Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Filed under: Нумары,Раённыя навіны |

РЭХА СВЯТА: МАШЫНІСТ З АДЗНАКАЙ

Да прафесійнага свята, якое адзначылі ў мінулыя выхадныя работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці, былі ўзнагароджаны лепшыя торфабрыкетчыкі раёна.

Кіраўніцтвам дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белпалівагаз» ушанаваны двое работнікаў ААТ «ТБЗ Нёман». На ўрачыстым сходзе, які прайшоў у калектыве торфабрыкетчыкаў, Ганаровая грамата ўручана машыністу брыкетнага прэса Уладзіміру Носаву, а яго калегу – машыністу цеплавоза Віктару Рагозу –   Падзяка.

Так адзначана шматгадовая добрасумленная праца машыністаў на карысць свайго прадпрыемства, рэспубліканскага аб’яднання і нашай краіны ў цэлым. Гэта акурат той выпадак, калі вынік працы сагравае не толькі тых, каго заўважылі і адзначылі, а ўсіх нас, наша жыццё. 

 

«БУДПРАГРЭС-2014″: МАТОРНІКІ СТВАРАЮЦЬ ЗАДЗЕЛ

Філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы ўзяў удзел у міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «Будпрагрэс-2014″, якая праходзіла ў Мінску з 9 па 12 верасня.

На гэты раз у экспазіцыі стаўбцоўскіх маторабудаўнікоў быў прадстаўлены ўзор кампрэсарнай станцыі ўласнай вытворчасці прадукцыйнасцю 3,5 м3. Прадукцыя  хадавая, запатрабаваная шмат у якіх галінах народнай гаспадаркі.

– Традыцыйна падчас такіх спецыялізаваных выставак, якія мы стараемся не прапускаць, завязваюцца дзелавыя кантакты, знаходзяцца новыя партнёры і патэнцыяльныя заказчыкі. Вынік яны даюць заўсёды, нават калі  не падпісаны канкрэтны дагавор аб супрацоўніцтве. Гэта задзел на будучае, адрасная рэклама нашай прадукцыі, – заўважае начальнік аддзела збыту філіяла Віктар Круглік.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПЕРАД ЗІМОЙ: ЯК СЭКАНОМІЦЬ І НЕ ЗАМЕРЗНУЦЬ

Халаднаватыя  туманныя ранкі напамінаюць аб тым, што сырая восень і настылая зіма наступаюць.

У раёне пачаўся актыўны перыяд падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона. Пытанні на даную тэму  разгледжаны на рабочай нарадзе ў райвыканкаме пад старшынством намесніка старшыні райвыканкама  Аляксандра Цывакі.

Прадпрыемствы і арганізацыі, жыллёва-будаўнічыя кааператывы павінны ў бліжэйшы час атрымаць пашпарты гатоўнасці да ацяпляльнага сезона. Хто яшчэ  не паспеў гэта зрабіць, давалі справаздачу аб прычыне затрымкі. Нарада дала магчымасць агучыць праблемы, якія існуюць, папярэдзіць тыя сітуацыі, што здараліся ў мінулым ацяпляльным сезоне, каб яны не паўтарыліся.

Прадстаўнікі кантралюючых ведамстваў па графіку зробяць агляд усіх ацяпляльных сістэм. Пільная ўвага да сацыяльных устаноў, куды цяпло паступіць у першую чаргу.

Пытанне падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона знаходзіцца на кантролі ў райвыканкаме. Усе арганізацыі даюць справаздачу аб падрыхтоўцы да зімы. Устаноўлены апошні тэрмін атрымання пашпартоў гатоўнасці для тых, хто запазніўся іх атрымаць.

 

У НАШЫМ ГОРАДЗЕ: ОРДЭР НА САЦЫЯЛЬНУЮ КВАТЭРУ

Аддзелам жыллёва-камунальнай гаспадаркі вядзецца работа па выдзяленні сацыяльнага жылля грамадзянам, якія маюць у ім патрэбу.

Акурат ідзе засяленне 24-кватэрнага дома ў Стоўбцах па вуліцы Ленінскай, 81-а, пабудаванага РБУ і, згодна з рашэннем раённага выканаўчага камітэта, прызнанага сацыяльным. На Стаўбцоўшчыне, ды і ўвогуле ў рэспубліцы, гэта першы такі шматкватэрны дом, узведзены поўнасцю за сродкі дзяржавы.

