Да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту

Filed under: Нумары,Спорт |

АРЫЕНЦІР – НА ЗДАРОЎЕ

«Зрабіць заняткі фізкультурай даступнымі па цане, зручнымі і прывабнымі, у першую чаргу для падрастаючага пакалення, – задача дзяржавы». Такія арыенціры акрэслены Прэзідэнтам у яго Пасланні беларускаму народу. І ў нашым раёне ўдзяляецца значная ўвага ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, прыцягненню большай колькасці ўсіх катэгорый насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай, спортам і турызмам.

У цяперашні час для правядзення фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы ў раёне ёсць два стадыёны – «Юнацтва» ў горадзе і «Меліяратар» у Дзераўной. Працуюць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы. Усяго дзейнічаюць 77 спартыўных аб’ектаў. Створаны чатыры фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры па месцы жыхарства: Дзераўнянскі, Шашкоўскі, Коласаўскі, Любкаўшчынскі, у якіх займаецца больш за 400 чалавек. Падрыхтоўка праводзіцца ў больш як 200 спартыўных секцыях і групах.

Творча і вынікова працуюць педагогі В. В. Кузняцоў (Коласаўская СШ, зімовыя віды спорту), А. М. Галоўка (Старасвержанская СШ, велатурызм), А. М. Турчановіч (СШ № 3 г. Стоўбцы, лёгкая атлетыка), Г. Ч. Канановіч (Дзераўнянская СШ, валейбол), М. М. Мазур (Горкаўская СШ), Ю. А. Кручок (Заямнаўская СШ, турызм).

Згодна з адзіным календаром спартыўна-масавых мерапрыемстваў у раёне штогод праводзіцца больш за 90 спаборніцтваў і турніраў. У круглагадовай спартакіядзе Мінскай вобласці апошнім часам наш раён стабільна ўваходзіць у пяцёрку мацнейшых.

У 2012-2013 гадах па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку масавай фізкультурна-аздараўленчай работы сярод арганізацый і прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу аграбудфірма «ПМК-74 – Налібакі» заняла першае месца, сярод спартыўных цэнтраў і комплексаў Дзераўнянскаму ФАКу прысуджана трэцяе месца.

Ёсць дасягненні ў спартыўных камандаў раёна. Летась жаночая зборная па лыжных гонках стала пераможцай зімовай спартакіяды сельскіх жыхароў Рэспублікі Беларусь. Каманда юнакоў заняла другое месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па лыжным спорце сярод дзяцей і падлеткаў «Старты надзей». У лёгкаатлетычным кросе на прызы газеты «Мінская праўда» каманда раёна заняла другое месца. Мужчынская валейбольная зборная стала пераможцай абласной спартакіяды сярод сельскіх жыхароў.

Гонарам спартыўнай Стаўбцоўшчыны з’яўляюцца поспехі выхаванкі Дзераўнянскай ДЮСШ Марыны Карніцкай-Даманцэвіч, неаднаразовай пераможцы міжнародных спаборніцтваў па марафонскім бегу. У зборную рэспублікі ўключаны нашы юныя біятланісты – майстры спорту Яўген Ліпай і Максім Рудніцкі, прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў станавіліся лёгкаатлеты Яўген Вяршына, Андрэй Бурдукевіч і іншыя нашы спартсмены.

За апошнія тры гады падрыхтаваны 522 спартсмены масавых разрадаў, 43 спартсмены першага разраду, шэсць кандыдатаў у майстры спорту, два майстры спорту. Цяпер у вучылішчах алімпійскага рэзерву і спартыўных клубах Беларусі займаюцца 14 юных стаўбчан.

Развіццё масавай фізічнай культуры, актыўны адпачынак, усталяванне здаровага ладу жыцця – задачы вельмі важныя. Няхай жа наша Стаўбцоўшчына стане сапраўды спартыўнай!

