Акцэнты

Filed under: На сувязі - рэдакцыя,Нумары |

У МIРЫ I ЗГОДЗЕ

Міжнародны дзень міру  ў нашай школе  быў адзначаны цікавымі мерапрыемствамі, што праходзілі пад лозунгам «У міры і згодзе». 

Вучні выконвалі калектыўную творчую работу: сваімі рукамі стваралі аплікацыю, і ўсе былі настолькі ўражаныя гэтай ідэяй, што да сённяшняга часу гавораць з сябрамі, настаўнікамі, аднакласнікамі і бацькамі пра тое, як выдатна яны правялі час і чаму навучыліся.

Пабываўшы ў 2 «В» класе, я заўважыла: дзеці зразумелі тое, што старалася сваімі ўменнямі данесці да іх настаўніца Марына Леанідаўна Карніцкая. Дзецям не цярпелася выказацца, і мне было вельмі прыемна слухаць іх словы: «У суботу мы стваралі вырабы, таму, што быў Міжнародны дзень міру. На гэтым занятку мне дапамагала мама. Дзень міру – гэта вельмі важна, таму што дзякуючы міру мы ходзім у школу, праводзім святы і добра жывём! У рамках тэматычнага дня быў праведзены конкурс малюнкаў на асфальце «Няхай неба будзе чыстым», у якім прынялі ўдзел 4-7 класы.

 Ларыса Аркадзьеўна Паўлоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай працы, вельмі ясна і дакладна выказала асноўную мэту і ідэю правядзення гэтых мерапрыемстваў: «Акцыя ў нашай школе праводзілася для таго, каб далучыць дзяцей да адной, вельмі важнай, ідэі: мір на зямлі – гэта самае галоўнае!»

І сапраўды, мір – гэта самае галоўнае! Гледзячы на сітуацыю ў іншых, суседніх краінах, мы павінны разумець, што жыццё без вайны, слёз і разбурэнняў – шчасце для кожнага з нас. І для таго, каб мець гэтае шчасце, мы павінны захоўваць мір. Ствараць яго вакол сябе, робячы дабро. І калі мы будзем дзяліцца любоўю з іншымі, то гэтая наша кропелька дабрыні і цеплыні ўпрыгожыць навакольнае асяроддзе.

Кацярына ІГНАТОВІЧ, вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы

СЯБРЫ ГАЗЕТЫ: ЛЮБЯЦЬ «РАЁНКУ» Ў МЕШЫЧАХ

Мешычы, дзе працуе паштальёнам Ядвіга Кавалёва, – яе родная вёска. Дзе нарадзілася, тут і спатрэбілася. Ды яшчэ як! У кожнай хаце яе чакаюць – афармляюць падпіску на раённую газету “Прамень” і іншыя перыядычныя выданні, даюць заказы і робяць плацяжы.

Працавітая шматдзетная мама, яна карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў. З мужам яны прадалі бацькоўскую хату і купілі ў вёсцы іншы дом, большы па памерах. І, так атрымалася, што акурат на агароджы іх участка, размешчанага ў цэнтры Мешычаў, пошта калісьці прымацавала агульную паштовую скрыню для пісьмаў. Магчыма, гэтае супадзенне выпадковае, але менавіта ёй, гаспадыні дома з блакітнай скрыняй, прапанавалі  паспрабаваць сябе на ўтворанай паштальёнскай вакансіі.

Тады Ядвіга Кавалёва была якраз у адпачынку па доглядзе малодшага сына. Да “дэкрэту” доўгі час працавала зусім у іншай сферы – была санітаркай. Унікаць пачала, так бы мовіць, пакрысе, па сумяшчэнні. Даглядала свайго малыша, а ў свабодную мінуту разносіла вяскоўцам пошту. Каб моцна не нагружаць жанчыну, на той момант ёй даручылі абслугоўваць адны Мешычы. Ну, а з часам, прыгледзеўшыся да Ядвігі, прапанавалі дадаткова і Цеснавую.

З таго часу прайшло амаль дзясятак гадоў. Сын ужо пайшоў у школу. Паштовая блакітная скрыня па-ранейшаму аздабляе агароджу вялікага ўчастка Кавалёвых, плошчай у 47 сотак. 

– Да скрыні вяскоўцы мала “звяртаюцца”, – заўважае на наша пытанне Ядвіга, – усё часцей тэлефануюць мне: “Францаўна, у колькі ты едзеш на працу?” І чакаюць мяне каля сваёй брамкі, каб аддаць у рукі пісьмо, перакінуцца словам…

Летам, восенню паштальёну прасцей – у яго свой транспарт у руках, службовы веласіпед, з якім штодзённая дарога на дзясятак і больш кіламетраў не здаецца такой доўгай. А вось зімою прыходзіцца прыстасоўвацца да раскладу школьнага аўтобуса. Ядвіга едзе разам з сынам у абодва бакі (старэйшыя двое дзяцей ужо самастойныя, дачка ўзнагародзіла матулю ўнучкай) і, пакуль ён асвойвае навуку ў школе, абходзіць ад хаты да хаты вуліцы Цеснавой з важкай паштальёнскай сумкай.

