання. Школьныя аўтобусы ўкамплектаваны аптэчкамі, пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, інструкцыямі па правілах перавозкі дзяцей. Распрацаваны маршруты бяспечнага руху ў школу.

Аднак бяспека дзяцей мае намнога больш шырокае паняцце, чым толькі гэтыя адзначаныя моманты. Такі вывад можна было зрабіць з выступленняў з трыбуны. Дырэктар раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Святлана Сікорская і дырэктар сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы Аксана Лось падзяліліся вопытам работы з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Акцэнты  зроблены на тым, што і ў сем’ях равеснікаў такіх дзяцей павінна выхоўвацца пачуццё ўвагі, талерантнасці, узаемавыручкі, узаемаразумення. 

Мала якая сям’я не адчувае такой праблемы, як камп’ютарная залежнасць дзяцей. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нававёскаўскай СШ Наталля Марозік дала парады бацькам, як кантраляваць гэтую сітуацыю, як дапамагчы дзецям не стаць заложнікамі сусветнай павуціны.

На важныя моманты звярнуў увагу педагогаў і бацькоў у сваім дакладзе благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык. Айцец Аляксандр падзяліўся сваёй пастырскай занепакоенасцю аб духоўнай бяспецы. Духоўнасць ёсць аснова ўсяго, што мае адносіны да самарэалізацыі асобы. «У сучасны момант, – адзначыў айцец Аляксандр, – становіцца ўсё больш відавочна, што без уключэння ў працэс навучання асноў Праваслаўнай культуры неправамерна гаварыць аб атрыманні школьнікамі паўнацэннай адукацыі, таму што няведанне гэтых асноў не дазваляе атрымаць сапраўдныя веды. Гэта значыць, у цяжкі, складаны, рашаючы момант жыцця цяжка прыняць усебакова ўзважанае, падмацаванае і свецкімі ведамі, і традыцыйна рэлігійнымі догмамі, і сваім жыццёвым вопытам адзіна правільнае рашэнне».

Апошнім часам на сходах і нарадах звяртаецца ўвага на сур’ёзную праблему распаўсюджвання сярод моладзі курыльных сумесяў, так званых спайсаў. Разам з іншымі момантамі, як ход рэалізацыі Дэкрэта № 18, папярэджанне насілля ў сям’і, у  сваім выступленні на праблему спайсаў звярнуў увагу бацькоў і педагогаў  і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Міхаіл Азановіч.

Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын падкрэсліў важнасць сумеснай прафілактычнай работы па забеспячэнні супрацьпажарнай бяспекіз педагагічнымі калектывамі. Ён расказаў, што за актыўнасць у тэматычных конкурсах і фестывалях узнагароды аддзела па надзвычайных сітуацыях – граматы і падарункі – атрымалі: каманда вучняў гімназіі № 1 на конкурсе «Школа бяспекі 2014″ пад кіраўніцтвам настаўніка Л. І. Нарановіча, калектыў Акінчыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад –  пачатковая школа пад кіраўніцтвам Ірыны Прыстаўка  – у абласным конкурсе «Бяспечнае дзяцінства», каманда Горкаўскай СШ за ўдзел у абласным фестывалі пад кіраўніцтвам настаўніка С. Ф. Васілеўскага, вучань Заямнаўскай СШ Сцяпан Жаўнерчык,  вучаніца Шашкоўскай СШ Надзея Кабылінская за прызавыя месцы ў абласным конкурсе «Выратавальнікі вачыма дзяцей» (момант уручэння ўзнагарод вы бачыце на здымку).

Ва ўсіх выступленнях з трыбуны гучала думка, што дзіцяці ў першую чаргу патрэбна любоў. Дэфіцыт увагі, даверлівых адносін у сям’і ў многіх выпадках становіцца прычынай многіх бед сучаснай моладзі: правапарушэнняў, алкагалізму, наркаманіі і нават суіцыдаў. Над гэтым павінна задумацца кожная сям’я і ўзважыць свае намаганні.

Усе важныя моманты бяспекі дзяцей, уключаючы і асабістую адказнасць бацькоў,  адлюстраваны ў рэзалюцыі раённага бацькоўскага сходу. Прысутныя атрымалі інфармацыйныя буклеты, памяткі прафілактычнай накіраванасці. 

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

І КАНІКУЛЫ, І ЭКЗАМЕНЫ

У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 158 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі  2013/2014 вучэбны год заканчваецца 31 мая. У  гэты дзень прагучыць апошні званок для вучняў IХ, ХI класаў. Выпускныя экзамены на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца ў перыяд з 1 па 12 чэрвеня. Выпускныя экзамены па вучэбных прадметах, якія праводзяцца ў пісьмовай форме, пачынаюцца ў 9 гадзін.