Іван ВІЛЬНЯВЕЦ,намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ДЛЯ БУДУЧЫХ ПЕРАМОГ

Напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту я сустрэлася з дырэктарам Стаўбцоўскай ДЮСШ АФП Сяргеем Жуком і папрасіла яго адказаць на пытанні.

–       Як ажыццяўляецца развіццё спартыўнай школы?

–       Для паспяховай дзейнасці неабходна стварыць базу. І ў нас ідзе дынамічная работа ў плане развіцця матэрыяльнай базы ўстановы. Ажыццяўляецца першая пускавая чарга рэканструкцыі стадыёна «Юнацтва». Праводзяцца спаборніцтвы на футбольным полі, устаноўлена агароджа. Важная справа –  завяршыць будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Сёлета ў сакавіку мы заключылі дагавор з турбазай «Высокі бераг» на аказанне фізкультурна-аздараўленчых платных паслуг для арганізацыі вучэбна-трэніровачных збораў, турніраў.

–       Якія віды спорту развіваюцца ў ДЮСШ?

–       У нас вядзецца пачатковая падрыхтоўка па чатырох відах спорту: настольным тэнісе, лёгкай атлетыцы, футболе і лыжным спорце. Асноўная задача спартыўнай школы – адбор перспектыўных дзяцей для паступлення ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.

–       Якія поспехі на праведзеных спартыўных спаборніцтвах?

–       У раённай газеце аб гэтым прысутнічае пастаянная інфармацыя. Адзначу   перамогу Антона Васілеўскага на міжнародных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. Што датычыць зімовых відаў спорту, трое выхаванцаў ДЮСШ знаходзяцца ў маладзёжных зборных Беларусі. Гэта біятланісты Яўген Ліпай і Максім Рудніцкі, а таксама лыжнік Яўген Скараходаў. Хачу сказаць, што выхаванцы ДЮСШ АФП Стаўбцоўскага раёна маюць шырокі спектр магчымасцяў і перспектыў.     

Ганна НІКІЦІНА

 

ПАМЯЦІ ЮРЫЯ ПАЎЛАВІЧА АНТОНАВА

Юрый Паўлавіч Антонаў – імя, якое ўвайшло ў гісторыю спорту Стаўбцоўшчыны. Менавіта ён паспрыяў спартыўнаму станаўленню многіх маладых людзей. Працаваў настаўнікам фізкультуры ў агульнаадукацыйнай школе горада, а з пачаткам работы спартыўнай школы шмат гадоў яе ўзначальваў.

Памяці Антонава быў прысвечаны абласны турнір па футболе, праведзены на стадыёне «Юнацтва». Урачыстым было адкрыццё спаборніцтваў, у якіх прынялі ўдзел сыны Юрыя Паўлавіча Віталій і Артур. І потым разгарнулася цікавае спартыўнае дзейства.

На футбольнае поле выйшлі выхаванцы ДЮСШ са Стоўбцаў, Дзяржынска, Узды і рабяты з Наваколасава. У выніку найбольш ачкоў у турніры набрала каманда Стаўбцоўскай ДЮСШ.

Да гонару арганізатараў, яны падрыхтавалі адметныя прызы для ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў. Пераможцам і прызёрам уручаны кубкі і памятныя жэтоны. І каманду з Наваколасава, якая заняла чацвёртае месца, не  абышлі – калектыву прэзентавалі футбольныя мячы. Заахвочаны і рабяты, прызнаныя лепшымі ў сваіх амплуа. У стаўбчан гэта Аляксей Язвінскі, які стаў самым выніковым іграком,  і варатар Мікіта Юрасаў.

Між тым, на стадыёне «Юнацтва» праводзіцца цяпер новы абласны футбольны турнір для юніёраў у рамках Алімпійскіх дзён моладзі.

