З нагоды юбілею

Filed under: Гандаль,Нумары |

НА ФОНЕ ВОБЛАСЦІ І РЭСПУБЛІКІ

Вялікай адметнасцю дзейнасці райспажыўтаварыства за апошнія пяць гадоў з’яўляецца мэтанакіраваная работа па абнаўленні кааператыўнай гаспадаркі і развіцця ўсіх галін. Мадэрнізацыя аб’ектаў, рамонты, рэканструкцыі, перавод гандлёвых аб’ектаў на самаабслугоўванне, устаноўка сучаснага гандлёва-тэхналагічнага абсталявання дапамагаюць выходзіць на высокія рубяжы і замацоўваць свае пазіцыі ў сегменце рынку тавараў і паслуг. За апошня пяць гадоў на ўмацаванне тэхнічнай базы накіравана каля дзевяці мільярдаў рублёў інвестыцый.  Стаўбцоўскае райспажыўтаварыства трымае лідарства ў вобласці па адкрыцці гандлёвых аб’ектаў з элементамі франчайзінгу. Дзейнічаюць чатыры такія магазіны. Эфектыўнасць гэтых мер відавочная: за 10 месяцаў бягучага года стаўбцоўскае райспажыўтаварыства займае другое месца ў Мінскім аблспажыўтаварыстве па тэмпах росту рознічнага тавараабароту. Праз рознічную сетку з пачатку бягучага года рэалізавана тавараў насельніцтву на суму 173 мільярды рублёў.

АДКУЛЬ ПАЧЫНАЕ ШЛЯХ ТАВАР

Гандлёва-размеркавальныя склады бяруць на сябе ўсю адказнасць за забеспячэнне эфектыўнай работы гандлёвых прадпрыемстваў. Кожны дзень яны трымаюць сувязь з пастаўшчыкамі, фарміруюць заяўкі, адпраўляюць машыны, прымаюць тавар, адгружаюць яго, сочаць за выкананнем заявак магазінаў, вядуць усю дакументацыю – бесперапынны працэс. Нярэдка ўзнікаюць сітуацыі, калі даводзіцца дзеля справы ахвяраваць сваім вольным часам. Калектыў лічыцца адным з самых стабільных у райспажыўтаварыстве. Яго складаюць таваразнаўцы, эканамісты, аператары, вадзіцелі-прадаўцы аўтамагазінаў, грузчыкі – усе яны працуюць у адзінай звязцы. Узначальвае калектыў вопытны спецыяліст з 30-гадовым стажам Алена Яржэмская. Залаты фонд спажывецкай кааперацыі такія кадры як  кладаўшчыкі Софія Адамовіч, Марыя Бычко, Галіна Зубрыцкая, Ірына Дземідовіч, Святлана Шыш, стаж работы якіх у спажывецкай кааперацыі складае больш за 40 гадоў. У гэтым спісе «старажылаў» арганізацыі вядучыя  таваразнаўцы Галіна Міткевіч, Вольга Бохан, аператар дыспетчарскай службы Валянціна Доўнар і іншыя. На слыху імя вадзіцеля-прадаўца аўтамагазіна Міхаіла Шастака. Сярод сямі аўтамагазінаў (а летам – васьмі) ён забяспечвае самы высокі паказчык па тавараабароце – у сярэднім 300 мільёнаў рублёў у месяц. Тры разы на тыдзень па графіку Міхаіл Іванавіч наведваецца да сваіх пакупнікоў, якіх ведае ў твар, – у Атцэду, Кучкуны, Ініцу, Цвіркі, Кругліцу, Хутар Барок, Тулёнку. Усяго на яго маршруце 29 вёсак. Глядзіш на гэтага абаяльнага чалавека і ніколькі не сумняваешся, што ён любіць сваю работу і тых, каго абслугоўвае.

ТАМ, ДЗЕ ПЯЧЭЦЦА ХЛЕБ

Нялёгкі час перажывае цэх хлебапячэння, які можа выпякаць хлеба больш, чым складаюць яго сённяшнія аб’ёмы. Выцясняюць жа мясцовыя ”кірпічыкі” розныя сарты хлеба з мінскіх заводаў і суседніх раёнаў. Аднак тыя пакупнікі, хто аддае перавагу  “здаровым” прадуктам  без араматызатараў, напаўняльнікаў,  узмацняльнікаў смаку, па-ранейшаму ідуць па стаўбцоўскі сапраўдны хлеб. Да  хлебапёкаў заўсёды былі паважлівыя адносіны.  Незаменныя майстры з 30-гадовым стажам Таццяна Стула, Ганна Гардзеева, укладчык хлебабулачных вырабаў Ганна Лянцэвіч, качагар вытворчых печаў Алена Астроўская, кладаўшчыца Валянціна Зарубіна, машыніст цестамясільных машын Марына Кордан, кантралёр Тамара Гурыновіч. Больш за 20 гадоў працуюць кладаўшчык Лілія Гацура, слесар-рамонтнік Віктар Стома, машыніст цестамясільных машын Валянціна Шкляр. Прадстаўнік маладога пакалення ў калектыве прачка Таццяна Дзяргай, якая мае клопат мыць спецадзенне пекараў і іншых працаўнікоў цэха. Для падтрымання парадку і добрага працоўнага настрою яе праца незаменная. Узначальвае калектыў цэха ініцыятыўны і высокакваліфікаваны спецыяліст Аляксандр Парфімовіч.

