Завяшчаць або падарыць?

Filed under: Нумары,Прававы лекторый |

У рамках рэспубліканскай акцыі «Права на службу людзям», якая ставіць мэтай удасканаленне прававой работы з насельніцтвам, развіццё сістэмы прававой асветы, забеспячэнне даступнасці прававой інфармацыі, фарміраванне высокага ўзроўню прававой культуры, мы звярнуліся да загадчыцы раённай натарыяльнай канторы Тамары Галаўко з просьбай атрымаць кампетэнтную інфармацыю на пытанне нашых чытачоў. Размова пойдзе пра завяшчанне і дагавор дарэння.

– Тамара Фёдараўна, патлумачце, што ўяўляюць сабою два гэтыя натарыяльныя дзеянні?

– Яны розныя па сваіх прававых наступствах, хоць на першы погляд у абодвух выпадках у свой час права ўласнасці пераходзіць ад аднаго чалавека другому.

Завяшчанне –  гэта распараджэнне грамадзяніна адносна маёмасці, што яму належыць, на выпадак яго смерці. Складаецца завяшчанне ў пісьмовай форме, строга асабіста і толькі ад імя аднаго чалавека. Яно абавязкова павінна быць засведчана натарыусам. «Дамашняе» або вуснае завяшчанне з’яўляецца несапраўдным. Завяшчанне можа быць напісана самім завяшчальнікам або запісана з яго слоў  натарыусам у прысутнасці сведкі. 

Завяшчальнік мае права распарадзіцца сваёй маёмасцю паводле ўласнага меркавання. І ў той жа час, ён не мае права пазбавіць спадчыны тых спадчыннікаў, якіх закон забяспечвае абавязковай доляй: непаўналетніх або непрацаздольных на момант адкрыцця спадчыны дзяцей спадчынадаўца, непрацаздольных мужа або жонкі і бацькоў.  Да таго ж, у незалежнасці ад складу завяшчання муж  або жонка, якія перажылі завяшчальніка, маюць права ўласнасці на частку сумесна нажытай у шлюбе маёмасці.

Завяшчальнік мае права ў любы час адмяніць або змяніць сваё завяшчанне,  нікому не паведамляючы аб гэтым,  зрабіць гэта самастойна. Змяняецца або адмяняецца завяшчанне шляхам засведчання новага, або знішчэння ўсіх яго экзэмпляраў завяшчальнікам, ці па яго распараджэнні натарыусам.

У завяшчальніка можа быць маёмасць, якая не ўказана ў завяшчанні. Яна наследуецца згодна з законам, у тым ліку спадчыннікамі, якія не ўпамянуты ў завяшчанні, у роўных долях.

Пры дарэнні маёмасць перадаецца ва ўласнасць таго, каму яе дораць, дармова. Дагавор дарэння нерухомай маёмасці заключаецца ў пісьмовай форме і падлягае абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі. Іншая маёмасць можа быць падорана з выкарыстаннем вуснай формы дагавору, акрамя выпадку, калі дагавор утрымлівае абяцанне дарэння ў будучым. Не дапускаецца дарэнне, за выключэннем звычайных падарункаў невялікага кошту ад імя непаўналетніх і грамадзян, якія прызнаны недзеяздольнымі, іх законнымі прадстаўнікамі.   

– А што адрознівае  завяшчанне ад дагавору дарэння?

– Права на маёмасць паводле завяшчання нашчадкі набываюць толькі пасля смерці завяшчальніка. Права ж уласнасці на падораную нерухомую маёмасць узнікае ў таго, каму яе дораць, з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі дагавору і заснаванага на ім права ў органах дзяржаўнай рэгістрацыі.

У адрозненне ад завяшчання, дагавор дарэння можа заключыць і прадстаўнік. А таксама пры засведчанні дагавору дарэння, натарыус патрабуе дакументы, якія пацвярджаюць прыналежнасць маёмасці таму, хто яе дорыць, і іншыя дакументы, а падчас складання завяшчання гэтага не патрабуецца.

– Як бачна з вышэйсказанага, у завяшчання і ў дагавору дарэння ёсць свае асаблівасці.

– Таму, калі вы жадаеце да дня смерці заставацца ўласнікам сваёй маёмасці, то вам неабходна скласці завяшчанне. Калі ж вы гатовы перастаць быць уласнікам, то можна засведчыць дагавор дарэння.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА

РУБРЫКІ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>