Які торт даспадобы? Стаўбцоўскі!

Filed under: Гандаль,Нумары |

Не раз даводзілася канстатаваць на старонках нашай газеты факты, калі структуры іншай формы ўласнасці «пераманьвалі» кадры з райспажыўтаварыства. На гэты раз мы маем адваротны выпадак. Ганна Шахнер, якую вы бачыце на здымку, прыйшла працаваць у кандытарскі цэх райспажыўтаварыства з Гарадзеі, маючы там вопыт работы каля 20 гадоў. Больш таго, разам з ёю на працягу пяці апошніх гадоў ездзіць на працу з Гарадзеі ў Стоўбцы ўся яе брыгада ў складзе Вольгі Пачко, Наталлі Дубовік, Людмілы Кібень. Кандытары не бачаць у гэтым ніякіх праблем: чыгуначным транспартам вельмі зручна дабірацца – некалькі прыпынкаў электрацягніка.

Кіраўніцтва аддзела грамадскага харчавання лічыць такія кадры сапраўдным шанцункам. Аб гэтым скажуць і вынікі. Ганна Шахнер як загадчыца кандытарскага цэха імкнецца быць у пастаянным пошуку новых распрацовак. Дапамагае ў гэтым і ўдзел у розных выставах. Адметна, што стаўбцоўскія кандытары едуць туды не як пабочныя сузіральнікі, а як вытворцы са сваёй адметнай прадукцыяй. На міжнародную выставу «Хлебная справа» быў прадстаўлены стаўбцоўскі каравай. Да слова тут будзе сказаць, што вялікім попытам у спажыўцоў карыстаецца велікодная выпечка кандытарскага цэха, пасхальныя кулічы. На выставу-конкурс «Ласунак-2013″ стаўбцоўскія кандытары прадставілі вялікую калекцыю тортаў з вельмі адметным упрыгажэннем і свае новыя пірагі.

Зразумела, што ў кандытарскай справе, як і ў любой іншай, патрэбна паспяваць за часам, мець пастаянныя інавацыі. І кандытарам неабходна самім развіваць сваё ўменне, прыглядвацца да вопыту іншых. Для Ганны Шахнер у гэтым плане вельмі карыснай была напрыканцы мінулага года паездка па абмене вопытам па маршруце Рыга – Стакгольм – Хельсінкі – Талін у складзе працаўнікоў Белкаапсаюза.

 – Мы пабывалі, – дзеліцца ўражаннямі Ганна Валянцінаўна, –  на хлебазаводах, хлебакамбінатах, у кандытарскіх цэхах, рэстаранах, кафэ. У Рызе, напрыклад, мы наведалі пякарню, дзе выпякаецца хлеб па старадаўніх рэцэптах. Вельмі смачны. У Фінляндыі сапраўдны культ хлеба. Хлеб у іх бездражджавы, вельмі высокай якасці. Рэалізуецца дзяржаўная праграма, дзецям з пачатковых класаў прывіваюць шаноўныя адносіны да хлеба. Сервіроўка сталоў, афармленне страў, кандытарскі дызайн – можна было ўсё сфатаграфаваць, занатаваць сабе. Вялікі інтарэс выклікалі розныя дэсерты з самых нечаканых інгрэдыентаў. Для нас гэта была сапраўдная школа, мы шмат чаго для сябе ўзялі. Паездка была карысная і тым, што ў дарозе мы мелі магчымасць абмяняцца вопытам са сваімі беларускімі калегамі.

Ганна Шахнер не адклала ў доўгую скрыню набытыя ўражанні. У кандытарскім цэху распрацаваны новыя віды пірагоў і тартоў з натуральнымі фруктовымі напаўняльнікамі, са сметанковым крэмам. Хаця прадукцыя з натуральных інгрэдыентаў і мае кароткія тэрміны рэалізацыі, але і на яе знаходзяцца пакупнікі. А ў кафэ «Забава», якое знаходзіцца пад адным дахам з кандытарскім цэхам, заўсёды можна атрымаць інфармацыю аб прадукцыі і набыць яе самую свежую – з жару.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>