ПРЫЙШЛА МАДЭРНІЗАЦЫЯ І ДА НАРЫХТОЎШЧЫКАЎ

Кладаўшчыца Ала Мацюшкова знаёміць з новымі складамі з праграмным забеспячэннем для захоўвання гародніны. Тры склады зманціравалі ў мінулым годзе. Сёлета, таксама за кошт уласных сродкаў, запушчана яшчэ адна такая камера для захоўвання яблыкаў. У складах падтрымліваецца патрэбны тэмпературны рэжым. Прадукцыя ў выдатным выглядзе дастаўляецца ў магазіны горада,  раёна, закрытыя ўстановы, частка яе рэалізуецца на выязных кірмашах у Мінску і іншых гарадах. На тэрыторыі гандлёва-размеркавальных складоў працуе халадзільная камера шокавай замарозкі, дзе захоўваюцца цяпер чарніцы для далейшай іх выгаднай рэалізацыі на экспарт.

Нядрэнныя тэмпы адносна мінулага года ў аддзеле нарыхтовак, які ўзначальвае Ірына Тулейка. Павялічыліся закупкі сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны ў насельніцтва. 

Сярод мадэрнізаваных аб’ектаў аддзела нарыхтовак – капітальны рамонт бойні, якая ўяўляе цяпер сучаснае прадпрыемства, што адпавядае ўсім патрабаванням і санітарным нормам.

З добрымі вынікамі працуе сектар рынку, які ўзначальвае Святлана Чэмка. Развіваюцца нетрадыцыйныя віды дзейнасці. Напрыклад, працуюць дзве цырульні ў горадзе, якія маюць добрую рэпутацыю сярод кліентаў.

“ЗАБОТА” – ЛІДАР ПА ТАВАРААБАРОЦЕ

Сярод гандлёвых аб’ектаў райспажыўтаварыства, якія аснашчаны па сучасных тэхналогіях, – магазін  “Забота”. Калектыў забяспечвае самы высокі тавараабарот –  у сярэднім у месяц ён складае больш за мільярд. Гэтаму магазіну не  перашкаджае канкурэнцыя  прыватных крам і кафэ, якія знаходзяцца ў адным гандлёвым радзе. У магазіне пастаянныя пакупнікі медыцынскія работнікі цэнтральнай раённай бальніцы, якая размешчана насупраць, пацыенты і многія з гараджан новага мікрараёна райцэнтра.  Узначальвае калектыў прадавец з 28-гадовым стажам Аліна Садоўская.  З 1966 года на розных пасадах працуе ў райспажыўтаварыстве Данута Бурдукевіч. Цяпер яна – упакоўшчыца тавару ў магазіне “Забота”. Больш за 10 гадоў складае стаж лепшага ў сістэме спажывецкай кааперацыі прадаўца Таццяны Жыткоўскай.  У Таццяны Кутас толькі пачынаецца працоўная біяграфія. Яны выдатна ўлілася ў гэты дружны калектыў, кожны з працаўнікоў якога заслугоўвае добрых слоў.

СТОЎБЦЫ ПРЫМАЮЦЬ КАНКУРСАНТАК

У час падрыхтоўкі юбілейнай урачыстасці працаўнікі ведамаснага кандытарскага цэха былі ў чаканні яшчэ адной значнай падзеі – 30-га абласнога конкурсу кандытараў і павароў, месцам правядзення якога вызначаны Стоўбцы. Кандытарскі цэх райспажыўтаварыства  ўзначальвае спецыяліст са званнем майстар-кандытар  Ганна Шахнер. Ганна Валянцінаўна гаворыць, што склаўся выдатны калектыў кандытараў. Яна ж прыязджае на працу з Гарадзеі, таму што вельмі даражыць гэтым складам спецыялістаў. Прадстаўляць Стаўбцоўшчыну на конкурсе будзе майстар шостага разраду Валянціна Кучынская. Яна са сваімі калегамі   любяць сваю работу, якая чакае творчасці ад кожнага кандытара. Ацаніць выпечку «з парай» можна ў дзіцячым кафэ “Забава”, якое раздзяляе з цэхам сцяна. Абслугоўваюць наведвальнікаў бармены Валянціна Гранкоўская і  Наталля Віцько, якія маюць вялікі стаж работы. Наталля Віцько, напрыклад, пачынала працу ў райспажыўтаварыстве, затым перайшла ў прыватнае кафэ, а цяпер вось зноў вярнулася ў калектыў спажывецкай кааперацыі. І гэта не адзінкавы факт вяртання назад спецыялістаў.