Як адзначыла начальнік аддзела ЖКГ Таццяна Юнцэвіч, 24 кватэры (18 аднапакаёвых і шэсць двухпакаёвых) размяркоўваюцца паміж грамадзянамі, якія маюць статус дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Пакуль удасца задаволіць жыллёвую патрэбу толькі кожнага чацвёртага з іх, таму што ў чарзе тых, хто прэтэндуе на сацыяльнае жыллё, на даны момант налічваецца 85 чалавек. І гэтая чарга  будзе  расці  разам з дасягненнем паўналецця дзецьмі-сіротамі. У перспектыве плануецца будаўніцтва ў Стоўбцах яшчэ аднаго сацыяльнага дома –  на 60 кватэр.

 

У НАШЫМ ГОРАДЗЕ: ЗАМЕСТ СЦЕЖКІ – ПЕШАХОДНАЯ ДАРОЖКА

Нядаўна ў Стоўбцах з’явілася новая пешаходная дарожка – на ўчастку ад рэстарана «Турыст» і ўздоўж дзіцячага сада № 7. Уладкавана яна брыгадай аб’яднання камунальных службаў Анатоля Покі за сродкі, сабраныя жыхарамі раёна  падчас суботнікаў.

Варта сказаць, што стаўбчане даўно выказвалі просьбы аб добраўпарадкаванні гэтага прахода, што  з году ў год натоптваецца  людзьмі. У любую пару года сцежка не пуставала, таму што вяла напрасткі з мікрараёна індывідуальнай жылой забудовы, размешчанага за старой аўтамагістраллю, у шматпавярховы цэнтр Стоўбцаў. Дзеці беглі па ёй у школу. Цяпер, з сучасным  шырокім тратуарам, гэтая дарога стане больш камфортнай.

Пр

 

АКЦЫЯ: РАЗАМ У ДОБРАЙ СПРАВЕ

Падведзены вынікі акцыі «Разам у школу», якая была аб’яўлена раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Дзякуючы міласэрным людзям, хто зрабіў свае ахвяраванні,  перад вераснем была аказана дапамога 13 шматдзетным няпоўным сем’ям.

 Канцылярскія тавары прадастаўлены Цэнтрам банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г. Стоўбцы, РКЦ № 18 стаўбцоўскага філіяла ААТ «Белаграпрамбанк», ПМК-233,  УП «Мінскаблсельбуд».

Тэрытарыяльны цэнтр выказвае шчырую ўдзячнасць гэтым арганізацыям і жадае ім поспехаў.

Дзіяна РАНЦЮК, дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

 

АЗДАРАЎЛЕННЕ: УКЛАД РЭЗЕРВОВАГА ФОНДУ

У ліку 784 вучняў, якія мелі магчымасць аздаравіцца летам у дзіцячым лагеры «Нёман» аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, былі дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці-сіроты, якія засталіся без апекі бацькоў. 

95 дзяцей з такой катэгорыі аздаравіліся ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем за кошт фінансавых сродкаў рэзервовага фонду раённага выканаўчага камітэта. На гэтыя мэты было патрачана 72 мільёны рублёў.

А наогул 1060 дзяцей летам прынялі 25 аздараўленчых лагераў дзённага знаходжання.

 

ІНФАРМАТЫЗАЦЫЯ: ВУЧНЁЎСКІ ДЗЁННІК – ЭЛЕКТРОННЫ

Усе школы раёна маюць выхад у сетку інтэрнэт, працуюць сайты ўстаноў адукацыі.

Паспяхова рэалізуецца інавацыйная сістэма прадастаўлення электронных паслуг у Рубяжэвіцкай сярэдняй школе. Гэтая ўстанова адукацыі першая ў раёне ўкараніла электронны класны журнал і электронныя дзённікі. Гэта дае магчымасць бацькам быць больш актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, маючы доступ да інфармацыі з дамашняга камп’ютара.

У мінулым навучальным годзе 30 працэнтаў педагогаў прайшлі тэсціраванне і атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій.

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>