Слова Заслаўя

Filed under: Афіцыйна,Нумары |

Мінулыя выхадныя азнаменаваліся выдатнай падзеяй у культурным жыцці краіны. У старажытным Заслаўі 21 раз прайшло Свята беларускага пісьменства. У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра, міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, міністр культуры Барыс Святлоў. На ўрачыстым адкрыцці свята прысутнічалі і прадстаўнічыя дэлегацыі з рэгіёнаў Міншчыны, у тым ліку і Стаўбцоўскага раёна.

Дзеньбеларускага пісьменства ў Заслаўі пакінуў у кожнага, каму пашчасціла там пабываць, незабыўныя ўражанні. Журналісты раённых газет вобласці, у тым ліку і супрацоўнікі «Праменя», з самай суботняй раніцы, можна сказаць, акунуліся ў атмасферу свята. Паўз цэнтральную вуліцу горада, амаль насупраць будынка гарадскога Савета, ладзілася выстава-прадстаўленне сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны. Першыя наведвальнікі спыняліся каля стэндаў рэдакцый, шмат каго цікавіла і стаўбцоўская газета. Можна было ўзяць з сабой нумары раёнак, каб даведацца аб навінах рэгіёнаў, ацаніць уменне майстроў пяра, афармленне газет. А калегі жыва абменьваліся сваімі задумамі, планамі, дзяліліся вопытам.

Непадалёку размясціўся прасторны шапік, дзе былі прадстаўлены рэспубліканскія рэдакцыі і выдавецтвы. Самай вялікай папулярнасцю карыстаўся сумесны праект газеты «СБ. Беларусь сегодня» і «Выдавецкага дома «Звязда»  «У пошуках страчанага». Вядомы публіцыст і гісторык Уладзімір Ліхадзедаў пастараўся, каб на вачах у сённяшніх карыстальнікаў шматлікіх інфармацыйных выгод разгарнулася дзейства друкавання кнігі паўтысячагоддзя таму назад. І гэта быў ужо не звыклы тэле- ці кінасюжэт, а самы сапраўдны вытворчы працэс. Нібыта сам Францыск Скарына з памочнікамі на ручным станку адціскае лісты, сфарміраваныя з цэлюлознай ці льняной здробненай масы. Перш чым друкар пачынаў сваю справу, што лічылася загадкавай, таямнічай, лісты прасушваліся. Адпаведна рыхтавалася і  форма з выразанымі літарамі і гравюрамі. І ажывала слова Бібліі!

Дарэчы, многія з жадаючых атрымалі магчымасць паспытаць радасць тагачаснага творчага працэсу. І атрымаць на памяць аналаг старонак старажытнай кнігі.

Падзеі больш блізкай па часе, у пакаленнях памятнай даўніны былі прадстаўлены на разгорнутых экспазіцыях фатаграфій, кніг, газет. Асаблівае ўражанне стварыла выстава сатырычнага баявога лістка «Раздавім фашысцкую гадзіну». Малюнкі, карыкатуры, вершаваныя радкі –  усё трапляла ў цэль, служыла справе вызвалення ад фашысцкай навалы. Звяртаю ўвагу на час выдання газеты: нумары за жнівень і верасень 1941 года, люты і сакавік 42-га, сорак трэці і сорак чацвёрты гады. Таленавіта, ярка, наступальна. Зразумела, бо рэдактарам выдання быў Кандрат Крапіва, аўтарамі знакамітыя літаратары, сярод якіх і Якуб Колас. Кнігі аб вайне – энцыклапедыі, мемуары, зборнікі дакументаў. І тут з хваляваннем перагортваеш іх, нібы старонкі і велічнага, і трагічнага летапісу.

Кніга, слова былі шырока прадстаўлены на Свяце беларускага пісьменства. Выдавецтвы прадставілі навінкі літаратуры, з якімі можна было азнаёміцца, перагартаць іх, а ў суседнім шапіку і набыць, як і разнастайныя сувеніры. Тут жа і аўтары, якія ахвотна давалі аўтографы з пажаданнямі чытачам.

А побач, на сцэне адмысловага амфітэатра, гучала слова жывое. Вершы, песні, танцавальныя нумары. Чароўная, меладычная наша беларуская мова. Гэта змаглі адчуць і госці, якія завіталі на свята з Расіі, іншых краін. Заслаўе ж побач з Мінскам. І гарадок, насельніцтва якога сувымерна з нашымі Стоўбцамі, вырас колькасна ўдвая, а можа і больш разоў.

