У валютную кішэню

Filed under: Нумары,Прамысловасць |

Навасвержанскі лесазавод у 2013 годзе пасля мадэрнізацыі змяніў профіль і стаў працаваць на новым абсталяванні.

Высокахуткасная фрэзерна-брусавальная лінія нямецкай вытворчасці дазваляе выпускаць прадукцыю, якая знаходзіцца ў ліку лепшых на беларускім рынку. Вытворчая лінія робіць прафіляваны паўбрус, які разганяе потым на піламатэрыялы. Яны аўтаматычна ўпакоўваюцца. Лінію, якая ў год можа перапрацаваць да 80 тысяч кубаметраў круглага лесу, абслугоўваюць усяго тры чалавекі. Прадукцыя лесазавода запатрабавана як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Прадаюцца не толькі піламатэрыялы, тэхналагічная дранка, але і апілкі – іх не спальваюць, а імкнуцца знайсці выгадны збыт. Прадпрыемства, якое яшчэ нядаўна мела велізарную запазычанасць, устала з каленяў. Аб гэтым скажа такі факт. Раней на ўчастку адгрузкі загружалі ў сярэднім у месяц дзесяць вагонаў прадукцыі. На сучасны момант адгружаюць і прымаюць каля 250 вагонаў у месяц.

Перш чым паступіць на лінію, круглы лес праходзіць сарціроўку з адначасовым акорваннем. Складзеную ў спецыяльным адсеку кару можна прыняць за груды адходаў. Аднак гэта не смецце, а каштоўнае паліва для магутнага сушыльнага комплексу, які ўвялі ў строй у мінулым годзе. Ён складаецца з сямі камер ёмістасцю 130 кубаметраў кожная. Адначасова комплекс дазваляе сушыць 910 кубаметраў прадукцыі. Кара стала выдатным палівам для беларуска-французскага катла “Камконт”. Акрамя вытворчых сушылак кацёл ацяпляе ўсе адміністрацыйныя будынкі і вытворчыя цэхі.

Калі б не было кары, у катле прыйшлося б спальваць дранку, а гэта экспартная прадукцыя, якая прыносіць прадпрыемству валютную выручку. Кара ж практычна нічога не каштуе. У цёплы перыяд года яе назапашваюць для ацяпляльнага сезона.

Вопыт работы прадпрыемства быў прадстаўлены кіраўнікам раёнаў Мінскай вобласці на выязным пасяджэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ў верасні. Дырэктар прадпрыемства Васіль Дзейчык за два гады пабудаваў новыя цэхі, сушыльныя камеры, кацельню – усё абсталяванне аб’яднана ў адзіны вытворчы працэс. Вытворчасць без перабольшвання безадходная.

Акрамя лесапілення Навасвержанскі лесазавод займаецца і нарыхтоўкай драўніны на тэрыторыі Любанскага, Старадарожскага, Уздзенскага і Слуцкага лясгасаў.

У планах па далейшым развіцці прадпрыемства – закупка аўтаматызаванай лініі перапакеціроўкі і абсталявання для аўтаматычнай падачы піламатэрыялаў на 4-баковы стругальны станок. Гэта дазволіць павялічыць выхад струганай прадукцыі на дзве тысячы кубаметраў у месяц. У бюджэт прадпрыемства штомесячна дабавіцца больш за тры мільярды рублёў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>