Слаўныя традыцыі і інавацыі раённага спажывецкага таварыства. Вехі станаўлення і развіцця

Filed under: Гандаль,Нумары |

У сярэдзіне лістапада 75-годдзе з дня ўтварэння адзначае адна з самых масавых і старэйшых арганізацый нашага раёна. У сферы спажывецкай кааперацыі на сучасны момант аддаюць свой прафесіяналізм больш за шэсць соцень працаўнікоў. Юбілей арганізацыі стаў нагодай задаць яе кіраўніку – старшыні праўлення Віктару Галаўко – некалькі пытанняў:

– Віктар Канстанцінавіч, якія б вам хацелася адзначыць вехі ў станаўленні і развіцці спажывецкай кааперацыі раёна?

– Калі вярнуцца да гісторыі, у далёкім ужо 1939 годзе быў створаны раённы саюз спажывецкіх таварыстваў. Да рэарганізацыі Валожынскага і Івянецкага раёнаў  ён складаўся з шасці спажывецкіх таварыстваў. Цікава нагадаць, што на той час у райспажыўтаварыстве была свая рыбалоўная брыгада на Нёмане. Большасць магазінаў працавалі на даму. У сельскіх спажывецкіх таварыствах дзейнічалі свае пякарні, пункты бытавога абслугоўвання з краўцамі, майстрамі па рамонце гадзіннікаў, цырульнікамі. У іх гаражах меліся матацыклы. Спажывецкая кааперацыя – адна з тых арганізацый, якія ў поўнай меры адчувалі любыя перамены ў грамадстве і краіне. Быў час, калі прылаўкі трашчалі ад багацця тавараў, а попыту не было. На памяці ў многіх і тыя гады, калі тавары прадавалі па талонах. Потым на змену зноў прыйшоў дастатак. Цяпер для спажывецкай кааперацыі час адметны тым, што канкурэнцыю складаюць прыватнікі, камерцыйныя структуры. У любы час, каб выжыць, трэба не драмаць, а ацэньваць сітуацыю, хутка рэагаваць на яе і ісці ўперад. Вялікім дасягненнем для галіны з’яўляецца тое, што за гады перабудовы, за пераменлівы і няпросты час мінулага стагоддзя мы сумелі захаваць сваю маёмасць, матэрыяльна-тэхнічную базу, кіраванне ведамствам. Таму кааперацыя, як і ў савецкі час, па-ранейшаму іграе вялікую ролю ў абслугоўванні сельскага насельніцтва і наогул у эканоміцы раёна. На сучасны момант у структуры райспажыўтаварыства працуюць аддзелы: арганізацыі аптовага гандлю, грамадскага харчавання, транспарту, нарыхтовак, сектар арганізацыі работы рынку, цэх хлебапячэння, будаўнічы. Ажыццяўляюць дзейнасць унітарнае прадпрыемства “Стаўбцоўскі кааппрамгандаль” і чатыры рознічныя гандлёвыя ўчасткі. Гандлёвае  абслугоўванне 40,5 тысячы жыхароў раёна забяспечваецца праз 95 гандлёвых аб’ектаў, 69 з якіх размешчаны ў сельскай мясцовасці. 14 магазінаў знаходзяцца ў вёсках, у якіх пражываюць менш за 100 чалавек.

– Гісторыю любога прадпрыемства складаюць людзі. Сёння ў раёне, напэўна, большасць сем’яў, члены якіх у розных пакаленнях былі звязаны з прафесійнай дзейнасцю на прадпрыемствах спажывецкай кааперацыі.

– Магу з гэтым пагадзіцца. На сучасны момант няпростыя задачы па развіцці спажывецкай кааперацыі ўскладзены на 630 працаўнікоў на розных участках. Ва ўсіх сучасных дасягненнях ёсць вялікі ўклад тых, хто стаяў ля яе вытокаў. У першую чаргу патрэбна назваць кіраўнікоў шматгаліновай сістэмы спажывецкай кааперацыі. Пасля вызвалення Стаўбцоўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў страшынёю праўлення быў Уладзімір Іванавіч Мялешкін. Шмат зрабілі для станаўлення галіны Леанід Давыдавіч Вайнер, Мікалай Мікалаевіч Курылаў, Уладзімір Сцяпанавіч Рудзік. Каля 30 гадоў флагманскі карабель спажывецкай кааперацыі вёў Уладзімір Іванавіч Урублеўскі. У няпростыя для кааперацыі дзевяностыя гады старшынёю праўлення быў Сяргей Аляксандравіч Лапко. Старэйшынамі спажывецкай кааперацыі раёна мы называем Галіну Вялічка, Людмілу Чыкіда, Маргарыту Казлоўскую, Станіславу Шыбко, якія захавалі вернасць свайму прафесійнаму выбару і вось ужо на працягу 40 і больш гадоў працуюць на кааператыўнай ніве. Звыш 35 гадоў складае працоўны стаж у Людмiлы Мачульскай,Таццяны Ахраменка, Ларысы Ажгірэвіч, Таццяны Машчыц,Тамары Рубін, Людмілы Уласік, Людмiлы Курыла, Валянціны Пацяйковіч, Ганны Гардзеевай, Лідзіі Далідовіч, Тамары Трацяк,Тэрэзы Кавалеўскай. Тры дзесяцігоддзі аддаюць прафесіяналізм любімай справе 35 працаўнікоў, у ліку якіх Наталля Фенька, Людміла Рудакоўская, Ганна Дземідовіч, Рамуальда Поклад, Сяргей Драздоў, Галіна Бадзей, Тэрэза Рыдлінская, Вольга Канкаловiч, Марына Русаковіч, Марыя Шакель, Ганна Лянцэвіч, Валянціна Шкляр, Марына Шуцько. Не навічкі ў сістэме спажывецкай кааперацыі Галiна Вярцянкiна, Галіна Скорбеж, Галіна Душэўская, Алена Бабіч, Святлана Майзель, стаж работы якіх складае звыш 25 гадоў. Спіс працаўнікоў, хто ўносіць свой важкі ўклад у выкананне няпростых вытворчых задач, можна працягваць. Усім работнікам спажывецкай кааперацыі выказваю вялікую ўдзячнасць за працу, за разуменне, за ўменне пераадольваць цяжкасці і дабівацца вынікаў. Галоўная наша задача – не страціць эканамічныя пазіцыі і стабільнасць, якія былі заваяваны працай кожнага з нас у апошнія гады.

На здымках: старшыня праўлення Віктар Галаўко; бухгалтары: Святлана Дземідовіч, Тамара Азарко, Ганна Дземідовіч, Ларыса Ажгірэвіч, Наталля Хвалей, Алена Волк; галоўны бухгалтар Галіна Вярцянкіна, намеснік галоўнага бухгалтара Людміла Мачульская і намеснік старшыні праўлення па кадрах Галіна Душэўская; начальнік участка Вішнявец Алена Скараходава і начальнік участка Стоўбцы Святлана Майзель; начальнік планава-эканамічнага аддзела Галіна Скорбеж.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>