Вуліцы Заслаўя поўніліся музыкай, вясёлымі галасамі, словамі захаплення. Выдатны сонечны дзень спрыяў агульнаму святочнаму настрою. Заклікалі, вабілі да сябе месцы, дзе ладзіліся непаўторныя экспазіцыі, выступленні фальклорных калектываў, гульнявыя атракцыёны. Даносілася атмасфера далёкіх часоў, калі было заснавана гэтае адметнае сваімі гістарычнымі асобамі паселішча. Рыцарскія турніры, майстар-класы па сярэдневяковых танцах, майстэрні, дзе кавалі на месцы маглі адладзіць рыштунак далёкіх часоў. І ўсё гэта арганічна спалучалася з жывым духам сучаснасці. Прыгожыя, вясёлыя людзі, якія гулялі па шырокай вуліцы сем’ямі, шчаслівыя ўсмешкі дзяцей.

На вуліцах горада кожны мог знайсці сабе занятак па інтарэсах, пацікавіцца вырабамі майстроў, набыць сувеніры. Але ж і любы з шапікаў быў цікавым і арыгінальна аформленым. Хаты пекараў, гаспадара, паляўнічага, рыбака… Тут дэманстраваліся вырабы, уменне і вопытных майстроў, і навучэнцаў ліцэяў, каледжаў. Не міналі ўвагай і экспазіцыі вырабаў умельцаў Стаўбцоўшчыны. Студыя майстроў народнай творчасці «Пралеска», вырабы якой прадстаўляла Аліна Халявінская, мастацкія творы драўлянай скульптуры Валерыя Чараднічэнкі – усё  гэта таксама выклікала захапленне. А на канцэртных пляцоўках дастойна прадстаўлялі спеўнае і харэаграфічнае мастацтва роднага кута Коласа народныя калектывы  «Берагіня» Стаўбцоўскай школы мастацтваў, ансамбль «Вясёлы падворак» і хор «Нёман» са Старога Свержаня, юныя мастакі  студыі  «Вясёлка» раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і «Раніца» з Шашкоў.

А пачаставацца-падсілкавацца? Калі ласка, на любы смак і густ, па прымальных цэнах. Ахвотна падыходзілі многія да палатак Стаўбцоўскага райспажыўтаварыства, дзе асабліва вабіў водар шашлыкоў. Да гонару нашых кааператараў, сваю гандлёвую кропку яны аздобілі адметна – з бюстам Якуба Коласа, факсімільнымі лісткамі рукапісаў яго вершаў, малюнкамі мясцін Наднямоння.

Кульмінацыйным момантам свята стала адкрыццё помніка заснавальніку горада князю Ізяславу. Заслаўе знаходзіцца ў шэрагу першых гарадоў Беларусі, што маюць непасрэднае дачыненне да развіцця беларускага пісьменства. І гэта дзякуючы князю Ізяславу, які ўвайшоў у гісторыю як Кніжнік. Менавіта ён, заснавальнік горада, увёў навучанне грамаце ў Полацкім княстве.

Вось ён, урачысты момант свята. Пад гукі метранома– сімвала няспыннага бегу часу – здымаецца покрыва і перад шматлікімі прысутнымі адкрываецца ўвасобленая ў скульптурным помніку постаць князя Ізяслава. У руцэ ён трымае меч абаронцы Айчыны, да грудзей прыціскае разгорнутую кнігу.

З удзелам высокіх гасцей адбылося і адкрыццё дзіцячага парку. Дзецям, безумоўна, гэта вялікая радасць – забаўляльныя атракцыёны, гульнявыя пляцоўкі. Ды і моладзь, і дарослыя сюды прыйдуць ахвотна адпачыць. Адметнасцю парку стала вялікае штучнае возера з фантанам.

Другі дзень свята быў, так бы мовіць, больш літаратурным. Узнагароджвалі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года. Прыгадалася, што ў папярэднія гады на святах беларускага пісьменства лаўрэатамі сталі нашы землякі – беларускія пісьменнікі Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Яўген Хвалей.

Заслаўе перадаў эстафету Свята беларускага пісьменства Шчучыну, дзе яно будзе ладзіцца праз год. Думаецца, што дастойна такое свята ў далейшым магла б прыняць і наша Стаўцоўшчына, радзіма народнага песняра Беларусі Якуба Коласа.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>