 

НІЧЫЯ НА «АГАРОДЗЕ»

З лікам 1:1 завяршылася сустрэча каманды «Нёман-Агра» з сапернікамі Салігорскага раёна. Вынік здабыты ў спартыўнай барацьбе, але нашы футбалісты лічаць, што маглі згуляць лепш, калі б не такая, мякка кажучы, арэна. У Старобіне на гульню з мясцовым «Аўтамабілістам» іх запрасілі на школьны стадыён. Наш стаўбцоўскі ідэальна роўны, хаця і штучны, газон у параўнанні дае падставы назваць тамашні «агародам». Няроўнае, з купінамі поле, калі цяжка  даць дакладны пас партнёру ў нападзенні, выбраць правільнае рашэнне абаронцам. Чаму ж было не правесці сустрэчу афіцыйнага рангу, на першынствj вобласці, у суседнім Салігорску? Апраўдана было пастаўлена такое пытанне кіраўніцтвам стаўбцоўскага футбольнага клуба перад абласной федэрацыяй футбола.

Як бы ні было, але ачко не здабыта, лічаць стаўбчане, а страчана. Адзінае суцяшэнне: гол, які правёў у вароты сапернікаў Дзмітрый Даўбейка, стаў пятым у сезоне на яго асабістым бамбардзірскім рахунку. Цяпер у каманды «Нёман-Агра» чатыры ачкі, столькі ж  – у згаданага старобінскага «Аўтамабіліста». А ўзначаліў турнірную табліцу ў групе «Б» ФК «Старыя Дарогі», які атрымаў перамогі ў дзвюх праведзеных сустрэчах. У групе «А» без ачковых страт ідуць каманды «Жодзіна-2007″, «Вілія» і ФК «Барысаў».

Сёння «Нёман-Агра» прымае на стадыёне «Юнацтва» ФК «Капыль».

 

КРЭДА ТРЭНЕРА

Плён трэнерскага шчыравання – у яго вучнях. І перамогі нашых юных лёгкаатлетаў на абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных спаборніцтвах можна лічыць знакам якасці работы трэнера і педагога Анатолія Турчановіча.

Анатолій Мікалаевіч з тых, пра каго кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Родам ён з Ператок, вучыўся ў Старасвержанскай школе, адметнай сваімі спартыўнымі традыцыямі. Паступіў у Беларускі інстытут фізкультуры, пасля заканчэння якога быў накіраваны ў Літвенскую сярэднюю школу. Ажывіў і там спартыўную работу. Потым праца ў горадзе, цяпер ён настаўнік фізічнага выхавання СШ № 3 г. Стоўбцы, а таксама трэнер Стаўбцоўскай ДЮСШ. Мае высокую, першую трэнерскую катэгорыю.

Галоўнае, каб ніхто з вучняў не лічыў фізкультуру другарадным прадметам, бо гэта ж, можна сказаць, навука здароўя. І настаўнік стараецца, каб урокі былі цікавымі, ажыццяўляе сучасныя метадычныя падыходы. Вышэйшая ступень  трэнерскай работы – пошук і выхаванне рабят, у якіх ёсць здольнасць і жаданне дасягнуць спартыўных вяршынь.

На слыху выхаванец, якім  Анатолій Мікалаевіч ганарыцца. У яго ж і прозвішча адпаведнае – Яўген Вяршына. Яўген выканаў нарматывы кандыдата ў майстры спорту ў бегу на спрынтарскія дыстанцыі, а таксама скачках у даўжыню. Праявіў сябе ў рэспубліканскіх спаборніцтвах і Уладзіслаў Звярынскі. Ёсць спартыўныя дасягненні ў Артура Габрыянчыка, Цімура Леанені. Сёння займаюцца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву Дзмітрый Казацкі, Антон Васілеўскі, Кірыл Луцэвіч, Кірыл Борыс, Мікіта Таўстуха.

І чаму б не ўвасобіцца запаветнай мары трэнера – каб рабяты сталі прызёрамі, пераможцамі прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. Хіба ж не вабіць кожнага спартсмена, які не шкадуе сіл для росту свайго майстэрства, самая высокая ў свеце вяршыня – алімпійская?

Ф. ФЯДОТАЎ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>