Наогул, аддзел грамадскага харчавання, які ўзначальвае Жанна Галаўко, апошнім часам увёў нямала навінак. Набылі абсталяванне і ўкаранілі сучасную тэхналогію шокавага ахалоджвання і замарозкі гатовых страў і паўфабрыкатаў. Свежапрыгатаваныя салаты, катлеты, галубцы, блінчыкі з начынкай і іншыя стравы замарожваюцца і пры гэтым захоўваюцца ўсе вітаміны і нават пах.  Дастаткова толькі разагрэць гэты прадукт у мікрахвалевай печы.

У рэстаране “Нёман” працуе ўчастак па раздзелцы мяса птушкі, наборы для любых страў можна набыць у кулінарыі. Вялікую частку тавару, які рэалізуецца ў гандлёвых кропках грамадскага харчавання, складае прадукцыя ўласнай вытворчасці.

 “НОГІ” ГАЛІНЫ

Ведамасную аўтабазу, якую ўзначальвае Алег Ждановіч, нездарма называюць «нагамі» спажывецкай кааперацыі. Кожны дзень адпраўляюцца па вызначаных маршрутах спецыяльныя машыны, у кожнай з якіх свой адрас і свая задача. Аўтабаза паспяхова асвойвае і іншыя нішы. Напрыклад, аказвае паслугі шынамантажу, платнай стаянкі, транспартныя, абкошванне тэрыторый насельніцтву. Гэта – дадатковая крыніца даходаў.

З НАКІРУНКАМ НА ІНАВАЦЫІ       

Шматпрофільная сістэма спажывецкай кааперацыі мае іншыя ўчасткі для ажыццяўлення дзейнасці. Вялікі аб’ём работ праводзіцца ведамаснай будаўнічай брыгадай. Лакаматывам усёй спажывецкай кааперацыi з’яўляецца  гандаль,  работу якога ўзначальвае галоўны таваразнаўца райспажыўсаюза  Ганна  Гарэлiк. Пад яе кiраўнiцтвам працуюць  начальнiкi  рознiчных  гандлёвых  участкаў  Святлана Майзель, Алена Сянкевiч, Алена Скараходава, Марына Нiкалаенка. На вагу золата – добрыя прадаўцы ў гарадскіх і сельскіх магазінах, для каго работа за прылаўкам  – прызванне: Ала Рамашка, Жанна Кутас, Алена Трасцянка, Таццяна Турчановiч, Валянцiна Шыбiцкая, Ала Вярбiцкая, Часлава Гаптар, Людмiла Каштальян, Святлана Копач, Ганна Лiпнiцкая, Данута Найдзён, Марына Навiцкая, Алена Курневiч, Cвятлана Лапко, Алена Свекатун, Таццяна Скорбеж, Алiна  Цяўлоўская, Марына Курыла. Спіс выдатных спецыялістаў можна прадаўжаць, многія з іх атрымаюць узнагароды і адзнакі на ўрачыстасці з нагоды 75-гадовага юбілею арганізацыі. Свята дасць магчымасць адчуць сябе дружным калектывам, члены якога жывуць адной сям’ёй, і стане адпраўным пунктам для далейшага развіцця спажывецкай кааперацыі, ад якой час патрабуе быць у пастаянным пошуку інавацыйных рашэнняў, каб дастойна выконваць ускладзеную на яе місію.

На здымках: працаўнікі гандлёва-размеркавальных складоў: вядучы таваразнаўца Галіна Міткевіч, аператар Валянціна Доўнар, кладаўшчыкі Софія Адамовіч, Галіна Зубрыцкая, начальнік аддзела арганізацыі аптовага гандлю Алена Яржэмская, кладаўшчыкі Ірына Дземідовіч, Марыя Бычко; загадчыца кандытарскага цэха Ганна Шахнер, кандытары Валянціна Кучынская, Вольга Гузач,  Марыя Вялічка і Аксана Каваленка; калектыў магазіна “Забота”:   упакоўшчыца Данута Тамашэвіч, загадчыца Аліна Садоўская, прадаўцы Таццяна Кутас і Таццяна Жыткоўская; кладаўшчыца аддзела нарыхтовак Ала Мацюшкова; вадзіцель-прадавец Міхаіл Шастак; кладаўшчыкі цэха хлебапячэння Лілія Гацура і Святлана Навіцкая; прачка цэха хлебапячэння Таццяна Дзяргай; грузчыкі гандлёва-размеркаваных складоў Леанід Лукашонак і Аляксандр Босы.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>