Мы прыглядаемся да стоса свежых газет у руках паштальёна, з якімі яна спяшаецца да сваіх падпісчыкаў. Усе яны – чыстыя, “не распісаныя”. «Ведаю на памяць, без запісу, чыя гэта газета», – усміхаецца Ядвіга наконт свайго, фірменнага, стылю работы ў роднай вёсцы і суседняй з ёю Цеснавой. 

Такая вось цесная, нібыта ў асяроддзі сваякоў, сувязь з падпісчыкамі значна аблягчае Ядвізе Кавалёвай работу, а людзям – карысная тым, што служыць падмуркам для прыязных і даверлівых адносін увогуле да пошты. Газета ці часопіс не можа нідзе “згубіцца” ў дарозе або незнарок трапіць не ў “сваю” скрыню, любы заказ на паштовую прадукцыю ці тавар народнага спажывання будзе дастаўлены, як і газета з часопісам, своечасова і якасна, з такім настроем, ад якога святлее на душы.

На ўчастку Ядвігі Кавалёвай шмат пенсіянераў, асабліва ў Мешычах (усім ім паштальён прыносіць на дом пенсію), таму гэтыя фактары іграюць ролю выключную. Ядвіга выпісвае шмат перыёдыкі для сваёй сям’і (у першую чаргу, зразумела, раённую газету і дзіцячыя выданні), і прыклад з яе бяруць усе вяскоўцы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

УРАЖАННІ: ПА ЗАЛАХ МУЗЕЯ ВАЙНЫ

Для вучняў нашай школы была арганізавана экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Першая экспазіцыя – “Мір і вайна”. Яна дапамагае нам успрыняць маштаб народнага подзвігу ў гады вайны. Мы ўважліва слухалі экскурсавода. У экспазіцыі “Дарога вайны” мы ўбачылі ўзоры тэхнікі і ўзбраення Чырвонай Арміі – танкі, самаходную артылерыйскую ўстаноўку, баявую машыну рэактыўнай артылерыі, знакамітую “кацюшу”, легендарны Т-34.

Музей нас так уразіў, што мы хадзілі па яго залах, як заварожаныя, маўчалі і толькі слухалі.  Музей дапамагае нам пранікнуцца адказнасцю за тое, што нам, прадстаўнікам маладога пакалення, патрэбна шанаваць і дастойна працягваць слаўныя традыцыі сваіх дзядоў і прадзедаў.

Дзмітрый КОКЕЛЬ, вучань Дзераўнянскай СШ

 

ПАДАРУНАК НАМ – ПЕСНЯ

Хачу падзяліцца ўражаннямі ад канцэрта ў раённым Цэнтры культуры, які быў прыўрочаны да Дня маці. Канцэртную праграму падрыхтавала народная студыя “Арыенцір”  гэтай установы культуры.

Для многіх гледачоў у зале святочны канцэрт быў напоўнены асаблівым каларытам, таму што на сцэну выходзілі нашы дзеці і ўнукі. Канцэртную праграму адкрывала, напрыклад, мая ўнучка Аліна, якой усяго чатыры годзікі.

Мы атрымалі вялікае задавальненне, паслухаўшы нашых дзяцей і салістаў студыі, якія шмат гадоў ужо займаюцца вакалам і маюць добрыя поспехі. Вялікая справа работнікаў культуры – убачыць талент, развіць яго ў дзецях. Заняткі мастацтвам патрабуюць вялікай працы, і ад выкладчыка многае залежыць, каб не адбіць ахвоту, а наадварот, даць стымул развіваць свае задаткі. Таму многія ў зале удзячнымі словамі гаварылі пра Валерыя Малухіна і Наталлю Грынкевіч, якія прыкладваюць свае творчыя сілы для развіцця талентаў вакалістаў.

Разам з гэтымі прыемнымі яркімі ўражаннямі ў мяне, работніка культуры, застаўся асадак ад таго, што стаўбчане не спаўна скарыстоўваюць магчымасць прыйсці ў прыгожую залу, паглядзець выдатны канцэрт, адпачыць. Хіба ж жыхары райцэнтра маюць вялікі выбар, каб атрымаць задавальненне ад судакранання з мастацтвам? Зала магла б быць больш запоўненай.

Алена ЯВІД, в. Шашкі

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>