Сагрэцца малітвай святой праведнай Ганны

Filed under: Лампада,Нумары |

189-ты раз старадаўні стаўбцоўскі храм адзначыў прастольнае свята. Царква асвечана ў гонар святой праведнай Ганны, якую Гасподзь выбраў з народу ізраільскага, каб менавіта яна стала маці Прасвятой Багародзіцы. Святых Іакіма і Ганну Царква імянуе богабацькамі.

Сёмага жніўня  штогод святлее не толькі на тэрыторыі храма, але і ва ўсім нашым горадзе. Святая праведная Ганна як праменьчык святла сагравае ўсіх сваёй малітвай за нас. Сонечна і радасна было і на вуліцы, і ў душах багамольцаў у гэты яркі жнівеньскі дзень.

Кожны год да прастольнай урачыстасці царква абнаўляецца. Настаяцель Свята-Аннінскага храма айцец Аляксандр Марцінчык, які 17 гадоў служыць тут, сумеў ажыццявіць шмат праектаў, што дазволілі не толькі максімальна захаваць старадаўні храм, але і абнавіць яго, асвяжыць. Нашчадкам у спадчыну –  з любоўю дагледжаная царква, намоленая прадзедамі. Сёлета, напрыклад, праводзіцца рамонт фасада, выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі, як унутры, так і за царкоўнай агароджай.

 Памаліцца ў стаўбцоўскі храм у гэты святочны дзень прыехаў епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі. Прыхаджане пастараліся арганізаваць архіпастыру дастойны прыём з жывым дываном з кветак, сваёй сардэчнасцю і прыветнасцю. Гасцінна віталі епіскапа Веніяміна і прадстаўнікі раённай улады, якія прынялі ўдзел у царкоўнай урачыстасці. У сучасны момант дзяржава і Царква аб’ядноўваюць сілы ў маральным аздараўленні нашага беларускага грамадства.

Епіскап Веніямін узначаліў святочнае богаслужэнне ў саслужэнні духавенства благачыння. Прыхаджан Стаўбцоўскага храма і багамольцаў з іншых прыходаў чакаў і такі сюрпрыз – на клірасе спяваў мужчынскі хор Усясвяцкага прыхода горада Мінска. Усё гэта надало богаслужэнню адметнасць, прыгажосць. Урачыстасць падарыла кожнаму глыбокія асабістыя перажыванні, радасць, якая натхняе і дае сілы жыць у Хрысце.

Епіскап Веніямін цёпла павіншаваў духавенства, прыхаджан і ўсіх удзельнікаў урачыстасці. На прастольную ўрачыстасць у Стоўбцы чакаўся прыезд Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Паўла Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Па нечаканых абставінах рабочы графік мітрапаліта быў зменены. Як адзначыў епіскап Веніямін, мітрапаліт Павел засмуціўся, што не прыйшлося пабыць у гэты дзень у Стоўбцах, аднак ён перадаў кліру і прыхаджанам храма свае віншаванні і благаславенне.

У гэты дзень усім удзельнікам урачыстасці жадалі следаваць жыццёваму прыкладу святых Іакіма і Ганны, якія глыбокай пакорлівасцю перад воляй Божай, вялікай хрысціянскай любоўю, гарачай малітвай да Тварца роду чалавечага ачышчалі свае сэрцы.

Напрыканцы ўрачыстасці і дзяцей, і дарослых чакалі пачастункі. Усіх удзельнікаў благаславілі іконкай святой праведнай Ганны. Айцец Аляксандр выказаў удзячнасць усім, хто парупіўся ў падрыхтоўцы ўрачыстасці – прыхаджанам, індывідуальным прадпрымальнікам, працаўнікам камунальнай службы горада, якія дапамаглі абкасіць тэрыторыю. У наступным годзе Стаўбцоўская Свята-Аннінская царква збярэ ўсіх, па волі Божай, на 190-гадовы юбілей.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>