Больш падрабязную інфармацыю аб тэрмінах пісьмовых экзаменаў па завяршэнні навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі можна атрымаць на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама (roo@stolbcy.edu.by).

Выпускнікі  па завяршэнні навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі здаюць чатыры экзамены: па беларускай і русках мовах, матэматыцы –  у пісьмовай форме; па гісторыі Беларусі –  у вуснай форме.

Выпускнікі па завяршэнні навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі будуць здаваць чатыры  экзамены: тры з іх – абавязковыя  (матэматыка, замежная мова, руская (беларуская) мова) і адзін –  на выбар вучняў.

У перыяд з 2 па 10 чэрвеня для асоб, якія жадаюць паступіць у гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, праводзяцца тры ўступныя іспыты па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова» і «Матэматыка», а для   асоб, жадаючых паступіць у гімназіі-каледжы мастацтваў, –  два ўступныя іспыты па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Руская мова» (на выбар асобы, якая прымае ўдзел у конкурсе) і «Матэматыка», а таксама праводзіцца праверка здольнасцяў  у галіне асобных відаў мастацтва.

Уступныя іспыты ў 5 клас гімназій, гімназій-інтэрнатаў праводзяцца:

3 чэрвеня –  руская мова;

5 чэрвеня – матэматыка;

7 чэрвеня – беларуская мова.

Рэзервовым днём для правядзення ўступных іспытаў у гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, гімназіі-каледжы мастацтваў, а таксама для правядзення праверкі здольнасцяў па асобных відах мастацтва асоб, якія па ўважлівых прычынах не змаглі з’явіцца на ўступныя іспыты ва ўстаноўленыя тэрміны, вызначаны 9 чэрвеня. Праверка ўступных іспытаў у гімназіі, гімназіі-каледжы мастацтваў пачынаецца ў 11 гадзін.

Тэксты і заданні для правядзення ўступных іспытаў па вучэбных прадметах «Беларуская мова», «Руская мова», «Матэматыка»,  у тым ліку  і ў рэзервовы дзень, аб’яўляюцца па тэлебачанні і радыё.

Згодна з пастановай Міністэрства адукацыі ад 7 красавіка 2014 года № 30 «Аб устанаўленні пераліку педагагічных спецыяльнасцяў, пры паступленні на якія залічваюцца без уступных іспытаў асобныя катэгорыі абітурыентаў» у Беларусі вызначаны пералік педагагічных спецыяльнасцяў, на якія медалісты і пераможцы алімпіяд змогуць паступаць без экзаменаў (апублікавана на Нацыянальным прававым партале).

Дадатак да пастановы вызначае пералік педагагічных спецыяльнасцяў, пры паступленні на якія залічваюцца без уступных іспытаў пераможцы  (дыпломы I, II, III ступені) трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, што праводзілася Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе, для якіх даны прадмет вызначаны прадметам першага профільнага іспыту, а таксама асобы, узнагароджаныя залатым, сярэбраным медалём, ці якія закончылі ўстанову сярэдняй спецыяльнай адукацыі з дыпломам з адзнакай.

Для паступлення на шэраг педагагічных спецыяльнасцяў без экзаменаў вышэйпералічаным катэгорыям абітурыентаў неабходна будзе прадаставіць у прыёмную камісію вышэйшай навучальнай установы рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны закончылі.

У пералік спецыяльнасцяў увайшлі   спецыяльнасці, якія асабліва запатрабаваны ў цяперашні час у рэспубліцы, –дашкольная і пачатковая адукацыя, гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны, біялогія, хімія, геаграфія, фізіка, матэматыка, інфарматыка, тэхнічная творчасць, беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, тэхнічная праца і прадпрымальніцтва, абслуговая праца, выяўленчае мастацтва, лагапедыя, сурдапедагогіка, тыфлапедагогіка, алігафрэнапедагогіка, сацыяльная педагогіка і г. д. Усяго ў спісе 22 спецыяльнасці, з імі можна пазнаёміцца на партале Міністэрства адукацыі.

Паважаныя выпускнікі! Калі  ў вас узнікнуць пытанні па завяршэнні навучальнага года, падрыхтоўцы і правядзенні выпускных экзаменаў, паступленні ва ўстановы адукацыі, тэлефануйце на нумар  гарачай лініі  – 5-47-72.

Ядвіга МАЗУРКЕВІЧ,намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>