Каласавіны. «Здаецца, што зараз Колас адгукнецца»

Filed under: Культура,Нумары |

Гэты радок з верша Алеся Камароўскага можна паставіць эпіграфам да ХХІХ  рэспубліканскага літаратурнага свята “Каласавіны”, прысвечанага 123-й гадавіне з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Яно прайшло ў родных мясцінах песняра ў нас на Стаўбцоўшчыне.

Сонечнае камфортнае надвор’е пачатку лістапада спрыяла таму, каб удзельнікі імпрэзы пахадзілі па маляўнічых сядзібах філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, адчулі тую маляўнічасць і непаўторнасць  краявідаў, якія натхнялі некалі на лірычныя радкі Якуба Коласа.

Прадстаўляючы шаноўную публіку з Мінска, хто прыехаў ушанаваць памяць песняра, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская назвала ўдзельнікаў ХІХ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Якуб Колас. Урокі  гісторыі”, якая прайшла ў музеі. У ёй бралі ўдзел 50 навукоўцаў і літаратараў, якія выступілі з цікавымі дакладамі. Традыцыйная лістападаўская навуковая канферэнцыя ў гэтым годзе была прысвечана 100-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны, 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 55-годдзю адкрыцця Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. 27 гадоў нязменна музей узначальвае Зінаіда Камароўская, таксама ўраджэнка Стаўбцоўшчыны, якая шмат зрабіла  па захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны народнага паэта.

У складзе шаноўных гасцей былі: намеснік старшыні рэспубліканскай рады па пытаннях культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, беларускі пісьменнік Анатоль Бутэвіч; прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар філалагічных навук, пляменніца пісьменніка Алеся Адамовіча Галіна Адамовіч; дацэнт кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Таццяна Мельнікава, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук Міхась Кенька. Не першы год у літаратурным свяце “Каласавіны” бярэ ўдзел Эльвіра Калашнікава – вучоны сакратар Літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых з горада Аляксандрава Расійскай Федэрацыі. Эльвіра Барысаўна вельмі прыгожа, лірычна, з цытаваннем верша Марыны Цвятаевай выступіла ў Мікалаеўшчыне падчас ускладання кветак ля помніка песняру перад вучнямі, настаўнікамі Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы імя Якуба Коласа і ўсімі прысутнымі. У гэты свой прыезд Эльвіра Калашнікава прывезла і падарыла музею дакументальны фільм “Новы Мінск”, каштоўны тым, што там ёсць кадры з Якубам Коласам. Такім жа разумным, інтэлектуальна прыгожым, глыбокім і прачулым было выступленне Галіны Адамовіч. Свой дар дэкламатара прадэманстраваў зямляк Якуба Коласа беларускі паэт Алесь Камароўскі, які прачытаў вершы, прысвечаныя народнаму песняру. Алесь Адамавіч стаяў ля вытокаў стварэння гуртка юных ліатаратараў “Маладыя каласкі” ў Мікалаеўшчынскай СШ, які дзейнічае і цяпер. Слова мелі Анатоль Бутэвіч, Міхась Кенька, а таксама мясцовыя стаўбцоўскія паэты Яўген Карпуць і Алена Маскевіч. Многія вершы Яўгена Карпуця, прысвечаныя  Якубу Коласу, увойдуць у зборнік, які рыхтуецца Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем.

У праграме літаратурнага свята была пасадка памятных дубкоў у скверы “Дрэва жыцця”  на мемарыяльнай сядзібе ў Смольні. Акрамя таго, да тых дрэўцаў, якія былі пасаджаны раней, народны мастак Сяргей Кляшчук падрыхтаваў 10 мемарыяльных таблічак. Яны ўстаноўлены ля дрэў, пасаджаных у гонар Якуба Коласа, Аляксандра Пушкіна, прападобнай Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Янкі Брыля, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Міхася Чарота,  Анатоля Грэкава, былога загадчыка аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама, ініцыятара адкрыцця  сквера “Дрэва жыцця” ў гонар славутых імён Бацькаўшчыны. Будуць выраблены і ўстаноўлены мемарыяльныя таблічкі і да ўсіх астатніх пасаджаных дрэўцаў, якія з’яўляюцца жывой памяццю пра людзей, што пакінулі свой яркі адметны след у асветніцкай дзейнасці. Аўтарам мемарыяльнага знака ў гэтым скверы памяці таксама з’яўляецца мастак Сяргей Кляшчук. Акрамя таго, у кампазіцыі драўляных скульптур на мемарыяльных сядзібах “Шлях Коласа”  знаходзяцца пяць работ Сяргея Клешчука. Яны былі выкананы 25 гадоў назад на пленэры разьбяроў Беларусі, які прайшоў у коласаўскіх мясцінах.

Каларыт літаратурнаму святу ўдала стваралі і выступленні фальклорных гуртоў Стаўбцоўшчны, якія сустракалі ўдзельнікаў літаратурнага свята на ўсіх мемарыяльных сядзібах, – вакальнага ансамбля “Квецень” раённага Цэнтра культуры, вакальнага ансамбля “Дольніца” Горкаўскага дома культуры, народнага фальклорнага калектыву “Коласавы землякі” Любкаўшчынскага дома культуры, народнага тэатра “Гавязнянка” Вішнявецкага дома культуры, народнай студыі выяўленчага мастацтва “Раніца” Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў, народнага клуба майстроў народнай творчасці “Пралеска” раённага Цэнтра культуры. Вось і сапраўды, гэтыя таленты – працяг Коласа ў новых пакаленнях.

А наконт літаратурнага свята, якое нязменна адбываецца кожны год у лістападзе, хочацца сказаць думкамі ўдзельнікаў гэтай імпрэзы, якія рабілі акцэнты на тым, што вельмі важна захоўваць гэтыя повязь часу і чалавечыя сувязі. Чырвоным радком ва ўсіх выступленнях гучаў зварот да Коласавых землякоў памятаць, адкуль іх карані, ганарыцца тым, што яны з мясцін, дзе нарадзіўся волат літаратурнага слова Якуб Колас, прыгажосць паэзіі якога будуць адкрываць для сябе новыя і новыя пакаленні. Яна як глыбокі калодзеж з крынічнай вадою жывога роднага слова.  Ніколі не састарэюць Коласавы радкі  – “Мой родны кут, як ты мне мілы!”.

На здымках: хлеб-соль прымаюць Зінаіда Камароўская і Анатоль Бутэвіч; мастак Сяргей Кляшчук ля сваёй разной работы; нашчадкі Коласа; жывы інтарэс да падзеі маюць Алена Маскевіч і Алесь Камароўскі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота аўтара

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>